У адной з папак майго камп'ютара ўжо колькі год захоўваецца вялікі матэрыял, які я з удзячнасцю прыняла ад Жаны Яўгенаўны і Ганны Ануфрыеўны Гіруць з гарадскога пасёлка Юрацішкі. Маці з дачкой жывуць у адной з кватэр таго вялікага дома, што старэйшыя людзі называлі рэйхстагам, а яшчэ больш старыя ведалі нават і былых гаспадароў, апошніх з роду Радкевічаў. Менавіта ў Гіруцяў захоўваліся гэтыя матэрыялы з нагоды таго, што аднойчы ля дома з'явіліся госці - нашчадкі ўладароў гэтага будынка, былога маёнтка і навакольных зямель. І Гіруці запрасілі іх да сябе, пачаставалі з дарогі, прывецілі, дазволілі прайсці па кватэры, успомніць былое, дакрануцца да родных сцен і паглядзець (як у далекім дзяцінстве і юнацтве) у акно, за якім пачынаўся свет, уявіць, як некалі павядзе ад гэтага дома сцяжынка, а потым дарога ў яго абшары. Дарогі павялі і сапраўды. Але не ўсё яны былі шырокімі і шчаслівымі…
Матэрыялы гэтыя напісаны на польскай мове Тарэсай Радкевіч. Гэта грунтоўны радавод. Унучка іўяўчанкі Антаніны Баляславаўны Аляхновіч, разумная і прыгожая дзяўчына Кацярына Кот, зрабіла рэдакцыі пераклад на рускую мову.
Затым мне пашчасціла сустрэцца з адным з нашчадкаў роду уладароў Юрацішак - урачом-стаматолагам з Варшавы панам Вітальдам Іванчэўскім, які разам з кузэнам Вітольдам Радкевічам - доктарам філасофіі штогод прыязджае, як кажуць, на "родныя магілы", якія раскіданы па пагостах раёна і за якімі яны даглядаюць.
Мы пагутарылі, але я, разумеючы польскую мову праз слова, не змагла намаляваць у сваім уяўленні карціну артыкула. Усё хацелася яшчэ адной сустрэчы, аднак яна не здарылася. А ў душы ўсё карціць тэма і адчуванне віны, што нічога так і не напісана. І напісаць даследаванне немагчыма. Патрэбна шмат часу, якога ў раённых журналістаў надзвычай бракуе. Няма асаблівых дадзеных. Таму вельмі адказна. Пан Вітальд крыху абураўся адносна таго, што было шмат недакладнасцей у матэрыяле на гэтую тэму, які друкаваўся ў нашай газеце шмат гадоў назад.
Аднак, галоўнае, мне здаецца, я зразумела. І мой аповед прагучыць не як даследаванне, а як мастацкі пераказ чалавечых пачуццяў да радзімы, да сваёй сям'і, да сваёй сутнасці і прызначэння ў гэтым жыцці.
Праз стагоддзі прадстаўнікі роду Радкевічаў і Ахматовічаў адчуваюць сваю повязь з Радзімай, імкнуцца не страціць каранёў сваіх, не аддаць небыццю магілы на беларускіх пагостах: у Лаздунах, Юрацішках, на мізары (мусульманскія могілкі) у Ашмянскім раёне. Пан Вітальд Іванчэўскі з братам не трацяць надзеі, што знойдзецца і месца апошняга прытулку прапрадзеда Гедыміна-Проспера Радкевіча - аднаго з тых, хто жыў пад гербам "Побуг". Хутчэй за ўсё, як лічыць варшаўскі стаматолаг, яго пахавалі ў Лаздунах…
Памерлых Радкевічаў і Ахматовічаў хавалі на хрысціянскіх могілках, на татарскіх мізарах… Дык хто ж яны: татары, беларусы, палякі? Я задала гэтае пытанне свайму субяседніку, а ён адказаў мне словамі свайго дзядулі, у якога яны таксама спрабавалі атрымаць адказ на гэтае ж пытанне: "Мы - ліцвіны”.
У адказе гучаў гонар за тую, такую далёкую, страчаную ў туманах стагоддзяў Радзіму, якая на генным узроўні жыве ў душах гэтых людзей.
Калісьці ў дзяцінстве ён ведаў сваю цётку ўрачаТарэсу Ахматовіч (1931-2010гг. ), якая пісала радавод. Але потым яны жылі далёка адзін ад другога. Моцнай сувязі з усімі сваякамі ў Вітальда Іванчэўскага не было. Жыццё раскідала нашчадкаў Радкевічаў-Ахматовічаў па свеце. Як ён кажа, адзін - прафесар Гарварда, другі - просты селянін…
Ён вырашыў нейкім чынам гэты прабел выправіць. І пачаў збіраць адзін вялікі сямейны альбом. Пачаў з трох рарытэтных фотаздымкаў. Здымкі знаходзіў у сваякоў, да якіх адпраўляўся часам у далёкую дарогу, рабіў копіі… За кожным здымкам была гісторыя жыцця, радасці і смутку, поспехаў у імя жыцця свайго роду. А галоўнае - адроджаная сувязь з яшчэ адной галінкай вялікай сям'і Радкевічаў.
- Я,- сказаў мой суразмоўца, - пачаў пазнаваць сям'ю, сямейныя гісторыі, з якіх і складвалася маё ўспрыманне сябе і іншых у гэтым свеце. Пазнаёміўся нават з тымі, каго раней не ведаў. Зараз большасць сваякоў вярнуліся ў Польшчу са Злучаных Штатаў Амерыкі, Швецыі і іншых краін.
Яшчэ Вітальд Іванчэўскі даведаўся, што ёсць у іх адна на ўсіх, па яго словах, рамантычная мода - імёны ў Радкевічаў-Ахматовічаў ідуць скрозь стагоддзі, паўтараюцца ў кожнай сям'і: Вітальд, Казімір, Ольгерд, Гедымін, Проспер…
Дваранскі тытул атрымалі Радкевічы ад караля польскага Сігізмунда Аўгуста.
Пан Вітальд Іванчэўскі падараваў мне ноты музыкі свайго прапрадзеда Гедыміна Проспера Радкевіча і запісы на дыску яго музычных твораў у выкананні вядомага піаніста Януша Гжэлонскага. Мне здаецца, гэтыя цудоўныя мелодыі па сваёй вартасці напамінаюць творы Федэрыка Шапэна і Міхала Клеафаса Агінскага. Ноты Вітальд Іванчэўскі (які і раней ведаў, што прапрадзед быў кампазітарам) упершыню ўбачыў у кузэна Томаша Радкевіча ў Любліне. Ён атрымаў іх ад унучкі Гедыміна Проспера Марыі Галімонт, якая ў 1945 годзе выехала з Вільнюса ў Польшчу і прывезла гэтыя ноты. Асобныя творы былі рукапіснымі, а іншыя - выдадзенымі. Іх Томаш, па спецыяльнасці гісторык-архівіст, захоўваў у сваім прыватным архіве. Вітальд зняў копіі. І такім чынам гэтыя ноты і запісы аказаліся і ў нашым раёне ( у аўтара гэтых радкоў - таксама). Мелася задумка (і яна была агучана ў сектары культуры Іўеўскага райвыканкама) адносна таго, каб наладзіць канцэрт памяці Гедыміна Проспера Радкевіча сіламі настаўнікаў школ мастацтваў раёна. Напэўна, так яно і было б сёлета. Ды адкарэктыравала ўсе планы пандэмія. Але ж, некалі скончыцца гэтае ліха.
Магчыма, і на малой радзіме юрацішкаўскага кампазітара-двараніна загучаць праз стагоддзі яго вальсы, мазуркі, паланэзы
Напярэдадні 500-годдзя гарадскога пасёлка Юрацішкі трапіў у рэдакцыю пераклад радавода Тарэсы Радкевіч і на беларускую мову. Яго зрабіў даўні сябар і няштатны аўтар нашай газеты Іван Адольфавіч Пракопчык. І мы вырашылі даць матэрыял у беларускамоўным пераказе…
В. ГУЛІДАВА.
На здымку С. Зянкевіча нашчадак Радкевічаў
Вітальд Іванчэўскі.