Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

 


Камісар атрада Арлоўскага

Мы помним / Пятница, 10 апреля 2015 11:05 / Прочитано: 3103

Гэты артыкул патрабуе тлумачэння, бо ён напісаны прафесіянальным гісторыкам  з г. Клецка Андрэем Блінцом, аўтарам многіх гістарычных прац, сярод якіх вылучаецца кніга "Клецк: старонкі даўняй гісторыі" (Мінск, 2011 год). Андрэй Уладзіміравіч, адносна малады аўтар, марыў стварыць нізку артыкулаў пра партызанаў савецкіх атрадаў у гады Вялікай Айчынай вайны 1941-1945 гг. на тэрыторыі Клеччыны.

Даведаўшыся аб дзейнасці атрада К.П. Арлоўскага, які меў статус спецыяльнага прызначэння, Андрэй з энтузіязмам узяўся за пяро, але ў яго не хапала звестак пра жыццё і працу камісара атрада Арлоўскага Рыгора Васільевіча Івашкевіча на пасадзе настаўніка гісторыі Юрацішкаўскай СШ 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя, а таксама яго як чалавека і сем'яніна. Паколькі я працаваў настаўнікам гісторыі Юрацішкаўскай СШ даволі доўгі час і займаўся краязнаўствам, то мой клецкі калега звярнуўся да мяне з многімі пытаннымі, на якія я падрабязна (пісьмамі) адказаў яму.

Амаль тры дзесяцігоддзі мая сям’я і сям'я Рыгора Васільевіча жылі суседзямі. Адстаўны маёр міліцыі амаль у 50 год завочна закончыў Мінскі педінстытут, стаў настаўнікам гісторыі  Юрацішкаўскай СШ, разам з жонкай, настаўніцай рускай славеснасці, Праскоўяй Савельеўнай (цяпер ёй 92 гады) выхавалі працавітымі і адукаванымі трох сыноў - Уладзіміра, Мікалая і Аляксея. Р.В. Івашкевіч- вельмі сціплы чалавек, хоць меў каля 30 ўрадавых узнагарод і з'яўляўся персанажам гераічных здзяйсненняў некалькіх кніг і сцэнічных пастановак. Яго вельмі паважаў Кірыл Пракопавіч Арлоўскі, якога за мужны і настойлівы характар называлі чалавекам-шабляй. Высока цанілі сяброўства з Івашкевічам член "Сокалаў" іспанец Лопес Хуста (пазней загінуў у Іспаніі ад рэжыму Франка) і паляк Казімір Кандрусевіч, стаўшы пазней буйным навукоўцам Польшчы з тытулам акадэміка, які вёў доўгую перапіску з Івашкевічам, прыязджаў да яго ў госці.

У маёй памяці і ў памяці многіх пажылых людзей Юрацішак Рыгор Васільевіч Івашкевіч застаўся добрым, чулым чалавекам, прыцягальным суразмоўцам і дбайным сем'янінам.

Глыбокай восенню 1942 г. на Клеччыне пачаў дзейнічаць спецатрад НКДБ СССР "Сокалы", які паклаў пачатак актыўнай партызанскай барацьбе ў рэгіёне. За 20 месяцаў свайго існавання атрад ажыццявіў нямала баявых аперацый, ператварыўшыся ў сур'ёзную баявую сілу. Пасля вайны былыя партызаны шукалі свой шлях у мірным жыцці. Яго камандзір К. П. Арлоўскі з прафесійнага дыверсанта перакваліфікаваўся ў сельскагаспадарчага кіраўніка, асвоіўшы раней малавядомую для сябе справу. А вось камісар атрада Рыгор Васільевіч Івашкевіч вярнуўся да ранейшага занятку - міліцэйскай службы. 

Свой лёс з міліцыяй 23-гадовы Рыгор звязаў адразу ж пасля праходжання тэрміновай службы ў Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўшыся ў снежні 1940 г., стаў працаваць участковым упаўнаважаным у родных мясцінах - Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Тут яго і застаў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Паводле аўтабіяграфіі, летам 1941 г. стаў у шэраг зводнага палка НКВД БССР. Камандаваў аддзяленнем. Прымаў удзел у абароне Гомеля. А потым было адступленне на ўсход. Дарога, на якой здаралася рознае. Напрыклад, такое...

Вялікі натоўп чырвонаармейцаў - хто са зброяй, хто без - рухаўся па полю. Частка людзей была канчаткова дэмаралізавана. Ішлі панура, не ведаючы, што іх чакае наперадзе. Неўзабаве з бакоў, нібыта крылы гіганцкай птушкі, іх сталі абыходзіць калоны нямецкіх матацыклістаў. Яшчэ трохі - і яны замкнуцца перад галавой натоўпу, адрэзаўшы шлях. І што тады? Куля? Палон? У чыстым полі няма дзе схавацца. Усё відаць, як на далоні. Некаторыя кінуліся бегчы, каб вырвацца з пасткі. Але хіба можа стомлены чалавек абагнаць матацыкл? У той момант, калі, здавалася, канчаткова знікла ўсялякая надзея на паратунак, аднекуль з'явілася грузавая "палутарка". Вадзіцель, адчы-ніўшы дзверы, пракрычаў: "Хто можа, хутчэй на машыну!" Грузавік абляпілі з усіх бакоў. Нехта заскочыў у кабіну, нехта - ў кузаў, каму не хапала месца, чапляліся за тых, хто ўжо вісеў на борце. На поўнай хуткасці грузавік "праскочыў" міма немцаў.

Байцы, якім пашанцавала вырвацца з акружэння і пазбегнуць кулі, у кастрычніку 1941 г. былі ўключаны ў склад Асобнай мотастралковай дывізіі асаблівага прызначэння. Р. Івашкевіч прымаў удзел у абароне Масквы як камандзір гарматы. Потым займаў пасаду намесніка палітрука артылерыйскага дывізіёна. А неўзабаве ў яго ваеннай біяграфіі з'явілася новая старонка.

"У сакавіку 1942 г., - прыгадваў Рыгор Васільевіч, - мяне накіравалі ў падмаскоўныя Мыцішчы, дзе ішло фарміраванне спецгрупы для закіду ў варожы тыл. Асабовы склад набіралі з салдат брыгады асаблівага прызначэння, а афіцэраў прысылалі з Міністэрства ўнутраных спраў. 

У пачатку чэрвеня штаб брыгады і некаторыя атрады, у тым ліку і наш, пераехалі ў Пушкінскі раён. Пачалася вучоба. Вывучалі нямецкую мову, розныя тыпы зброі, падрыўную і шыфравальную справу, тапаграфічныя карты, рух па азімуту, займаліся стралковай і парашутнай падрыхтоўкай. Усё адпрацоўвалася да аўтаматызму. Штодня асабовы склад атрымліваў інфармацыю аб становішчы на франтах і ў тыле.

У складзе атрада былі: Арлоўскі - камандзір, Івашкевіч - камісар, Боцін - начальнік штаба, Нікольскі - начальнік разведкі, Бліноў і Калмыкоў - радысты, тры аператыўнікі, доктар і каля 25 байцоў".

У ноч з 26 на 27 кастрычніка частка атрада на чале з Арлоўскім дэсантавалася ў раёне Выганаўскага возера, на мяжы тагачаснага Ганцавіцкага і Целяханскага раёнаў. Адсюль яна накіравалася ў Машукоўскі лес, які на паўтара года стаў галоўнай базай партызан. Асноўнымі мэтамі атрада, сёння вядомага як "Сокалы", хоць у ваенных дакументах часцей сустракаецца назва "Арлоўцы", быў збор разведдадзеных, стварэнне агентуры ў акруговых цэнтрах Барана-вічы і Ганцавічы, актывізацыя партызанскага руху, ажыццяўленне дыверсій на шашовых і чыгуначных камунікацыях. Камісар Івашкевіч (псеўданім "Міша") быў правай рукой камандзіра. Хоць, як пазней прызнаваўся, працаваць з Арлоўскім было зусім не проста. Адчувалася значная розніца ва ўзросце - той быў на 22 гады старэйшы за камісара. За яго плячыма была партызаншчына ў польскім тыле на пачатку 20-х, дыверсійная дзейнасць у Іспаніі, разведвальная работа ў Кітаі. А ў Івашкевіча - першы вопыт барацьбы ў тыле ворага. Да таго ж Кірыл Пракопавіч вызначаўся залішняй суровасцю, якая не заўсёды была да месца і магла адштурхнуць людзей. Часам даводзілася стрымліваць і яго празмерную актыўнасць, нагадваючы, што да пары атрад не мусіць выдаваць сваёй прысутнасці. Нягледзячы ні на што, паміж камандзі-рам і камісарам склаліся прыязныя адносіны. Разам планавалі аперацыі, разам выходзілі ў засады.

Яны былі разам і 17 лютага 1943 г., калі "арлоўцы" знішчылі групу нямецкіх афіцэраў і чыноўнікаў, што прыехалі на паляванне ў Машукоўскі лес. У "Баявой характарыстыцы" Івашкевіча сказана: "...быў актыўным удзельнікам засады на гэбітс-камісара Баранавіцкай вобласці Фенца, падчас якой былі забіты: Фенц, 1 палкоўнік, 9 афіцэраў, 8 салдат, 2 каменданты паліцыі. Арлоўскі пазней прыгадваў: "Канчаткова з ворагам было пакончана, калі Івашкевіч зайшоў з правага фланга і растраляў фашыстаў, якія хаваліся на дарозе". Сам Арлоўскі быў тады цяжка паранены, і менавіта камісар прыняў на сябе камандаванне, арганізаваўшы адыход групы ў запасны лагер і дастаўку камандзіра ў атрад Цыганова, дзе яму зрабілі складаную аперацыю. Ён жа накіраваў у цэнтр інфармацыю пра вынікі бою. 21 сакавіка 1943 г. аб гэтай аперацыі паведаміла галоўная газета Савецкага Саюза "Праўда". 

А тым часам партызанская вайна працягвалася. Зноў звернемся да "Баявой характарыстыкі" Р. Івашкевіча: "Двойчы ўдзельнічаў і кіраваў разгромам паліцэйскага гарнізона Туча-Клецкага раёна... На Брэст-Маскоўскай шашы ў раёне Сіняўка-Тальмінавічы з групай байцоў у розны час разбіў 4 аўтамашыны і знішчыў 30 фашыстаў, з якіх было 3 афіцэры, раніў 17, і адзін салдат быў захоплены ў палон... З групай партызан разагнаў ахову маёнтка Серкаўшчызна Клецкага раёна, знішчыўшы пры гэтым 3 паліцэйскіх, і спаліў 280 тон жыта і 90 тон гароху... Шэсць разоў кіраваў падрывам чыгуначнага палатна...".

У жыцці ўсё было не так гладка, як на паперы. Рыгор Васільевіч прыгадваў, як аднойчы, блукаючы па лясах, былі вымушаны цэлы тыдзень харчавацца аднымі ягадамі, не маючы магчымасці выйсці ў лагер або да бліжэйшай вёскі.

Аднак, найбольш яму запомніўся выпадак, які не трапіў у афіцыйныя дакументы і які мог стаць апошнім эпізодам біяграфіі. Разам з двумя байцамі "Міша" вяртаўся з задання на базу. Стомленыя дарогай партызаны спыніліся на ўзлеску на адпачынак. Хлопцы заснулі ў стагу сена, а камісар застаўся на варце. Раптам паміж кустоў заўважыў фігуры нямецкіх салдат: адна, другая... пятая... З другога боку таксама! Далей лічыць часу не было. Нядоўга думаючы, схапіў аўтамат і выпусціў доўгую чаргу. У адказ з розных бакоў засвісталі кулі. Яго байцы падхапі-ліся і кінуліся ў лес. Камісар - за імі. I тут востры боль апаліў нагу. Зрабіў некалькі крокаў, а на большае сіл не было. Лежачы ў траве, яшчэ чуў выбухі за спіной - рваліся гранаты, якія кінуў нехта з байцоў. У галаве мільганула думка: "Жывым ворагу не дамся. Застрэлюся, як толькі немцы падыдуць". А потым страціў прытомнасць.

Яму пашанцавала. Немцы пабаяліся ісці ў лес. Байцы вярнуліся за сваім камісарам, даставілі яго ў лагер. Рыгора Івашкевіча лячыла Ганна Аксакава, той самы доктар, якая патраціла шмат сіл, каб "паставіць на ногі" К. Арлоўскага. Пачуццё ўдзячнасці да яе засталося на ўсё жыццё. 

Пасля вызвалення Беларусі "Сокалы" былі расфарміраваны. Івашкевіч апынуўся ў Маскве, дзе, паводле ўласных словаў, да канца вайны служыў на ахове сакрэтных аб'ектаў. На той час Арлоўскі ўжо ўзначаліў калгас "Рассвет", клікаў былога камісара да сябе, абяцаючы пасаду намесніка старшыні, але той захаваў вернасць ранейшай прафесіі. Ён скончыў Свярдлоўскую міжраённую школу НКДБ СССР і з падзякай "за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскай рабоце" ў званні малодшага лейтэнанта міліцыі быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь. 3 1947 да 1951 г. працаваў оперупаўнаважаным Іўеўскага райаддзела Міністэрства дзяржбяспекі. А з кастрычніка 1951 г. узначаліў Юрацішскі райаддзел, спачатку МДБ, а потым - МУС. Гэта былі далёка ня простыя гады. У заходніх рэгіёнах краіны, акрамя звычайных крымінальнікаў, якіх пасля вайны было надзвычай шмат, дзейнічалі і атрады польскай Арміі Краёвай. Па некаторых звестках, за 1944 - 1952 г. яе ахвярамі на Гродзеншчыне сталі 774 чалавекі, з іх 124 - ў Іўеўскім раёне. Сюды не залічаны салдаты і афіцэры, якія загінулі падчас баявых аперацый. Не аднойчы на мяжы жыцця і смерці знаходзіўся афіцэр міліцыі Івашкевіч.

Адзін з "лясных братоў", які склаў зброю па амністыі, расказваў яму, што быў момант, калі з засады бандыты маглі перастраляць групу міліцыянераў на чале з оперупаўнаважаным, але нешта іх стрымала. Баяліся сябе выдаць? А можа не хацелі лішняй крыві, якой і так было зашмат праліта? Дзіўна, але былы "лесавік" не адчуваў ніякай варожасці да нядаўняга ворага, нават запрашаў да сябе ў госці. Івашкевіч адмовіўся. Гаварыў, што не зможа сядзець за сталом з чалавекам, які глядзеў на яго праз прыцэл.

На пачатку 1960 г. Юрацішскі раён ліквідавалі. Івашкевічу прапанавалі перавод у Мінск, але ён адмовіўся. Сказаў, што стаміўся ад вайны і хоча спакойнага жыцця. Ды і здароўе было ўжо не тое. У лютым 1960 г. маёр міліцыі Р. Івашкевіч звольніўся з органаў МУС. Да яго баявых узнагарод: медалёў "За абарону Масквы", "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, "За перамогу над Германіяй", ордэна Айчыннай вайны I ступені далучыліся медалі, атрыманыя падчас службы ў органах унутраных спраў: "XXX год Савецкай Арміі і флота", "За баявыя заслугі", "За бездакорную службу" I ступені. Нейкі час ён яшчэ выкладаў гісторыю ў Юрацішкаўскай школе, потым працаваў дыспетчарам на аўтабазе. Апошнія гады жыў у сына ў Мінску, дзе і памёр летам 1997 г.

В. Врублеўскі.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 

 

 

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.