Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Вывучаем гісторыю роднага краю. Іўеўшчына ў міжваенны перыяд

О малой родине
25 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Інфармацыя аб падзеях ў Петраградзе, Маскве, Мінску і іншых гарадах і рэгіёнах былой Расійскай імперыі была вядома і жыхарам Іўеўшчыны, аднак тэрыторыя нашага раёна заставалася пад акупацыяй нямецкіх і аўстрыйскіх войск.

3 сакавіка 1918 года паміж Германіяй і Савецкай Расіяй быў падпісаны Брэсцкі мірны дагавор, згодна з якім частка тэрыторыі Беларусі, у т.л. і наш край, адышлі да Германіі. Але ў сувязі з лістападаўскай рэвалюцыяй 1918 г. у Германіі, дагавор быў ануляваны і нямецкія войскі пачалі пакідаць тэрыторыю Іўеўскага раёна. Канчаткова акупанты адышлі з нашай зямлі ў студзені 1919 г.

На Іўеўшчыне пачалося ўстанаўленне савецкай улады ў выглядзе рэвалюцыйных камітэтаў. Першы такі камітэт быў створаны ў студзені 1919 г. ў Бакштах. Яго старшынёй быў абраны жыхар в. Ягадзень Сяргей Антонавіч Аўдзевіч. Таксама ў склад камітэта ўваходзілі Прохар Сямёнавіч Віршыч і Цімафей Гаўрылавіч Жалнерчык. Пры самым камітэце дзейнічалі зямельная і будаўнічая камісіі, была створана народная міліцыя.

Жыхары Заходняй Беларусі чытаюць «Правду», 1939 г.

Працэс усталявання савецкай улады быў прыпынены савецка-польскай вайной 1919-1921 гг. Суседняя Польшча імкнулася аднавіць былую Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., уключыць пры гэтым у свой склад і тэрыторыю Беларусі. У канцы лютага 1919 г. польскія войскі пачалі наступленне ў напрамках Вільня-Ліда-Маладзечна, Баранавічы-Мінск, Кобрын-Пінск. Ужо ў сакавіку 1919 г. імі былі акупіраваны такія гарады як Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын, Пінск. Наступленне працягвалася і далей. 17 красавіка польскімі войскамі была прарвана лінія фронту і захоплены Ліда, Баранавічы. Праз некалькі дзён была захоплена і тэрыторыя Іўеўскага раёна.

Польскія ўлады ў першую чаргу вярнулі былым памешчыкам іх зямлю і маёмасць, якая была канфіскавана. Былі ўстаноўлены новыя парадкі і законы, дзейнічала паліцыя, праводзіліся арышты ўсіх тых, хто выказваў незадаволенасць польскай адміністрацыяй.

Працоўныя Беларусі, ў т.л. і Іўеўшчыны, узняліся на барацьбу супраць акупантаў. Партызанскім рухам былі ахоплены Бакштаўская, Іўеўская, Ліпнішкаўская воласці. На тэрыторыі Ліпнішкаўскай воласці кіраўніком узброенай барацьбы быў Міхаіл Іванавіч Барысевіч. У 1920 г. ён быў расстраляны польскімі ўладамі.

Колькасць жыхароў

населенных пунктаў

Іўеўшчыны:

                   1897 г.   1919 г.

Іўе               3653       2699

Ліпнішкі         1377      1191

Суботнікі        602        646

Трабы            1183      949

Аналізуючы прыведзеныя вышэй дадзеныя, бачна, што ў рэгіёне адбылося памяншэнне колькасці насельніцтва. Звязана гэта было ў першую чаргу з ваеннымі падзеямі пачатку XX стагоддзя.

Савецкая ўлада на Іўеўшчыне была адноўлена ў ліпені 1920 года. Ужо 17 ліпеня пачаў дзейнасць Іўеўскі валасны камітэт на чале з С.П. Золатавым. У першыя дні ён узяў на ўлік 3 маёнткі, 2 млыны, сады і розную маёмасць, пачала працаваць бальніца для параненых і хворых чырвонаармейцаў. Камітэт правеў улік буйнай рагатай жывёлы, коней, а таксама пасеваў сельскагаспадарчых культур і сенакосу.

Валасныя рэвалюцыйныя камітэты дзейнічалі таксама ў Ліпнішках, Суботніках, Трабах, Бакштах, Лугамавічах і Юрацішках.

Палякі на пазіцыях падчас бою на Нёмане, кастрычнік 1920 г.

Так, Ліпнішкаўскі камітэт аказаў значную дапамогу бяднейшаму насельніцтву. Толькі ў жніўні 1920 г. сялянам было перададзена 114 пудоў зерня і 33 фунты збожжа. Акрамя таго, была аказана дапамога ў апрацоўцы зямлі і іншых палявых работах. У той жа час, паводле справаздачы аб дзейнасці Ліпнішкаўскага зямельнага аддзела ў перыяд з 13.08 па 01.09.1920 г., паведамлялася, што "На свабодных землях маёнткаў ніякая праца палявая не робіцца з прычыны пастаяннага перамяшчэння войскаў. Няма ніякай магчымасці прыступіць да працы, бо ўсе вольныя сілы занятыя патрабаваннямі вайсковых часцей, якія тут праходзяць. Усе млыны раёна заняты выключна размолам збожжа для вайскоўцаў. І гэтая праца магчыма хутка спыніцца з-за адсутнасці патрэбных матэрыялаў да рамонту гэтых млыноў, якія прыйшлі практычна ў поўную непрыгоднасць".

Але мірны аднаўленчы перыяд на Іўеўшчыне быў вельмі нетрывалым і кароткім. 12 кастрычніка 1920 года паміж Савецкай Расіяй і Польшчай быў заключаны дагавор аб перамір'і, а 18 сакавіка 1921 года ў Рызе быў заключаны мірны дагавор. Амаль палова тэрыторыі Беларусі (уся заходняя частка) увайшла ў склад Польшчы.

Тэрыторыя нашага раёна  ўваходзіла спачатку ў Валожынскі, а потым у Лідскі паветы Навагрудскага ваяводства. Іўе было цэнтрам гміны.

У эканамічных адносінах Заходняя Беларусь была адсталай ускраінай Польшчы. Для 85% яе насельніцтва крыніцай існавання з'яўлялася сельская гаспадарка, і толькі 15% - гарадское насельніцтва - было занята ў прамысловасці, дробным рамяством, гандлем, працавала ў дзяржаўных установах і камунальнай гаспадарцы.

Лепшыя землі належалі панам, заможным сялянам, асаднікам. У 1933 г. у Лідскім павеце налічвалася 203 буйныя маёнткі, якія мелі ў сярэднім да 400 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Яшчэ больш было сярэдніх маёнткаў, якія мелі да 100 га на гаспадарку. У той жа час у павеце налічвалася 15 982 сялянскія двары, якія мелі ў карыстанні менш чым 5 га зямлі, а 4397 з іх - менш чым 2 га на гаспадарку. Амаль 900 гаспадарак увогуле не мелі зямлі. Кожны пяты двор не меў каровы, кожны трэці - каня. У пошуках заробку сяляне наймаліся за бясцэнак на працу да паноў і асаднікаў, эмігрыравалі.

Малазямелле і беззямелле, абавязковая працоўная павіннасць былі прычынамі цяжкага становішча асноўнай масы сялян.

Не лепшым было і становішча рабочых у Заходняй Беларусі. Працоўны дзень доўжыўся 10-12 гадзін. Аплата працы рабочага была ніжэй той зарплаты, якую атрымлівалі ў Польшчы. Цяжкія ўмовы працы, адсутнасць сацыяльнай абароны, нізкі ўзровень тэхнікі бяспекі на прадпрыемствах прыводзілі да частых няшчасных выпадкаў. Вялікай праблемай было беспрацоўе. Многія нашыя землякі вымушаны былі выязджаць за мяжу, каб пракарміць сваю сям'ю.

Становішча беларускага насельніцтва ў той час было надзвычай складаным, бо акрамя сацыяльнага ўціску яно падвяргалася і нацыянальнаму. Польскі ўрад праводзіў тут палітыку паланізацыі і акаталічвання насельніцтва. У 1925/1926 нав. годзе ў Навагрудскім ваяводстве мелася 1106 школ, з іх 1072 польскіх, 23 яўрэйскіх, 8 літоўскіх і толькі 1 беларуская. Сярэднюю адукацыю атрымоўвалі нямногія, пераважна дзеці з багатых сямей.

Працоўныя Іўеўшчыны, як і ўсёй Заходняй Беларусі, не мірыліся са сваім бяспраўным становішчам і вялі самаадданую барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Узначальвалі гэты працэс камуністычныя арганізацыі, першыя з іх на тэрыторыі раёна з'явіліся ў 1920 г. У далейшым барацьбу супраць польскіх улад вяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г. На Іўеўшчыне была сфарміравана падпольная арганізацыя КПЗБ. У Юрацішкаўскай гміне дзейнічала паўстанцкая арганізацыя, якой кіраваў падпольны раённы камітэт КПЗБ. Таксама падпольныя арганізацыі былі арганізаваны ў Іўі, Трабах, Бакштах. Члены падполля распаўсюджвалі лістоўкі, вывешвалі чырвоныя сцягі і антыўрадавыя лозунгі, стваралі падпольныя ячэйкі, устанаўлівалі цесную сувязь з масамі, арганізоўвалі мітынгі і забастоўкі. У 1925 г. ў Іўі баставалі кавалі і гарбары, у 1928 г. - у Бакштах і Мікалаева.

Дзейнічала на тэрыторыі Іўеўшчыны і Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая выступала ў абарону сацыяльных правоў рабочых і сялян. БСРГ патрабавала ўвесці 8-гадзінны рабочы дзень, перадачу зямлі сялянам без выкупу, вызваленне ад падаткаў і інш. Яе групы актыўна праводзілі сваю работу ў Бакштах, Іўі, Морыне, у Вялікіх Князікоўцах.

Новай старонкай у гісторыі  Іўеўшчыны сталі падзеі восені 1939 года.

Пасля таго як пачалася Другая сусветная вайна (1 верасня 1939 г.), тэрыторыя нашага раёна была вызвалена з-пад улады Польшчы. З першых дзён пачынаюцць стварацца часовыя ўправы. У іх склад уваходзілі ўпаўнаважаныя ад ЦК КП(б)Б, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя і прадстаўнікі Чырвонай арміі. Актыўны ўдзел у рабоце прымалі былыя члены КПЗБ. Часовую ўправу ў Лідскім павеце (а сюды адновілася і тэрыторыя Іўеўшчыны) узначаліў упаўнаважаны ЦК КП(б)Б П.З. Калінін. У Іўі часовы камітэт узначаліў Р.Я. Блох.

Рашэннем ад 14 лістапада 1939 г. 3-яй нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўключана ў склад БССР-адбылося ўз’яднанне беларускага народу ў адзіную дзяржаву.

4 снежня 1939 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі ўтвораны Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская вобласці. А 15 студзеня 1940 г. замест старых паветаў у заходніх абласцях Беларусі быў утвораны 101 раён, у т.л. Іўеўскі і Юрацішкаўскі. Яны ўваходзілі ў Баранавіцкую вобласць. Тэрыторыя Іўеўскага раёна складала 720,6 км2 з насельніцтвам 36 231 чалавек. Насельніцтва Іўя - 3100 чалавек, населеных пунктаў - 191, сялянскіх гаспадарак - 8428, у т.л. хутарскіх - 1516. Тэрыторыя Юрацішкаўскага раёна складала 1104,9 км2 з насельніцтвам 38 907 чалавек, у т.л. 400 чалавек у Юрацішках, населеных пунктаў у раёне - 235, сялянскіх гаспадарак - 7194, у т.л. хутарскіх - 4670.

У красавіку гэтага ж года прайшла раённая партыйная канферэнцыя. Першым сакратаром РК КП(б)Б быў выбраны Ківа Лейбавіч Нафтулін.

Пачалі адбывацца значныя змены ў эканамічным жыцці жыхароў Іўеўшчыны. Была праведзена нацыяналізацыя зямель і пачаўся працэс калектывізацыі. Першыя калектыўныя гаспадаркі былі створаны ў вёсках Морына, Залейкі, Вялікія і Малыя Князікоўцы, Геранёны. Па стане на 1 чэрвеня 1941 г. у Іўеўскім раёне было 5 калгасаў, а ў Юрацішкаўскім - 4.

На прадпрыемствах, ва ўстановах быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, сацыяльная абарона рабочых.

Закранулі змены і сацыяльны бок жыцця нашых землякоў. Пачалася праца па ліквідацыі непісьменнасці. Адкрываліся школы з беларускай мовай навучання, іх у раёне было 50, у т. л. 11 няпоўных сярэдніх. Медыцынская дапамога стала бясплатнай. У раёне працавалі 3 бальніцы на 85 ложкаў, адкрыліся радзільны дом, 3 аптэкі.

Стваральная праца нашых землякоў была перапынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

(Працяг будзе).

 

А. Ваўчок,

настаўнік гісторыі

Лелюкінскага дзіцячага сада-СШ.

А. Гецэвіч,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі,

камунікацыі і турызму

Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я. Купалы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

 

 

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.