Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Падарожжа па малой радзіме. Што ёсць цікавага ў вёсцы Навасяды? (частка III)

О малой родине

Была кожная хата талентамі багата

У 1950 г. у Навасядах быў арганізаваны калгас імя К.Ракасоўскага на базе ўласных гаспадарак. У 1960 годзе адбылося ўзбуйненне гаспадарак, і навасядскі калгас быў далучаны да саўгаса "Жамыслаўль". У 1970 г. у вёсцы пражывала 37 жыхароў, налічвалася 14 хатаў. Жыхары жылі дружнай вясковай абшчынай. Большасць дарослага насельніцтва працавала ў паляводстве. У кожнай гаспадарцы была карова, а то і дзве. Бліжэйшыя аб'екты сацкультбыту пасля вайны былі ў вёсцы Раманы. Таму жыхар вёскі Людвік Сінкевіч пабудаваў уласную баньку і запрашаў усіх жадаючых жыхароў памыцца ў вызначаныя дні.
У першай хаце, на ўскрайку вёскі, жыла сям'я Станіслава Сторты, 1901 г.н. У маладосці ён ажаніўся з дзяўчынай з Раманоў Станіславай Тамяловіч, 1907 г.н. Маладыя шмат працавалі, пабудавалі сваю хату. У гады Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў ваяваў на фронце, падарваў здароўе. Вярнуўся з фронту ў 1945 годзе, а ў 1946-м памёр ад хваробы сэрца. На той час яго старэйшаму сыну Віктару было 5 гадоў, дачцы Яніне - 3 гадкі, меншаму сыну Янаку - 9 месяцаў. Дзеці раслі сіротамі без бацькі. Удава Станіслава працавала ў саўгасным паляводстве і адна гадавала дзяцей. Яны выраслі працавітымі і добрасумленнымі. Сын Віктар працаваў у Лідзе шафёрам, ездзіў у дальнія рэйсы. Другі сын Ян жыў у Навасядах і працаваў у паляводстве. Памёр маладым, у 33-гадовым узросце. Яго жонка Ядзя выехала з шасцігадовым сынам на сваю радзіму ў Літву.
Дачка Сторта Яніна, 1942 г.н., выйшла замуж у вёску Гіравічы за Віктара Яцкевіча. Яніна Станіславаўна добрасумленна адпрацавала 40 гадоў у паляводчай брыгадзе "Гіравічы" саўгаса "Жамыслаўль". Знаходзіцца на заслужаным адпачынку і пражывае ў Гіравічах. Муж Яніны Віктар Станіслававіч, 1942 г.н., працаваў паштальёнам Жамыслаўльскага аддзялення сувязі, абслугоўваў вёскі Гіравічы, Раманы, Таруці, Навасяды, Жамайтукі, Бялымшчына, Шаркуці. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Іўеўскага раённага вузла паштовай сувязі. Дачка Яцкевічаў Тарэза пражывае і працуе ў Лідзе. Сын Ян пражывае з сям'ёй у Жамыслаўлі і працуе вальшчыкам лесу ў Ліпнішкаўскім лясніцтве.
Па суседству са Стортамі жыла сям'я Станіслава і Юзэфы Жульпаў. Станіслаў быў зажытачны гаспадар, садавод. Ушчапляў яблыні і грушы. Дзяліўся саджанцамі з вяскоўцамі. Іх сын Уладзік ажаніўся з дзяўчынай Геняй з вёскі Васілевічы. Пражывалі ў Васілевічах. Ён доўгі час працаваў лясніком, яна - у паляводстве.
Другі сын Жульпаў Ян застаўся жыць у Навасядах. Працаваў слесарам на спіртзаводзе саўгаса "Жамыслаўль", а потым кавалём на мехдвары саўгаса ў брыгадзе "Раманы". У пачатку 1990-х гадоў у брыгаду "Раманы" уваходзілі вёскі Гіравічы, Жамайтукі, Раманы, Навасяды, Таруці, Бялымшчына. Кузня стаяла на тэрыторыі трактарнага стана ў Раманах. Ян быў добры каваль, адказна адносіўся да працы. Каваў молатам, а пры неабходнасці карыстаўся зварачным апаратам для зваркі дэталяў. Жонка Яна Ганна працавала паляводам у брыгадзе. Мела швейную машынку і была добрай швачкай. Да яе звярталіся многія, каб пашыць мужчынскае і жаночае адзенне.
Сям'я Яна і Ганны Жульпаў жыла ў Навасядах, мела чацвёра дзяцей. Сын Стась Жульпа працаваў трактарыстам на трактары Т-25 у саўгасе "Жамыслаўль". Займаўся нарыхтоўкай траў, падвозіў кармы на ферму "Раманы". Быў перадавіком у гаспадарцы, жыў у Навасядах. Памёр у пенсійным узросце ў 2020 годзе.
Сын Жульпаў Віктар жыў і працаваў у Лідзе. Трэці сын Іван жыве з сям'ёй і працуе у Лідзе.
Дачка Жульпаў Віка таксама пражывае ў Лідзе. Да выхаду на пенсію працавала на Лідскім заводзе электравырабаў. У дачны сезон пражывае амаль увесь час тут, у Навасядах. Падтрымлівае ідэальны парадак каля хаты, вырошчвае кветкі, даглядае агарод.
Далей стаіць зачыненая хата Марцыяны Жульпа і яе дачкі Ядзі. Гэтую сям'ю назаўсёды разлучыла вайна. Муж Марцыяны Альбін па павестцы ваенкамата пайшоў з Навасядаў на фронт. Там трапіў у нямецкі палон. Баяўся рэпрэсій і дадому не вярнуўся. Застаўся жыць у Еўропе, адтуль паехаў у Англію. Пісаў у Навасяды пісьмы жонцы і дачцы

Ядзі, слаў пасылкі. Запрашаў іх прыехаць на пастаяннае пражыванне, але жонка і дачка адказаліся. Марцыяна і Ядзя пражылі ўсё жыццё у Навасядах, працавалі ў саўгасным паляводстве. Трымалі ў гаспадарцы дзве каровы і пастаянна здавалі малако дзяржаве.
Другая дачка Марцыяны і Альбіна Феліцыя выйшла замуж у вёску Таруці за Яна Юралевіча. Працавалі ў паляводстве. Мелі дзяцей Галіну і Івана. Дзеці пражываюць у Вільнюсе. Дачка забрала маці да сябе ў Вільнюс.
Побач з Жульпамі пражывала сям'я Юргелевічаў. Бацька Ануфрый і маці Вікця мелі пяцёра дзяцей. Дачка і тры сыны раз'ехаліся, а сын Мар'ян застаўся жыць у Навасядах. Ажаніўся з дзяўчынай Янінай, родам з Бялымшчыны. Яны працавалі ў саўгасным паляводстве ў брыгадзе "Раманы". Іх дачка Лена пражывае з сям'ёй у Воранаўскім раёне. Забрала да сябе старога бацьку і даглядае яго. Сын Юргялевічаў Валянцін працаваў ў Эйгердаўскім лясніцтве, а потым пераехаў у Мінск. Там жыве з сям'ёй і працуе.
У наступнай хаце пражывала сям'я Адама і Вікці Стортаў. Адам быў таленавітым сталяром. Вырабляў на заказ вокны, дзверы, сталы, лавы. Людзі былі задаволеныя яго акуратнай работай і хвалілі яго. Адзін другому казалі: "На якую хату ні глянь, усюды Адамавы вокны".
Сторты мелі дзве дачкі. Дачка Ванда выйшла замуж у Жамайтукі за Антона Кропу. Там яны і пражылі сваё жыццё. Іх старэйшы сын Стась жыў у бацькоўскай хаце ў Жамайтуках. Малодшы сын Казік служыў мараком на падводнай лодцы Паўночнага флоту ў Мурманску. Пасля службы застаўся ў Мурманску і пайшоў працаваць на рыбалавецкі флот. Фактычна адпрацаваў у моры да пенсіі. Яго не стала два гады назад. У Мурманску пражывае яго сям'я: дзеці, унукі.
Дачка Антона і Ванды Валянціна закончыла Гродзенскі педінстытут і працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе Гродна.
Другая дачка Стортаў Уладзіслава выйшла замуж за Франца Тамяловіча з Раманоў, 1919 г.н. У 1944 годзе Франц Вікенцьевіч, як і іншыя вяскоўцы прызыўнога ўзросту, быў адпраўлены на фронт. Ваяваў з гітлераўцамі ў 1-й польскай арміі імя Тадэвуша Касцюшкі радавым пяхотнага палка. Вызваляў Польшчу, Германію. У баях пад Берлінам быў паранены. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі. Франц Вікенцьевіч быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, юбілейнымі медалямі.
Ветэрана не стала ў 2005 годзе. Але і сёння на яго хаце вісіць чырвоная зорачка. Пры жыцці франтавік доўгі час працаваў паляводам, конюхам брыгады "Раманы", а потым на спіртзаводзе саўгаса "Жамыслаўль". У вольны час ветэран займаўся рамяством шапавала. Качаць "вайлакі", як казалі ў Навасядах, яму дапамагала жонка Уладзя. Многія жыхары Іўеўшчыны ехалі да Тамяловіча, каб заказаць якасныя валёнкі з авечай шэрсці. Авечак раней трымалі многія вяскоўцы, і праблем з сыравінай для валёнак ніколі не было.
Жонка Франца Тамяловіча Уладзіслава Адамаўна, 1930 г.н., працавала ў саўгасным паляводстве.
Франц і Уладзіслава Тамяловічы выгадавалі дваіх дзяцей і паклапаціліся, каб яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын Эдуард, 1954 г.н., закончыў 10 класаў Жамыслаўльскай школы, затым Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут у 1976 годзе. Два гады працаваў аграномам на Віцебшчыне. Потым прайшоў 1,5 года службы ў Савецкай Арміі. Пасля ваеннай службы вярнуўся на Іўеўшчыну і 10 гадоў працаваў галоўным аграномам калгаса "Звязда", цэнтральная сядзіба якога была ў Брагах. Пасля далучэння калгаса "Звязда" да саўгаса "Трабы" у 1989 годзе, Эдуард Францавіч доўгі час працаваў старшынёй прафкама саўгаса, а потым, каля 15 гадоў, - намеснікам старшыні калгаса "Трабы".
Дачка Франца і Уладзіславы Тамяловічаў Яніна, 1952 г.н., закончыла фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Некалькі гадоў працавала па спецыяльнасці настаўнікам у школе Гродна. А потым - у абласным статыстычным упраўленні.
Далей у вёсцы стаялі побач пабудаваныя хаты трох братоў Сінкевічаў. Людвік Сінкевіч быў выдатны сталяр. Любыя драўляныя вырабы ў хату і гаспадарчага прызначэння былі яму пад сілу. А яшчэ ён быў вопытным пчаляром. Жонка Людвіка працавала ў паляводстве. Сын Сінкевічаў Болюсь застаўся жыць у Навасядах у бацькоўскай хаце, ажаніўся з дзяўчынай Васілінай з-пад Юрацішак. Працаваў грузчыкам, паляводам, і жонка яго працавала ў паляводстве.
Дачка Сінкевічаў Ганна выйшла замуж за мясцовага хлопца Яна Жульпу з Навасядаў. Ян быў адмысловы каваль. Меў у сваім двары невялікую драўляную кузню і вырабляў на заказ вяскоўцаў драпцы, абручы на бочкі, акоўваў вёдры да студняў, падкоўваў коней.
Побач з Людвікам Сінкевічам жыў яго родны брат Альберт з жонкай Марыяй. У гады вайны Альберт трапіў у нямецкі абоз. Забіралі, як правіла, тых, хто меў добрага каня і быў у сіле перавозіць розныя грузы. У выпадку адказу, немцы застаўлялі гаспадара адпраўляцца на адпрацоўку з уласным канём. Калі гаспадар адказваўся, маглі забраць каня.
Пасля вайны Альберт і Марыя Сінкевічы працавалі ў саўгасным паляводстве. Нашчадкаў у сям'і не мелі.
Трэцім братам, які жыў побач, быў Віктар Сінкевіч. З жонкай Уладзіславай яны працавалі ў паляводстве. Выгадавалі двух дачок Яніну і Леакадзію. Яніна жыла з бацькамі і працавала ў паляводчай брыгадзе "Раманы". Яна была выдатнай швачкай. У вольны час шыла адзенне на заказ. Многія жыхары Іўеўскага раёна ехалі да яе пашыць рознага фасону мужчынскае і жаночае адзенне.
Другая дачка Сінкевічаў Леакадзія нарадзілася 15 красавіка 1949 года ў в.Навасяды. Закончыла Жамыслаўльскую сярэднюю школу, затым - Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтар”. Працоўную дзейнасць пачынала эканамістам у калгасе "Октябрь" Іўеўскага раёна (цэнтр у вёсцы Некрашы). У 1978 г. завочна закончыла Ленінградскі сельгасінстытут па спецыяльнасці “эканоміка і арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”.
У 1977 годзе была пераведзена ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі Іўеўскага райвыканкама на пасаду эканаміста. Затым працавала начальнікам планава-фінансавага аддзела ўпраўлення. З 2000 года - намеснікам начальніка ўпраўлення па эканоміцы. На гэтай пасадзе Леакадзія Віктараўна працавала да пенсіі і яшчэ 5 гадоў пасля выхаду на пенсію да 2012 года.
За шматгадовую і добрасумленную працу Л. Сінкевіч была ўзнагароджаная граматамі раённага і абласнога ўпраўлення, пісьмамі падзякі і граматамі Іўеўскага райвыканкама і аблсельгаспрома.
Леакадзіі Віктараўны Сінкевіч не стала ў 2019 годзе. Былыя калегі памятаюць яе як высокакласнага спецыяліста, добрую, чулую і спагадлівую жанчыну.
Далей пражывала сям'я Станіслава Буйніцкага, які працаваў трактарыстам у брыгадзе "Раманы" адразу на гусянічным трактары, а потым на трактары МТЗ-80 з навясным пагрузчыкам. Жонка Буйніцкага Геня працавала на ферме "Раманы" даглядчыцай бычкоў на адкорме. Буйніцкія пабудавалі хату бліжэй да месца працы, у Раманах. Іх сын Міхась жыве і працуе ў Вільнюсе. Генадзь застаўся жыць у Раманах.
У канцы вёскі жыў Станіслаў Сінкевіч. Яго жонкай была Марыя, дачка Антона Сторты. Яны мелі двух сыноў - Стася і Эдмуся. У 1960-я гады сям'я выехала ў Польшчу і пражывае ў горадзе Валбжыху.

А. ІГЛІЦКІ.
(Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

 

 

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.