Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры дазваляе выявіць вучняў, якія цікавяцца мовай, літаратурай, культурай, традыцыямі беларускага народа, спрыяе ўмацаванню духоўнай спадчыны.
Адзінаццацікласнік Іўеўскай сярэдняй школы Манулік Раман захапіўся беларускай мовай і літаратурай яшчэ ў 5 класе. Да алімпіяднага руху юнака далучыла намеснік дырэктара, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іўеўскай сярэдняй школы Людміла Станіславаўна Бакун. На рахунку Рамана – дыплом ІІ ступені, атрыманы па выніках раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў 10 класе. Сёлета Раман змог палепшыць мінулагодні вынік, атрымаў дыплом І ступені на раённым этапе і дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Далей – карпатлівая самападрыхтоўка, вочна-дыстанцыйныя заняткі з выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў і ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, падчас правядзення якога 117 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў краіны сустрэліся ў Гомелі, каб вызначыць лепшага знаўцу роднай мовы і літаратуры, паказаць свае веды, здольнасці і талент. Дарэчы, каманду Гродзенскай вобласці прадстаўлялі 15 навучэнцаў 9-11 класаў. Удзельнікі праходзілі два выпрабаванні – напісанне водгуку на літаратурны твор і выкананне комплекснай работы. Для водгуку вучням 11 класа быў прапанаваны верш “Як трасло, грымела ў Бухарэсце…” А.Пысіна. Комплексная работа па беларускай мове і літаратуры ўключала 10 заданняў, тэматычна звязаных з музейнай справай, уключаючых заданні творчага характару, сярод якіх, напрыклад, складанне арыгінальнага тэксту аўдыягіда для азнаямлення наведвальнікаў музея з музейнымі экспанатамі.
Манулік Раман: “Я задаволены тым, што прысвяціў свой час больш глыбокаму вывучэнню нашай роднай беларускай мовы і багатай на розныя творы беларускай літаратуры. Перш за ўсё, удзячны маёй настаўніцы і трэнеру Людміле Станіславаўне Бакун за тое, што на працягу сямі гадоў вяла па дарозе ўдасканалення. Мне ўпершыню пашчасціла прайсці праз усе чатыры этапы рэспубліканскай алімпіяды. Успаміны пра Гомель з яго захапляльнай гісторыяй і багатай культурнай спадчынай назаўсёды застануцца ў маім сэрцы. А ўражанні ад супрацоўніцтва з членамі гродзенскай каманды будуць даваць матывацыю рухацца наперад, да самаразвіцця”.

На вялікі жаль, Манулік Раман не стаў уладальнікам дыплома пераможцы, але змог даказаць высокі ўзровень філалагічнай падрыхтоўкі, уменне рашаць нестандартныя задачы, валоданне крэатыўнасцю, крытычным мысленнем, галоўнае – змог атрымаць вопыт карысных зносін з равеснікамі.
Будзем спадзявацца, што ўніверсальныя навыкі, неабходныя чалавеку ХХІ стагоддзя, дапамогуць Раману годна вытрымаць выпрабаванні выніковай атэстацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, паспяхова здаць цэнтралізаваны экзамен па беларускай мове.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Т. Бакуновіч, загадчык Іўеўскага вучэбна-метадычнага кабінета.






