Ветэран педагагічнай працы Геранёнскай СШ Алімпіяда Паўлаўна Семяновіч-Місевіч будзе адзначаць стагоддзе свайго жыцця 17 лютага 2026 года.
Алімпіяда Паўлаўна нарадзілася 17 лютага 1926 года ў в. Агароднікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Сям’я была вялікай і дружнай, у якой падрастала чацвёра дзяцей. Пасля заканчэння сярэдняй школы Алімпа, так звалі дзяўчыну дома, паступіла на вучобу ў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Пражывала ў час вучобы ў роднай хаце, а не ў інтэрнаце, бо да дому было толькі 2 кіламетры.


Пасля заканчэння вучобы яе адправілі на работу на Іўеўшчыну, у Туланскую пачатковую школу Геранёнскага сельсавета. У 1955 годзе, калі пачатковыя школы ў вёсках Туланка і Завергане былі скарочаны, а замест іх адкрыта Трышоцкая пачатковая школа, Алімпіяда Семяновіч была назначана дырэктарам.

Сціплая, прыгожая дзяўчына спадабалася ўсім жыхарам вёскі. Дзеці вельмі любілі Ліму Паўлаўну (імя Алімпіяда ім было цяжка выгаварыць) за дабрыню і спагаду і са здавальненнем беглі ў школу, якая размяшчалася ў хаце Юзэфы Місевіч.
А ў гаспадыні хаты быў сын Іван Баляслававіч Місевіч. Спачатку ён працаваў на паляводстве ў калгасе «1 Мая”, які быў створаны 5 красавіка 1951 года ў в. Туланка. Пазней – у будаўнічай брыгадзе калгаса імя XXII партз’езда. Пабудаваў новую хату, у якой Алімпіяда Паўлаўна стала добрай гаспадыняй, жонкай і маці дваіх дзяцей – сына Мікалая і дачушкі Валянціны.

Пасля закрыцця Трышоцкай пачатковай школы яе перавялі на працу ў Геранёнскую школу, якая ў 1962 годзе была ператворана ў сярэднюю. Напаўняльнасць класаў была вялікая (больш 20 чалавек), але Алімпіяда Паўлаўна са сваімі абавязкамі спраўлялася выдатна: вяла ўрокі, праводзіла розныя святы, наведвала бацькоў сваіх вучняў, перадавала свой вопыт работы маладым настаўнікам. За добрасумленную працу па рашэнні педагагічнага савета і раённага аддзела народнай асветы атрымлівала шмат ганаровых грамат.

Дзякуючы моцнаму характару Алімпіяда Паўлаўна перажыла цяжкія ўдары лёсу: у 2000 годзе трагічна загінуў сын, у 2003 годзе ва ўзросце 67 гадоў ад цяжкай хваробы памёр муж. Яе падтрымлівалі суседзі, настаўнікі і, вядома, дачка Валянціна і яе муж Сяргей.
Валянціна – гэта радасць маці. Выдатна закончыла школу, атрымала вышэйшую адукацыю. Ужо многа год пражывае ў Мінску. Працуе ў Беларускім аднаўленчым пратэзна-артапедычным цэнтры інжынерам па нарміраванні працы. Дачка забрала маці да сябе, клапоціцца аб яе здароўі і душэўным стане. Вельмі часта прывозіць ў в. Туланку, у яе родны дом.
А як радуецца Алімпіяда Паўлаўна сваімі ўнукамі! Вольга, ваенны капітан, працуе ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Унук Алег – дырэктар сваёй фірмы па грузаперавозках. У сем’ях унукоў па двое дзяцей.
Праўнукі Алімпіяды Паўлаўны, як маленькія сонейкі, саграваюць душу: Цімур – 3 гады, Каця – 5 гадоў, Арцём – 10 гадоў, Вадзім – 13 гадоў.

Я добра ведаю Алімпіяду Паўлаўну, бо мы працавалі разам. Я – старшая піянерважатая школы, разам з настаўніцай рыхтавалі свята “Чырвонай зорачкі” першакласнікам, а ў 3 класе – свята “Чырвонага гальштука”. Яна і мяне вучыла адкрываць добрае і прыгожае, распазнаваць таленты ў дзяцей. Яна ніколі не сказала дрэннага слова пра чалавека. І калі, бывала, да мяне адносіліся несправядліва, то Алімпіяда Паўлаўна казала: “Перастань рэагаваць на кожную дробязь. Усё будзе добра!”. Яна ніколі не скардзілася на свой лёс, бо лічыла, што жыццё – гэта ўжо шчасце.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алена Смалянічэнка.
Фота з сямейнага архіва.






