0
Образование

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юрацішкаўскай СШ Нона Сілюк: «Няма дзяцей – ёсць людзі»

НАСТАЎНІК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ ЮРАЦІШКАЎСКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ Нона Сілюк.

«Асноўныя каштоўнасці любога чалавека фарміруюцца ў сям’і»

Наша гераіня прызнаецца, што яе змалку прывучалі да працы, да разумення таго, што добрая адукацыя адчыняе дзверы ў вялікі свет, а сям’я – гэта надзейны тыл і магчымасць пазбегнуць адзіноты.

— Я з’яўляюся прадстаўніком таго пакалення, для якога патрыятызм, адказнасць, сумленне, высакароднасць, самаахвярнасць – не пустыя словы. Таму ўсе гэтыя каштоўнасці я імкнуся перадаваць сваім вучням.

«Гульня “У школу”»

— Колькі сябе памятаю, заўсёды марыла быць настаўніцай. Любімая гульня ў дзяцінстве – “У школу”. Першай маёй «вучаніцай» была малодшая сястра. Спачатку марыла стаць настаўніцай геаграфіі: знаёміцца з далёкімі краінамі – гэта так рамантычна і цікава, але любоў да настаўніцы беларускай мовы Нілы Андрэеўны Будзько перамагла. Таму ў 16 гадоў я стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ, – з цеплынёй расказвае Нона Сілюк.

«Няма дзяцей – ёсць людзі»

Наша гераіня лічыць сябе дэмакратычным настаўнікам, які імкнецца ўлічваць індывідуальныя здольнасці сваіх вучняў і ствараць умовы для самаразвіцця і самавызначэнная.

— Пераканана, што без веры ў дзіцячыя магчымасці, без даверу ўсе нашы метады і прыёмы навучэння і выхавання нічога не значаць. Я люблю сваю работу, люблю дзяцей, іх непасрэднасць і нават капрызы. Для мяне як настаўніка важна разумець свайго вучня, паважаць яго меркаванні, падтрымліваць яго поспехі, захоўваць яго сакрэты, – адзначае настаўніца. 

«Натхняе і прымушае вучыцца»

— Калі дзіцячыя вочы напоўнены радасцю і цікавасцю да майго прадмета, калі мы разам дасягаем пэўных вяршынь, то гэта натхняе і прымушае вучыцца, знаходзіць новае, здзіўляць і здіўляцца, – прызнаецца Нона Уладзіміраўна.

«Паспяховы настаўнік – гэта…»

Па меркаванні Ноны Сілюк, гэта настаўнік, які рухаецца наперад і адаптуецца да новага. Яна пераканана, што сучасны настаўнік павінен быць упэўненым і адкрытым для новых ідэй, знаходзіцца ў пастаянным пошуку цікавых падыходаў і незвычайных формаў, энергічным і мабільным.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

 

Ксенія Салей.