Экономика

На хутары Пятроўскіх і Буклісаў. Працягваем падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4, частка 5, частка 6.

На хутары Пятроўскіх

Хутар Пятроўскіх заснаваны ў Шчучым Бары да вайны, калі тут купіла зямлю і прыехала жыць маладая сям’я Русаковічаў. Аляксей Русаковіч быў родам з вёскі Русачкі, што за Юрацішкамі. Яго жонка Зінаіда была з вёскі Круплі. 

Навасёлы з энтузіязмам працавалі: пабудавалі хату за 200 метраў ад хутароў Антончыкаў, апрацоўвалі зямлю, завялі гаспадарку, марылі аб дзецях. Але іх планы абарвала Вялікая Айчынная вайна. Аляксей быў прызваны на фронт і ў Шчучы Бор не вярнуўся. Маладой жонцы прыйшла пахаронка аб яго гібелі.

Закончылася вайна, і адзінокай жанчыне прыйшлося пачынаць уласнае жыццё спачатку. Яна выйшла замуж за Станіслава Пятроўскага, які быў родам з Даўнараў. Хутар ажыў з прыходам новага гаспадара. Станіслаў быў добрым сем’янінам, працавітым земляробам. Такім і павінен быць хутаранін.

Развіць заможны хутар Пятроўскім не ўдалося, бо хутка пасля вайны прайшла калектывізацыя. Станіслаў і Зінаіда пайшлі працаваць у калгаснае паляводства. Надзейнымі памочнікамі бацькоў у працы сталі дзеці: Франц, Ганна і Віктар.

Старэйшы сын Франц, 1947 г.н., закончыў у 1966 годзе Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымаў прафесію агранома. Працаваў загадчыкам вытворчых участкаў у Верашчаках калгаса імені Заслонава, у Лелюках калгаса “Савецкая Беларусь”. Затым пераехаў у Ліду і працаваў токарам на заводзе “Лідсельмаш”. З Ліды зноў вярнуўся ў Іўеўскі раён і працаваў рахункаводам, а затым сакратаром Ліпнішкаўскага сельсавета.

Жаніцьба змяніла жыццё Франца. Ён паехаў за жонкай у Мінск і шмат працаваў, каб набыць кватэру, уладкаваць дабрабыт сям’і. Працаваў ліцейшчыкам на ВА “Інтэграл”, на футлярным заводзе, на вагонарамонтным прадпрыемстве.

І другія дзеці Пятроўскіх выбралі месцам жыцця і працы Мінск. Дачка Ганна, 1953 г.н., працавала ў аддзеле тэхнічнага кантролю на шарыка-падшыпнікавым заводзе. 

Малодшы сын Віктар, 1951 г.н., працаваў да пенсіі рабочым на трактарным заводзе.

На хутарах Буклісаў

Асобны хутар, які адносіўся да сярэдніх хутароў Шчучага Бору, заснаваў Іван Зянонавіч Букліс, 1915 г. н. 

Ажаніўся і прывёз на хутар маладую жонку Элеанору Таргонскую, 1930 г. н., якая была родам з хутара Гарач каля вёскі Більмоны Лаздунскага сельсавета. Іван Зянонавіч пражыў 45 гадоў, а яго жонка Элеанора Станіславаўна 89 гадоў. 

Пасля смерці мужа ў 45 – гадовым узросце, маладой жанчыне было цяжка адной гадаваць траіх дзяцей і, каб мець гаспадара ў хаце, яна сышлася для сумеснага жыцця з Міхаілам Броднікавым, які быў родам з Расіі, а пражываў у Маладзечна. Міхаіл Матвеевіч быў выдатным сталяром, і яго заробкі ад сталярства ў мясцовага насельніцтва былі вялікім падспор’ем у бюджэце сям’і.

У 1960-я гады многія сем’і са Шчучага Бору выязджалі на заробкі ў Казахстан. Услед за іншымі паехалі туды паспытать шчасце Элеанора Букліс з Міхаілам Броднікавым і трыма яе дзецьмі.

Сям’я пражывала з 1966 па 1970 год у Чуйскім раёне Джамбульскай вобласці. За ўвесь перыяд змянілі 6 саўгасаў у раёне, каб знайсці больш-менш дастойныя ўмовы для жыцця і заробкі. Элеанора працавала ў саўгасным паляводстве. Міхаіл працаваў індывідуальна. Будаваў казахам дамы, веранды. Дзеці хадзілі ў школу. 

Але туга па радзіме не пакідала пересяленцаў кожны дзень. І дарослыя, і дзеці вельмі хацелі вярнуцца назад. І яны вярнуліся ў 1970 годзе. Купілі хату ў вёсцы Гудзішкі і пасяліліся туды жыць. Элеанора працавала даяркай на ферме “Гудзішкі” ў калгасе “Іскра”.

Дзеці Элеаноры Букліс закончылі Даўнарскую школу і раз’ехаліся. Старэйшая дачка Марыя, 1954 г. н., пасля заканчэння курсаў працавала прадаўцом у г. Маладзечна, а затым перайшла на Маладзечанскі хлебазавод і тут 35 гадоў адпрацавала пекарам. З мужам Рыгорам Юльянавічам яны пабудавалі ўласны дом, але, на жаль, муж рана пайшоў з жыцця ва ўзросце 28 гадоў. Сын Марыі Іванаўны Віталій пражывае ў Маладзечне і працуе на хлебазаводзе. Дачка Іна пражывае ў Баранавічах і працуе краўчыхай. 

Малодшая дачка Элеаноры Яніна, 1958 г.н., закончыла Ільянскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці ветфельчар. Па размеркаванни паехала на працу ў калгас “Дружба народаў” Смаргонскага раёна. У працоўнай кніжцы Яніны Іванаўны толькі два запісы: прынята на працу ветфельчарам у 1978 годзе і звольнена ў сувязі з выхадам на пенсію ў 2013 годзе. Яе агульны стаж па спецыяльнасці 39 гадоў. 

Муж Яніны Іванаўны Мар’ян Іосіфавіч Стурліс перадавы механізатар, адпрацаваў больш 40 гадоў трактарыстам і камбайнёрам у калгасе “Дружба народаў”. Сям’я пражывае ў вёсцы Валэйкавічы на Смаргоншчыне. 

Сын Стурлісаў Іван звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Пражывае з сям’ёй у вёсцы Сыраваткі Смаргонскага раёна і працуе зваршчыкам на буйным свінакомплексе “Сыраваткі” СП “Філіял Жодзішкі УПП Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў”. 

Малодшы сын Элеаноры Эдзік, 1961 г.н., закончыў курсы трактарыстаў пры Лаздунскай ПМК міліярацыі. Працаваў у Лаздунскай ПМК трактарыстам, а затым шафёрам у калгасе “Іскра”, слесарам на аўтабазе Юрацішкі, рабочым у дрэваапрацоўчым цэху Іўеўскага лясгаса ў Юрацішках. 

З 2002 года Эдуард пражывае з сям’ёй у в.Барысаўка Бакштаўскага сельсавета. Да выхаду на пенсію ў 2024 годзе працаваў вартаўніком у Бакштаўскай сярэдняй школе. Жонка Ганна Міхайлаўна працуе аператарам на АЗС №10 у Юрацішках. Старэйшы сын Эдуарда і Ганны Дзмітрый вярнуўся са службы ва Узброеных СІлах РБ. Тэрміновую службу праходзіў у роце ганаровай варты ў сталіцы. Сын Юрый навучаецца ў Іўеўскім каледжы на машыніста халадзільных установак, электраманцёра-вадзіцеля катэгорыі В, С. Дачка Юлія перайшла ў 8 клас Бакштаўскай сярэдняй школы імені М.М.Чэрнік.

Другі хутар Буклісаў у Шчучым Бары пабудаваў Мікалай Букліс, 1896 г.н. 

Ён ажаніўся з дзяўчынай Ганнай Валканоўскай, 1906 г.н., якая была малодшая за мужа на 10 гадоў. Мікалай пражыў 66 гадоў, а Ганна пражыла 64 гады.

У сям’і Мікалая і Ганны Буклісаў было 5 дзяцей. Старэйшая дачка Ганна з братам Дзмітрыем паехалі ў маладосці на працу ў Казахстан і пражывалі ў горадзе Цеміртау Карагандзінскай вобласці. Дзмітрый там працаваў і завочна вучыўся, атрымаў прафесію інжынера і працаваў па спецыяльнасці. Меў 2 сыны і дачку. Яго сыны Дзмітрый і Сяргей жывуць і працуюць у Маскве, а дачка Таццяна памерла ў маладым узросце.

Ганна Мікалаеўна Букліс. 1961 г

Ганна Букліс пражывала ў г. Цеміртау і працавала афіцыянткай у рэстаране. Была замужам, але дзяцей не мела. Атрымаўшы пенсію, у 1988 годзе яна вярнулася з Казахстана ў Шчучы Бор у бацькоўскую хату. Шчасце ёй усміхнулася ў пажылым узросце. Яна выйшла замуж у вёску Шашкі за Іосіфа Аўдзевіча. Сям’я пражывала там да апошніх дзён жыцця.

Дачка Мікалая і Ганны Клаўдзія жыла з бацькамі на хутары, працавала ў калгасным паляводстве. Замуж выйшла ў 45-гадовым узросце за Рамана Ліхарада, які быў родам з Юрацішак. Ён пераехаў жыць у Шчучы Бор у хату да Клавы. Яна працавала ў ільнаводчым звяне калгаса, Раман – у паляводчай брыгадзе.

Клаўдзія Мікалаеўна Букліс

Чацвёрты па узросту сын Мікалая і Ганны Уладзімір, 1940 г.н., праходзіў тэрміновую службу ў абмежаваным кантынгенце савецкіх войск у Германіі, працягваў службу па кантракту прапаршчыкам. Вярнуўся ў Шчучы Бор і паехаў у Слонім вучыцца на экскаватаршчыка. З сябрам па вучобе былі на танцах у вёсцы Ходзевічы на Слонімшчыне. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай Верай Саванец. Вясельны вечар згулялі ў Ходзевічах у 1965 годзе. Сям’я Саванец была шматдзетнай – 12 дзяцей у хаце. Таму посаг Веры ад бацькоў быў небагаты: шафа для адзення, карова і два мяшкі мукі.

Уладзімір Букліс

Уладзімір з Верай пераехалі жыць у Шчучы Бор у бацькоўскі дом, дзе на той час пражывала маці і сястра Клава. Жылі з імі, паступова будавалі побач уласны дом. Уладзімір працаваў экскаватаршчыкам у Лаздунскай ПМК меліярацыі, а затым больш 20 гадоў лясніком Юрацішкаўскага лясніцтва. У любой справе ён быў умелы і акуратны. Умеў кошыкі плесці, зрабіць граблі, тапарышча, кассё, любіў рыбачыць на Бярэзіне. Шмат часу ўдзяляў гаспадарцы, дзе было да 1 га зямлі, конь, 2 каровы, авечкі, свінні, цяляты, гусі.

Жонка Уладзіміра Вера Іванаўна працавала рабочай у Юрацішкаўскім лясніцтве, як і ўсе вяскоўцы дапамагала калгасу “Іскра” у праполцы буракоў, уборцы ільну. Апошні час перад пенсіяй працавала кухоным работнікам на раздачы абедаў механізатарам у полі. Вечарамі вышывала, прала воўну на ніткі, вязала кофты і безрукаўкі дзецям і ўнукам. Уладзімір Мікалаевіч пражыў 76 гадоў, Вера Іванаўна – 67 гадоў.

Вера і Уладзімір Буклісы

У сям’і Уладзіміра і Веры Буклісаў трое дзяцей. Старэйшая дачка Ала, 1966 г.н., закончыла Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум у 1987 годзе, дзе атрымала спецыяльнасць “майстар вытворчага навучання”. Па размеркаванні яе накіравалі працаваць у Іўеўскае СПТУ-197. І вось ужо 38 гадоў Ала Уладзіміраўна займаецца сваёй любімай справай: навучае будучых будаўнікоў майстэрству аддзелачна-будаўнічых работ.

Ала Уладзіміраўнга Ефімец (Букліс) з выкладчыкамі і навучэнцамі Іўеўскага СПТУ 197

Ала Уладзіміраўна неразлучна звязала сваё жыццё з Іўем. Тут у 1987 годзе выйшла замуж, атрымала кватэру для сям’і. Муж яе, Мікалай Леанідавіч Ефімец, працаваў інструктарам па ваджэнню аўтамабіля ў вучылішчы, рана пайшоў з жыцця. Дачка Ефімцоў Таццяна пражывае з сям’ёй у Лідзе і працуе у электрасетках. Сын Вадзім пражывае і працуе ў Мінску.

Ала Ефімец з дачкой Таццянай і ўнукам

Сын Уладзіміра і Веры Буклісаў Мікалай, 1968 г.н., пражывае з сям’ёй у в.Даўнары. Працуе ў Мінску трактарыстам у ЖКГ. Мае двух сыноў – Артура і Кірыла. Артур працуе вадзіцелем дальнябойшчыкам. Кірыл закончыў ваенную Акадэмію ў сталіцы і ўжо два гады, як працуе выкладчыкам у гэтай Акадэміі. 

Уладзімір Букліс з братам Аляксандрам і дзецьмі

Малодшая дачка Уладзіміра і Веры Буклісаў Валянціна, 1977 г.н., працавала ў Гродзенскім дзяржаўным ліцэі будаўнікоў выкладчыкам спецыяльных дысцыплін. Яна рана пайшла з жыцця ва ўзросце 33 гады і пакінула пасля сябе сыночка Ягора.

Самы меншы сын Мікалая і Ганны Буклісаў Аляксандр, 1943 г.н., быў двойчы жанаты. З першай жонкай жыў у вёсцы Рум Валожынскага раёна, а ў 1970 годзе пераехаў у вёску Белакорац на Валожыншчыне, пабудаваў тут уласны дом і працаваў у мясцовым калгасе. Яго другая жонка Алімпіяда працавала сакратаром сельскага Савета. Два сыны Аляксандра, Сяргей і Леанід, пражываюць у Валожыне.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег ІГЛІЦКІ.

Працяг будзе.