Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4, частка 5, частка 6, частка 7.
На хутары Грабоўскіх
На асобна пабудаваным хутары ў Шчучым Бары пражывала сям’я Грабоўскіх. Пра радавод Грабоўскіх расказала праўнучка заснавальніка хутара Валянціна Іосіфаўна Шумская, якая пражывае ў Іўі. Яе прадзед Філіп Букліс купіў зямлю ў Шчучым Бары ў пачатку XX стагоддзя. Першую яго жонку звалі Ганна, але яна памерла. Удавец ажаніўся другі раз. Імя другой жонкі невядомае.
У Філіпа было чацвера дзяцей. Сын Мікалай жыў на хутары бацькі ў сваім доме з жонкай Ганнай і сям’ёй. Адна дачка выйшла замуж у Такарышкі. А другая паехала на заробкі ў Амерыку і там засталася.
Дачка Філіпа Ірына, 1907 г.н., выйшла замуж за Іосіфа Якубавіча Грабоўскага, 1900 г.н., які быў родам з вёскі Рум Валожынскага раёна. Маладая сям’я пабудавала свой уласны дом на зямлі хутара бацькі Ірыны. З цягам часу яны і сталі нашчадкамі гэтага хутара. Старанна працавалі, як і іншыя хутаране. Іосіф пражыў 73 гады, Ірына – 78 гадоў.

У сям’і Іосіфа і Ірыны Грабоўскіх было 7 дзяцей. Двое з іх памерлі ў раннім дзяцінстве. Старэйшы сын Іван у 18-гадовым узросце быў прызваны на фронт у час Другой сусветнай вайны. Адразу ад яго прыходзілі кароткія весткі, што быў паранены ў баі і ляжаў у шпіталі. Пасля сувязь абарвалася. Пасля вайны бацькам прыйшла пахаронка, што іх сын Іван прапаў без вестак пад Кёнігсбергам. Бацькі давалі запыт у архіў Міністэрства абароны ў Маскву. Адтуль прыйшло паведамленне, што баец Іван Грабоўскі ўзнагароджаны баявым медалём пасмяротна. Маці Ірына Філіпаўна атрымоўвала ад дзяржавы пенсію па страце кармільца.

Дачка Грабоўскіх Зінаіда выйшла замуж за хлопца Івана Чэрніка з хутара Ліпкі Валожынскага раёна. У пажылым узросце яны вярнуліся ў Шчучы Бор і пражывалі ў бацькоўскай хаце.
Дачка Грабоўскіх Вера выйшла замуж на радзіму дзеда ў вёску Рум Валожынскага раёна за Мікалая Зялкоўскага. Яны працавалі ў калгасным паляводстве.


Дачка Грабоўскіх Надзея выйшла замуж за мясцовага хлопца з Шчучага Бору Пятра Лапуця. У 1980 годзе яны пераехалі на новае месца жыхарства ў вёску Красоўшчына. Пётр працаваў трактарыстам у калгасе, а Надзея – тэхнічным работнікам у клубе.
Малодшая дачка Грабоўскіх Марыя Іосіфаўна выйшла замуж у Іўе за Іосіфа Шэўчыка.

Апошнія 10 гадоў да пенсіі яна працавала эканамістам у Іўеўскай раённай бальніцы. Іосіф Васільевіч да выхаду на пенсію працаваў прарабам па будаўніцтве ў Іўеўскім ПМК-149. На рахунку вопытнага і прафесійнага будаўніка былі важныя будаўнічыя аб’екты райцэнтра: будынкі райвыканкама, гімназіі, школы-інтэрната, рэстарана “Вясна” і многіх жыллёвых шматпавярховых дамоў у новым мікрараёне Іўя.

Дзеці Іосіфа і Марыі Шэўчыкаў перанялі ад бацькоў лепшыя задаткі адказнасці і стараннасці, працавітасці. Старэйшая дачка Святлана пражывае з сям’ёй ў Мінску. Закончыла Беларускі палітэхнічны інстытут, па пра-фесіі інжынер. Працуе ў Мінску на заводзе калёсных цягачоў начальнікам планавага бюро.
Малодшая дачка Валянціна закончыла Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці, па прафесіі эканаміст. Працавала бухгалтарам, галоўным бухгалтарам раённага аддзела адукацыі. Цяпер працуе намеснікам галоўнага бухгалтара Іўеўскага лясгаса.
Вельмі цікава склаўся далейшы лёс Філіпа Букліса. Яго першая жонка Ганна памерла ў 75 – гадовым узросце. 80-гадовы ўдавец ажаніўся другі раз з незамужняй, саракагадовай дзяўчынай Марыяй са Шчучага Бору, якая жыла па суседству. Яны афіцыйна зарэгістравалі шлюб. Сям’я жыла ў хаце Філіпа. Марыя нарадзіла ад Філіпа двое дзяцей – Ліду, 1934 г.н., і Пятра, 1939 г.н.
Філіп і Марыя жылі дружна, у згодзе, гадавалі малых дзяцей. Афіцыйна дзеці насілі прозвішча Букліс. У пары яны пражылі 9 гадоў. І ўсё было б добра, каб не хвароба, якая разлучыла іх назаўжды, асіраціла іх дзяцей. Яны захварэлі на туберкулёз і памерлі ў адзін год. Іх пахавалі на могілках у Грабава.
Дзяцей забрала да сябе гадаваць старэйшая дачка Філіпа ад першага шлюбу Ірына, якая пражывала ў Шчучым Бары. Дзеці выраслі і прадоўжылі род Буклісаў.
Дачка Філіпа і Марыі Ліда выйшла замуж за хлопца са Шчучага Бору Купрыяна Міхалевіча. Яны жылі на хутары каля рэчкі Бярэзіна і мелі трое дзяцей. Іх старэйшы сын Купрыян пражывае ў Літве. Сын Аляксандр – у Юрацішках, дачка Людміла – у Іўі.
Сын Філіпа і Марыі Пётр паехаў у Мінск, вывучыўся на фатографа і працаваў у фотаатэлье сталіцы. Прыязджаў у Шчучы Бор і фатаграфаваў родных і блізкіх. Яго фотаработы прафесіянальныя, якасныя, цікавыя па кампазіцыі. Пётр меў кватэру ў Мінску і пражываў з сям’ёй. Яго ўжо няма ў жывых, а ў кватэры пражывае жонка Іна. Двое дзяцей Пятра і Іны жывуць і працуюць у Мінску.
На хутары Сасноўскіх
Воддаль ад хутароў Буклісаў стаяла хата, гаспадарчыя пабудовы і кузня Івана Сасноўскага. Іван Сяменавіч, 1907 г.н., быў родам са Шчучага Бору. А яго жонка Стэфанія Ануфрыеўна Міхалевіч, 1914 г.н., таксама з гэтай вескі, з хутароў Рыжаўкі. Стэфанія працавала ў калгасным паляводстве, апрацоўвала дзялкі буракоў, рвала і вязала ў снапкі лён. На такія работы падключалася ўся сям’я Сасноўскіх.

Хутар Сасноўскага ведалі далёка за межамі Шчучага Бору. Іван Сямёнавіч быў выдатным кавалём. Падкоўваў коней, рабіў плугі і нарогі да плугоў, палазы да саняў, абады на калёсы, драпцы, гачкі, кубкі з латуні, каваў узоры да варотаў і брамак. А яшчэ Сасноўскі быў умелым рамеснікам-бондарам. Вырабляў на заказ драўляныя бочкі, масла-бойкі, скрынкі для захоўвання сала.
Сасноўскія дапамагалі ў гады вайны партызанам. Хавалі іх, бывала, у часы нямецкіх аблаў пад печчу, насілі ежу ў лес за рэчку Бярэзіна.
У Івана і Стэфаніі Сасноўскіх нарадзіліся пяцёра дзяцей. Але трое з іх памерлі ў гады вайны. Старэйшы хлопчык Коля памёр ад тыфу, яму споўніўся толькі год. Меншага хлопчыка не стала, калі яму было тры месяцы. Памерла і малая дзяўчынка. Засталіся жывымі толькі дзве дачкі.
Старэйшая дачка Сасноўскіх Марыя, 1937 г.н., выйшла замуж за хлопца са Шчучага Бору Аркадзя Калевіча. Брат Аркаддзя паехаў жыць у Расію, а хату ў Бакштах падарыў Аркадзю. Сям’я Калевічаў пераехала жыць у Бакшты. Марыя працавала кухонным работнікам у сталовай леспрамгаса аб’яднання “Маладзечнадрэў”. Яна была здольнай швачкай і ў свабодны час шыла на заказ як мужчынскае, так і жаночае адзенне. Муж Аркадзій Раманавіч працаваў шафёрам у леспрамгасе.
Старэйшая дачка Калевічаў Алена — на пенсіі, пражывае ў г. Маладзечна. Працавала ў пашпартным аддзеле Беларускай чыгункі ў г. Маладзечна. Малодшая дачка Калевічаў Леакадзія пражывае ў г. Маладзечна, на пенсіі.
Малодшая дачка Сасноўскіх Надзея, 1939 г.н., выйшла замуж у 1956 годзе за хлопца з вескі Верашчакі Аляксея Белаблоцкага, 1932 г.н. Сям’я пражывала ў Верашчаках. Надзея Іванаўна працавала рабочай у Юрацішкаўскім лясніцтве, а затым перайшла на працу цестамесам на Юрацішкаўскую хлебапякарню. Аляксей Іосіфавіч працаваў майстрам на агароднінасушыльным заводзе ў Юрацішках, а затым, да пенсіі, — лесніком Юрацішкаўскага лясніцтва.


Старэйшая дачка Белаблоцкіх Лілія, 1957 г.н., закончыла Юрацішкаўскую сярэднюю школу. А ў 1981 годзе атрымала дыплом выкладчыка рускай мовы і літаратуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. Вярнулася ў Іўеўскі раён і прыйшла працаваць настаўнікам Бакштаўскай сярэдняй школы ў 1981 годзе. Калектыў школы стаў для Ліліі Аляксандраўны родным і блізкім, як і вёска Бакшты. Тут з гадамі набіралася вопыту і майстэрства, атрымала вышэйшую катэгорыю настаўніка. Актыўнасць, творчы падыход да справы і дзелавыя якасці Ліліі Аляксееўны бачылі ў аддзеле адукацыі райвыканкама і прызначалі яе на адказныя кіруючыя пасады. Лілія Аляксееўна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, па вучэбнай рабоце, дырэктарам школы. На працягу 39 гадоў працягвала выкладаць рускую мову і літаратуру ў школе. Яе педагагічная праца адзначана неаднаразова Ганаровымі граматамі аблвыканкама і Міністэрства адукацыі РБ.
Муж Ліліі Аляксееўны Аляксандр Уладзіміравіч Буляк 28 гадоў адпрацаваў майстрам леспрамгаса ў Бакштах, намеснікам начальніка леспрамгаса. Апошнія 13 гадоў працуе старшынёй Бакштаўскага сельвыканкама.

Сын Булякоў Аляксей пражывае з сям’ёй у Маладзечне. Ён закончыў Мінскі будаўнічы тэхнікум і працуе спецыялістам па сантэхніцы ў будаўнічай арганізацыі горада. Дачка Булякоў Ірына закончыла хімічны факультэт БДУ, па спецыяльнасці настаўнік хіміі. Пражывае з сям’ёй у Мінску. Да сацыяльнага водпуску па догляду за дзіцем працавала настаўнікам хіміі ў школе пасёлка Калодзішчы.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.
Працяг будзе.






