Экономика

На хутарах Баркоўскіх, Лапуцёў. Працягваем падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4, частка 5, частка 6, частка 7, частка 8.

Прозвішча Баркоўскі нетыповае для мясцовасці Іўеўшчыны. Сцяпан Баркоўскі, 1904 г.н., быў ураджэнцам мястэчка Дзісна, што на Віцебшчыне. Закончыў 7 класаў царкоўна — прыхадской школы. У час службы ў польскай арміі працаваў пісарам пры штабе. Пасля службы ў войску, як чалавек адукаваны, ён прыехаў займацца закупам і нарыхтоўкай лесу ў Налібоцкую пушчу. Тут і застаўся. Другая сусветная вайна застала яго ў былым Юрацішкаўскім раёне.

У гады вайны нямецкія акупанты двойчы арыштоўвалі Сцяпана і адпраўлялі эшалонам у Германію на прымусовыя работы. І двойчы ён уцякаў з поезда. Адзін раз саскочыў з поезда разам з сябрам з вёскі Барсукі Вячаславам Зянько. Яны ўцяклі ў Польшчы і вярнуліся дамоў пешшу. Хаваліся ў лесе. Жыць у вёсках было небяспечна. Тут немцы часта рабілі аблавы. І Сцяпан з сябрам прымкнулі да партызанскай брыгады, якая дыслацыравалася ў Налібоцкай пушчы.

Тры месяцы Сцяпан Баркоўскі прабыў у атрадзе. А потым атрымаў заданне камандзіра пайсці, як казалі, на пастой у Шчучы Бор, каб працаваць і падтрымліваць гаспадарку жанчыны Марыі Лапуць, муж якой ваяваў на фронце. Партызанам патрэбныя былі прадукты харчавання, і такія партызанскія формы дапамогі ў вёсках гаспадаркам без гаспадароў часта практыкавалася і давала вынікі. Зямля была засеена, коні і іншая жывёла ў гаспадарцы былі дагледжаныя.

Марыя Іосіфаўна Лапуць

Так склалася, што муж Марыі Лапуць Іван быў мабілізаваны на фронт у пачатку вайны, бо, відаць, быў у гэты час на ваенных зборах. У канцы вайны з фронту ён не вярнуўся. Не дачакаўся бацькі з фронту і васьмігадовы сын Пётр, 1938 г.н. Сцяпан Баркоўскі за гады вайны стаў сваім і родным у сям’і Лапуцёў і не паехаў на сваю малую радзіму ў Дзісну.

Іван Лапуць, які загінуў на фронце

Сцяпан і Марыя стварылі новую сям’ю, хоць і жылі грамадзянскім шлюбам. Марыя і дзеці засталіся на прозвішчы Лапуць.

Пасля вайны Сцяпан Іосіфавіч, як чалавек адукаваны на той час, быў прызначаны брыгадзірам бакштаўскага калгаса імя Ульянава. А Марыя Іосіфаўна працавала ў паляводчай брыгадзе.

У 1954 годзе пачалося асваенне цалінных зямель Казахстана. Па аб’яве, ці, як у той час казалі, па вярбоўцы, у сярэднеазіяцкую рэспубліку СССР паехалі многія жыхары Шчучага Бору. У 1956 годзе адправілася туды на працу і сям’я Сцяпана Баркоўскага і Марыі Лапуць. Услед за перасяленцамі са станцыі Юрацішкі ў таварных вагонах адпраўлялі ў Казахстан жыўнасць гаспадароў — кароў і свіней.

Пасля прыбыцця да месца прызначэння, сям’я Баркоўскага працавала ў саўгасе Цалінаградскай вобласці. Перасяленцы сумавалі па беларускіх краявідах, бо тут няма лясоў, яны бачылі толькі стэп і неба. Сцяпан Іосіфавіч быў спецыяліст па лесу, сумаваў па лесе, і жыць без лесу яму было вельмі цяжка. Таму яго сям’я і пражыла  ў Казахстане толькі адзін год.

На той момант, калі Баркоўскія вярнуліся з Казахстана, старэйшы сын Марыі Іосіфаўны Пётр жыў у хаце бацькоў і быў жанаты на мясцовай дзяўчыне са Шчучага Бору Надзее Грабоўскай.

Пётр Лапуць у час службы ў арміі 

Баркоўскі з жонкай Марыяй і дзецьмі не сталі замінаць маладой сям’і Пятра. Часова жылі ў сяброўкі Марыі ў Рыжаўках. Кіраўніцтва калгаса было вельмі задаволена вяртаннем Сцяпана Баркоўскага, і зноў запрасілі яго на працу брыгадзірам, дапамаглі яму бясплатнай драўнінай на будаўніцтва хаты. Справа ішла хутка, бо Сцяпан Іосіфавіч сам быў выдатны цясляр і сталяр.

Пётр Лапуць і Надзея Грабоўская ў дзень вяселля
Пётр Лапуць з жонкай Надзеяй і дочкамі Галінай і Ленай

Сцяпан Баркоўскі 8 гадоў адпрацаваў брыгадзірам у калгасе, а пасля прыезду падрыхтаванага спецыяліста, пайшоў працаваць рабочым у паляводчую брыгаду. Ён пражыў 72 гады.

Складаны і цяжкі лёс быў у Марыі Іосіфаўны Лапуць. Яна нарадзілася ў 1912 годзе і рана засталася сіратой. Бо бацькі памерлі ў гады Першай сусветнай вайны ад халеры, а малодшы брацік у 4-гадовым узросце памёр ад голаду.

Марыя цудам выжыла, бо яе ўзяў да сябе ў сям’ю дзядзька з вёскі Гудзішкі. Марыя вырасла, выйшла замуж за Івана Лапуця з вёскі Шчучы Бор. У іх нарадзіўся сын Пётр. Перад Другой сусветнай вайной яны пабудавалі сваю хату ў Шчучым Бары. Марыя ў вольны час ад працы вечарамі прала ніткі, ткала на кроснах ручнікі, палавікі, дзяружкі. Марыя Іосіфаўна пражыла 72 гады.

У сям’і Сцяпана Баркоўскага і Марыі Лапуць выраслі чацвера дзяцей. Старэйшая дачка Валянціна, 1949 г.н., пражывала з сям’ёй у Гродне і працавала на прадзільна-нітачным камбінаце, а затым закройшчыцай на пальчатачнай фабрыцы.

Сын Сцяпан, 1950 г.н., закончыў Новалукомльскае будаўнічае вучылішча, па прафесіі маляр-штукатур. Працаваў ў Гродне і 6 гадоў адпрацаваў па спецыяльнасці ў будаўнічых арганізацыях горада. У Гродне закончыў вячэрняе аддзяленне палітэхнічнага тэхнікума і атрымаў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка.

У 1975 годзе Сцяпан Сцяпа-навіч пераехаў у Мінск і працаваў больш 20 гадоў майстрам на заводзе жалезабетонных вырабаў. Далей яго працоўны шлях прайшоў у розных будаўнічых дзяржаўных і прыватных арганізацыях і фірмах.

Жонка Сцяпана Сцяпанавіча Ганна Уладзіміраўна закончыла Горыцкую сельскагаспадарчую акадэмію, па прафесіі інжынер меліярацыйных работ. Працавала інжынерам у вытворча-тэхнічных аддзелах будаўнічых арганізацый Мінска.

У сям’і Сцяпана і Ганны дзве дачкі. Старэйшая дачка Вольга пражывае з сям’ёй у Мінску і працуе інжынерам у энергетычнай сферы. Малодшая дачка Ірына па прафесіі псіхолаг і працуе ў адной са школ сталіцы.

Сын Сцяпана Баркоўскага і Марыі Лапуць Мікалай Лапуць, 1952 г.н., пражываў з сям’ёй у Іўі і працаваў шафёрам у рэдакцыі газеты “Іўеўскі край”. Яго сын Аляксандр жыве і працуе ў Іўі.

Малодшая дачка Сцяпана Баркоўскага і Марыі Лапуць Вера, 1953 г.н., пражывае ў горадзе Пінску. Да пенсіі працавала ў Пінскім філіяле вытворчага аб’яднання “Інтэграл”. Яе дзеці пражываюць у Пінску.

Сцяпан Сцяпанавіч Лапуць не забывае сваю малую радзіму Шчучы Бор. З жонкай Ганнай Уладзіміраўнай яны рэгулярна прыязджаюць у вёску, каб пабыць у хаце бацькоў, адпачыць ад гарадскога шуму. Даглядаюць хату, двор, наведваюць могілкі ў Грабава, прыбіраюць магілы бацькоў. Памяць пра іх, пра вёску, пра гады маленства і юнацтва жывяць успаміны, даюць невычэрпныя сілы і энергію для далейшага жыцця.

Толькі што мы пазнаёміліся з радаводам сям’і Баркоўскіх і даведаліся пра лёс Марыі Лапуць, муж якой Іван пайшоў на фронт і не вярнуўся. Пра абставіны яго гібелі расказала ўнучка Івана, дачка Пятра Лапуця Галіна Пятроўна Комса, якая пражывае ў вёсцы Красоўшчына. Сям’я вяла пошукі бацькі і дзеда, даведалася, што Іван Лапуць загінуў у баі на фронце ва Усходняй Прусіі і пахаваны там у брацкай магіле. 

Адзіны сын Івана Пётр, 1938 г.н., жыў у бацькавай хаце. Калі яму споўнілася 18 гадоў, ажаніўся з дзяўчынай з Шчучага Бору Надзеяй Грабоўскай, 1934 г.н. У 1957 годзе Пятра мабілізавалі ў Савецкую армію, і ён тры гады служыў у Маскве ў стройбаце. Там атрымаў прафесіі шафёра і трактарыста. У 1958 годзе ў сям’і Лапуць нарадзілася дачка Галіна. Пакуль Пётр служыў у арміі, Надзея з дзіцём жыла ў Шчучым Бары і чакала мужа.

Пасля вяртання са службы ў 1960 годзе, Пётр і Надзея паехалі па вярбоўцы на працу ў Казахстан. Пётр працаваў шафёрам у саўгасе, а Надзея — на птушкаферме. Яны пражылі ў Казахстане тры гады, і па просьбе бацькоў Надзеі вярнуліся ў Шчучы Бор. Пётр працаваў трактарыстам у калгасе імя Ульянава, а затым у калгасе “Іскра”. Надзея хадзіла на працу ў паляводства.

У 1980 годзе сям’я Лапуць перавезла хату ў Красоўшчыну. Пётр працаваў у калгасе імя Якуба Коласа трактарыстам, а Надзея — тэхнічным работнікам у Красоўшчынскім клубе. Пётр пражыў 55 гадоў, а Надзея — 65 гадоў.

Старэйшая дачка Пятра і Надзеі Галіна закончыла Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць бухгалтара. У 1976 годзе прыехала на працу ў Іўе. Тут сустрэла свой лёс – мужа Аляксандра Комсу з вёскі Астраўцы. Сям’я жыла ў Іўі. Аляксандр Леанідавіч працаваў у Іўі ў МПМК-149 трактарыстам. Галіна Пятроўна 20 гадоў адпрацавала бухгалтарам у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання.

У калгасе імя Якуба Коласа ў Красоўшчыне вялося будаўніцтва жылля для маладых сямей, і сям’я Комсаў вырашыла пераехаць у вёску, каб мець пастаяннае жыллё. У Красоўшчыну сям’я пераехала ў 1978 годзе. Аляксандр Леанідавіч да пенсіі працаваў у калгасе трактарыстам і камбайнёрам. Пражыў 67 гадоў. Галіна Пятроўна 7 гадоў працавала загадчыкам Красоўшчынскай сельскай бібліятэкі, а затым перайшла на працу ў калгас і 10 гадоў адпрацавала загадчыцай малочнатаварнай фермы ў вёсцы Красоўшчына. Калектыў фермы абслугоўваў 100 галоў дойнага статка і 100 — 150 галоў цялушак на адкорме.

Цяпер Галіна Пятроўна на пенсіі і пражывае ў Красоўшчыне. Яе сын Сяргей пражывае з сям’ёй у Іўі і працуе вадзіцелем у райвыканкаме. Сын Сяргея Алег працуе праграмістам у навукова-даследчым інстытуце ў Мінску. Дачка Арына перайшла ў 11 клас Іўеўскай сярэдняй школы.

Малодшая дачка Пятра і Надзеі Лапуць Алена, 1965 г.н., пражывае у Гродне. Да выхаду на пенсію працавала сакратаром у Гродзенскай абласной бальніцы. Яе муж Сяргей працаваў будаўніком-мантажнікам. Дачка Наталля працуе праграмістам у прыватнай фірме ў Гродне. Сын Валерый па прафесіі інжынер, пражывае і працуе у Германіі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег ІГЛІЦКІ.

Працяг будзе.