За тры гады акупацыі (з 24 чэрвеня 1941 года па 7 ліпеня 1944 года) нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ў нашым раёне 6 вёсак — 115 дамоў і 131 жыхара. Ятаўтавічы, Верашчакі, Матыкаўшчына, Юраўскія, Кавалёвы, Бакшты — іўеўскія сёстры Хатыні.
…Спакон вякоў жылі тут людзі. Сеялі хлеб, кахалі, нараджалі і расцілі дзяцей. Бацька перадаваў сваю справу і хату ў маладыя рукі сына, той — далей, і працягвалася стужачка жыцця…
Вёска на попеле
— Вёска наша прыгожая была, — расказваў некалі В. Захар, — 40 дамоў адзін каля другога стаялі. У кожнай хаце хлопцы, дзяўчаты — шмат моладзі падрастала. Нас, малых і падлеткаў, ажно завідкі бралі, калі збіраліся вечарынкі. Якіх толькі песень ні пачуеш! Як толькі абцасы вытрымлівалі тыя полькі і кракавякі!
У вайну ўжо больш асцярожна, канешне, збіраліся. Моладзь бацькі хавалі, каб не вывозілі немцы ў Германію. Але іх лавілі каля касцёла выхаднымі днямі. Так і сястру маю забралі.

Немцы наведваліся рэдка. А партызаны былі частымі гасцямі. У тую нядзелю, 23 лютага 1943 года, яны адпачывалі ў вёсцы. Завалілі дрэвамі дарогу на Ятаўтавічы, коней не распрагалі. А тут пачалі пад’язджаць нямецкія машыны. Партызаны распачалі з немцамі бой. Няроўным ён, канешне, быў. Пабілі, паранілі і іх, і вяскоўцаў. Да ночы ўсё заціхла, павывозілі раненых.
Калі пайшла страляніна, наш бацька з маці (яна цяжарная была) пайшлі ў Пасолішкі. Баялася маці, каб не забралі бацьку ў Германію. Куды ж тады з малымі дзецьмі. Хто ж думаў, што так адбудзецца…
Ранкам, а дзесятай гадзіне, немцы акружылі вёску. Да сястры ехаў на кані чалавек — яго забілі, падпалілі хутар, што стаяў каля самага лесу.
Людзей пачалі зганяць на сход. На сход, дык на сход… Мой 26-гадовы брат і суседка, убачыўшы, што на сход зганяюць чамусьці ў гумно, — не пайшлі. У хляве схаваліся. Іх заўважылі і расстралялі на падворку. Бабуля наша пачала ўцякаць, схаваўшы пад кажух хлопчыка. А другога, таксама маленькага, вяла за ручку. Пабілі і іх, прама ў галоўкі дзеткам цалялі, і старая загінула. Але ж іх смерць аказалася лягчэйшай, чым астатніх, спаленых жывымі.
Мы з братам, малыя яшчэ, з самага ранку пабеглі да бацькі ў Пасолішкі, каб ён прыехаў з канём і ўсіх вывез (гэта, як убачылі, што немцы панаехалі). І ўжо былі ля самых Ятаўтавіч з бацькам, калі пачалі страляць і паліць. Нейкім цудам, завярнуўшы каня ў гушчар лесу, выратаваліся.
Пад вечар, калі апусцела ад карнікаў вёска, ці, правільней, тое, што было некалькі часоў назад вёскай, вярнуліся сюды тыя, хто ўцалеў. Людзі яшчэ гарэлі, палаў на іх агонь. За ўсё жыццё не бачылі вяскоўцы больш страшнага вогнішча.

Потым ранкам трупы сталі рассыпацца ў попел. Попелам сталі дзяўчаты і хлопцы, дзеткі, старыя — большая палова жыхароў Ятаўтавіч.
Жывыя выкапалі на тым месцы яму, сабралі ў прасціну попел загінуўшых, накрылі дошкамі і закапалі.
Так з’явілася, як казаў В. Захар, у вёсцы агульная магіла… Так пахавалі вёску Ятаўтавічы. І адразу ж жывыя пачалі будаваць новую. Але ж, людзі — не будынкі, іх не заменіш…
Юраўскія і Кавалёвы
Гэтых населеных пунктаў у нашым раёне больш няма. Пра іх лёс расказвала Аляксандра Фёдараўна Шульга.
— Было гэта ў суботу. Не памятаю, якога чысла. Дзесьці пад верасень, бо бульбу ўжо збіраліся капаць. Прыехалі немцы да нас у Заберазь. Афіцэры засталіся, у наш двор загналі дзве машыны, прадукты харчавання выгрузілі. А салдаты, дужа многа салдат, паехалі ў бок Юраўскіх і Кавалёвых. У мяне адразу сэрца халадзець пачало. Я замужам у Заберазі была, а ўся радня — ў Юраўскіх. Браты там мае жылі. Заможна жылі, усё мелі, дзетак поўныя хаты.
Непакоіцца стала я. Падышла да немцаў, пытаю: “Што там, панок, робіцца, чаго салдаты на лес, на хутары пайшлі?» Адзін з іх на польскай мове размаўляў. Ён мне і адказаў, што пайшлі бандытаў, партызанаў страляць.
Потым наварылі яны есці, і той самы афіцэр, што па-польску размаўляў, стаў частаваць мяне. Еш, маўляў, пані.
— Не, — кажу, свае блінкі пячы буду.
Вымыла падлогу ў хаце. Субота. Хочацца, каб у нядзельку чысценька было. А сэрца млее. Як быццам адчувала, што крывёй назаўтра, слязамі вымыюся. Муж, які потым загінуў на фронце, супакойваць мяне пачаў. Маўляў, нічога ж не чутна, чаго ты так непакоішся?
У нядзелю раненька ўстала. Кароў выгнала. І немец гэты спазаранку ўсхапіўся. Падыйшоў, кажа:»Пані, сёння партызаны гарэць будуць”.
— Няма іх у нас, — адказваю. А ён: «Там, — паказвае рукой на Юраўскія, — гарэць будуць».
Пабегла да суседа, сястра якога ў Юраўскіх замужам была. Разам пабеглі, каб уратаваць сваіх. Аднак на мосце салдаты завярнулі нас дамоў. А кулямёты ўжо страчылі. І агонь стаў бачны.
Дахаты прыйшла, плакаць стала. Падыйшоў зноў той немец: «Чаго плачаш?»
— Радзіму маю паліце, родных маіх.
— Маўчы, жанчына, маўчы. Скажаш, што родныя, і табе тое будзе.
Хацела бегчы да брата ў Ягадзень. Афіцэр пропуск даў… І там людзей на двары сабралі. І мяне — туды. А тут чалавек з Юраўскіх на кані. Я пытаю, што там робіцца, а ён кажа, што не ведае. Але зараз паедзе і на месцы разбярэцца. І паехаў. Паехаў, каб разам з усімі легчы ў тую агульную магілу…
26 чалавек з Юраўскіх самі выкапалі сабе магілу. Усіх іх і пастралялі: і дзетак, і жанок, і старых.
Пляменніца ў мяне была. Дзевятнаццаць гадкоў мела. Такая прыгажуня, што людзі ў вёску прыходзілі спецыяльна, каб на яе паглядзець. Косы амаль да пят.
Адзначылі звяры яе прыгажосць. Усіх абыяк у яму паскідвалі, а яе — зверху роўненька палажылі, косы на грудзях расправілі. Куля не насмерць забіла, дык штыком ад віска да вуха праткнулі.
А ў Кавалёвых жанчын і дзетак выгналі з вёскі, а мужчын, пачынаючы с 16-гадовага ўзросту, пастралялі. Хаты таксама спалілі…
В. ГУЛІДАВА (нататкі з кнігі «Памяць. Іўеўскі раён»).






