Экономика

Іван Карэнда: час, які выбраў нас, – гэта час вялікіх магчымасцей для стваральнай працы, для забеспячэння дабрабыту кожнай сям’і

Роднаму Іўеўскаму раёну спаўняецца 85 гадоў. Для гісторыі гэта зусім невялікі па часе адрэзак, а для асобнага чалавека – цэлае жыццё. А яно, наша зямное жыццё, прабягае і знікае так хутка, нібы жураўліны клін у восеньскім небе на шляху ў вырай. Гісторыя ж раёна доўжыцца ад пакалення да пакалення, складваецца з новых штодзённых падзей, набываючы невядомыя раней, непаўторныя абрысы, уласцівыя новаму часу.

Я – з пакалення 50-х гадоў мінулага стагоддзя, з прынёманскай вёскі Крывічы. Пасляваенны перыяд быў цяжкі, у людзей часта і кавалка хлеба не было на стале. Многія аднавяскоўцы, як і мой дзед Іван Мікалаевіч, не вярнуліся з франтавых дарог, шмат хто загінуў ад рук фашысцкіх нелюдзяў падчас акупацыі, асіраціўшы сваіх дзяцей, пакінуўшы свае сем’і сам-насам з горам-бядою. Ды яшчэ і пажар летам 1951 года знішчыў амаль усю вёску, спаліў пабудаваныя цяжкай працай сялянскія хаты, якія потым давялося аднаўляць усёй вясковай талакой.

Дзякуючы мужнасці і гераізму, самаадданай працы пакалення пераможцаў, на якое выпалі гады ваеннага ліхалецця і пасляваеннага адраджэння, беларусы пазбавіліся фашысцкага генацыду і неймавернымі высілкамі адбудавалі народную гаспадарку. І вось ужо восем дзесяцігоддзяў мы жывём пад мірным небам, маем і хлеб і да хлеба.

Успамінаючы свае дзіцячыя гады, я найперш згадваю тое, што ў маіх родных Крывічах тады жыло каля тысячы вяскоўцаў, віравала актыўнае калгаснае жыццё: дзейнічалі дзве паляводчыя брыгады, дзве канюшні, кароўнік, на палях шчыравалі дзясяткі механізатараў. У той час у школе-васьмігодцы займалася больш за сто вучняў, былі пабудаваны клуб з бібліятэкай, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт. У хатах загаварыла радыё, запаліліся электрычныя лямпачкі. Па вечарах у розных кутках вёскі гучалі песні моладзі, у клубе некалькі разоў на тыдзень паказвалі кіно, а на танцах, як кажуць, не было дзе яблыку ўпасці.

Час змяніў і вёску, і жыццё ў ёй. Шкада, што многае страчана тут назаўсёды, што засталося толькі крыху больш за дваццаць мясцовых жыхароў. Але з вясны да позняй восені ў маіх Крывічах жыццё нібыта адраджаецца нанова, паўсюль, ледзь не ў кожным двары, гучыць гамонка: да карэнных вяскоўцаў і іх нашчадкаў далучыліся шматлікія гараджане, якія набылі тут апусцелыя хаты для лецішча. Два разы на тыдзень у вёску прыходзіць аўталаўка з прадуктамі, рэгулярна правяраюць здароўе маіх землякоў медыкі з райцэнтра.

Людзі задаволены тым, што ўлады клапоцяцца пра іх, аператыўна рэагуюць на іх просьбы і запыты. Адзіная просьба, якая пакуль што не выканана, – пракласці да вёскі 2 км асфальтаванай дарогі ад шашы Іўе – Навагрудак, бо ў непагадзь гравійка разбіваецца так, што не праехаць. Вяскоўцы спадзяюцца, што ў рэшце рэшт і гэтае пытанне ў недалёкай перспектыве будзе вырашана.

Мяне радуе, як развіваецца наш раён у апошнія гады. Прыемныя перамены відавочны і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сферы, і ў гаспадаранні на зямлі, і ў духоўна-культурным жыцці. Гэта – плён агульнай руплівай працы ўсіх жыхароў Іўеўшчыны.

Наша шчасце ў тым, што сёння мы будуем сваю незалежную беларускую дзяржаву ва ўмовах міру і народнага адзінства. Час, які выбраў нас, – гэта час вялікіх магчымасцей для стваральнай працы, для забеспячэння дабрабыту кожнай сям’і, для рэалізацыі асабістага патэнцыялу кожнага чалавека.

Мне верыцца, што новыя старонкі жыцця нашага Прынёманскага краю будуць  напоўнены актыўнай працай на ўсіх участках гаспадарання, цікавымі духоўна-культурнымі падзеямі і карыснымі грамадскімі справамі, што будзе працягвацца добраўпарадкаванне райцэнтра і населеных пунктаў раёна, і ўсё гэта будзе спрыяць павышэнню ўзроўню і якасці жыцця людзей.

Іван КАРЭНДА, паэт, Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна.