Прыемны шолах травы і водар свежых пракосаў. Тое, чым кожнае лета займаліся раней людзі на сяле, становіцца традыцыйным народным абрадам.
Гэтымі сонечнымі, яснымі летнімі дзянькамі ў вёсцы распачынаецца нарыхтоўка сена. І аг. Ліпнішкі становіцца цэнтрам увагі усіх, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў ручным сенакашэнні. У чацвёрты раз тут праходзіць свята “Ліпнішкаўскія сенакосы”. Таму з усяго раёна сюды з’ехаліся самыя спрактыкаваныя касцы і, вядома, у кожнага свая група падтрымкі.
Патрэбна сказаць, што арганізатары мерапрыемства пастараліся на славу. Таму што занятак па душы тут знайсці мог кожны. Для дзяцей працавалі атракцыёны, дарослыя маглі паўдзельнічаць у шэрагу майстар-класаў, атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы.
Шмат зацікаўленых назірала за тым, як мясцовы жыхар Пётр Станіслававіч Івуць кляпаў касу. Больш таго, мог гэтай справе навучыць усіх жадаючых.
У прысутных была магчымасць наведаць прэзентацыю — дэгустацыю дранікаў па сямейным рэцэпце Алены Станіславаўны Нехведовіч, метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, намінаванаму на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гаспадыня не толькі сама гатавала свае асаблівыя бліны, а і запрашала гасцей свята паўдзельнічаць у кулінарным працэсе, а потым і адведаць дранікі з сакрэтам. У чым ён? У тым, гаворыць Алена Станіславаўна, што трэба дадаваць цыбулю, тады цеста не пацямнее, а дранікі будуць яркія і сонечныя.
Марыя Францаўна Пякша , кіраўнік гуртка “Беларуская лялька” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Ліпнішкі, запрашала
на прэзентацыю сувеніра — лялькі Бялуна – мясцовага сімвала гасціннасці і турызму.
…І вось на сцэне гучаць фанфары і пачынаецца свята. Вітае гасцей старшыня Ліпнішкаўскага сельвыканкама Яніна Уладзіміраўна Бузар. Зазначае, што цяпер рэдка можна ўбачыць мужчыну з традцыйнай касой, бо карыстаюцца для кашэння травы сучаснымі прыстасаваннямі, якія хутка дазваляюць справіцца з работай. І пачуць “косак звон сталёвы” можна толькі ў Ліпнішках падчас брэндавага свята “Ліпнішкаўскія сенакосы”.
Дванаццаць касцоў, сярод якіх дзве жанчыны, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў ручным сенакашэнні. Аднак – гэта паўсправы, таму што па ўмовах конкурсу яшчэ ёсць шэраг этапаў, дзе трэба прадэманстраваць свае і творчыя, і кулінарныя здольнасці.
Атрымаўся такі своеасаблівы канцэрт з дванаццаці нумароў, калі кожны касец выйшаў на сцэну з “Візітнай карткай”. Гэта было весела, цікава і з гумарам.
Далей журы ацэньвала самае арыгінальнае афармленне касы. Тут, патрэбна сказаць, фантазіі ўдзельнікаў можна было пазайздросціць, таму што косы прэтэндавалі на сапраўдны твор мастацтва. Чым толькі ні ўпрыгожылі сельскагаспадарчы інструмент гаспадары?! І кветкамі лугавымі, і паперай бліскучай, а адна нават была падобна на маладую дзяўчыну…
І яшчэ адзін творчы конкурс патрэбна было выканаць нашым удзельнікам: хатняе заданне – зрабіць Берагіню-Пакосніцу– старадаўнюю ляльку з лапікаў, якую гаспадыні бралі з сабой на сенакос. Садзілі яе пад стажкі, каб яна ахоўвала рукі гаспадыні ад пашкоджанняў і прыносіла поспех.
Затым пачалося самае цікавае і захапляльнае: касцы на конных запрэжках паехалі на сенажаць. І заскрыпелі, зазвінелі косы і пайшлі выпісваць піруэты. Уражанні, лепш чым словамі Якуба Коласа, не апісаць:.. “ І ткуцца здольныя пракосы, лажацца роўнымі радамі, а за касцом двума слядамі адбіткі ног яго кладуцца, а косы свішчуць і смяюцца…”.
Спаборніцтвы праходзілі ў сярэдзіне дня, пагэтаму народная мудрасць “касі каса – пакуль раса” тут не працавала. Плячом да пляча на дыстанцыі ідуць моладзь і старэйшыя ўдзельнікі. Адразу і не скажаш, каму лягчэй. Спецыяльна для спаборніцваў на сенажаці былі адмераны дзялянкі ў 30 м даўжынёй і шырынёй 1,8 м, а для жанчын — шырынёй 1,5метра.
Па ўмовах конкурсу ацэньвалася не толькі хуткасць, але і якасць. Вось гэту намінацыю “Знак якасці” выйграў старшыня райвыканкама Ігар Мікалаевіч Генец. А самым хуткім касцом аказаўся Яраслаў Клінцавіч з Геранёнскага сельсавета, які атрымаў узнагароду ў намінацыі “Скараход”.
І самы прыемны і смачны конкурс – “Абед на траве”. Тут нават самы спрактыкаваны дэгустатар разгубіўся бы. Ну што можа быць смачнейшым за свойскую каўбаску з блінамі ці агурок з духмяным мёдам?! Цяперашнія піца, крэветкі і вустрыцы, лазанні і блізка не стаялі.
Кожны ўдзельнік быў адзначаны журы ў сваёй намінацыі: “Каса-2021” – Аляксандр Валканоўскі (Трабскі сельсавет), “Звініць каса, жыве вёска” — Часлаў Халява ( дырэктар Іўеўскай сельгастэхнікі), “Сенакосныя прысмакі” — Іван Бутрым (Лелюкінскі сельсавет), “Вясёлыя сенакосы” — Сяргей Бажын (кіраўнік КСУП “Суботнікі”, Суботніцкі сельсавет), “Спрытная гаспадыня” Марына Вайнеловіч (Лаздунскі сельсавет) , “Сенакосны стыль” — Юрый Гасцевіч (Юрацішкаўскі сельсавет), “Касец-удалец” — Аляксандр Буляк (старшыня Бакштоўскага сельсавета), “Даешь, молодежь!” — (в. а кіраўніка КСУП “Агра-Ліпнішкі” Уладзімір Васюкевіч, “Лепшая лялька-Пакосніца” Валерый Рудзяк (Іўеўскі сельсавет).
І вось развязка: па выніках усіх конкурсаў перамогу атрымала жанчына – Ганна Сілюк (Ліпнішкаўскі сельсавет), якая была адзначана дыпломам і прызам ад Іўеўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Свята на тое яно і свята, каб набрацца эмоцый і ўражанняў. На “Ліпнішкаўскіх сенакосах” іх было праз край. Немагчыма было адарваць вачэй ад дэфіле “Берагіня-Пакосніца”, якое падрыхтавала аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы”.
Гучныя апладысменты суправаджалі кожны нумар калектываў “Танцавальны серпантын” аматараў гісторыка-побытавых танцаў з горада Мінска. Мала таго, што сталічныя танцоры самі здзіўлялі гледачоў, яны яшчэ і давалі ўрокі танцаў. І жадаючых да іх далучыцца была вялікая колькасць.
Сюжэтна-гульнёвую праграму правёў творчы калектыў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Суботнікі. Талент і цудоўныя песні падарылі гледачам салісты Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Завяршылася свята дансінг-шоў праграмай “Танцы на пракосе”.






















































































