…Наваколле пакрысе ахутвала ноч. Кожная хвіліна для Фелікса здавалася вечнасцю. Было страшна, страшна да дрыжыкаў.
Душа рвалася на часткі ад невыноснага болю. Балелі рукі, ногі, ныла спіна. Але гэты фізічны боль быў маленькай кропляй у моры ў параўнанні з болем душэўным, які запаланіў усю істоту, не даваў дыхаць і жыць.
Тое, што цяпер адбывалася з ім, не магло прысніцца нават у самым страшным сне. Ён ляжаў у яме пад целам мёртвага роднага брата.
Ляжаў і не мог парушыцца дзесьці часоў восем. Сваёй скурай адчуў апошнія хвіліны жыцця Яся. Яго цёплая і ліпкая кроў зацякала пад каўнер.
– Ясь, ты жывы? – пытаўся Фелікс, калі адчуваў, як цела брата станавілася ўсё цяжэйшым і цяжэйшым.
– Пакуль жыву, але хутка не буду, – ледзь мармытаў Ясь. – Адно ў цябе прашу, не кідай маіх дзяцей.
– Лепш бы ў мяне папала гэтая праклятая куля, – не хаваючы слёз, маўляў Фелікс. – Усё адно дзяцей няма. А ў цябе іх чацвёра. Ты ім патрэбен…
Калі навокал стала цёмна, Фелікс, сабраўшы ўсю сілу ў кулак, выбраўся з-пад мёртвага брата і рушыў праз лес у суседнія Русакі.

Той летні дзень 1943 года, які падзяліў жыццё Фелікса Міновіча на “да” і “пасля”, застаўся з ім на ўсё жыццё. Да канца сваіх дзён, успамінае яго дачка, жыхарка г. Іўе 80-гадовая Тарэса Феліксаўна Выдронак, бацька вельмі цяжка перажываў успаміны пра тое, як за некалькі хвілін не стала амаль усёй яго вялікай сям’і, як у языках полымя патанула хата, як фашысцкія кулі зруйнавалі жыццё яго родных і блізкіх людзей.
Вёска Сенкавічы размяшчаецца недалёка ад жалезнай дарогі ў напрамку станцыі Гаўя. Два дамы, якія былі на другім баку жалезкі, людзі называлі хутар Міновічы па фаміліі яго жыхароў. У адным прасторным доме жылі сем’і двух братоў – Яся і Фелікса. Усяго восем чалавек. У другім – дваюрадны брат Стась з сям’ёй, дзве яго сястры Броня і Аміля і родны дзязька Пётрук.
Часта на хутар наведваліся партызаны. Яны прыходзілі ноччу, ціхенька стукалі ў дзверы і прасілі хлеба. Фелікс ведаў, што прыйшлі свае. Для іх заўсёды быў на прыгатове хлеб і кусок сала. Наведваліся на хутар немцы і паліцыі. Што карнікі ўжо блізка, было чутна яшчэ здалёк. Яны гучна размаўлялі, смяяліся, крычалі, свяцілі ліхтарамі ў вокны. Забіралі ўсё, што лічылі патрэбным. У адзін з такіх вечароў да малодшых Міновічаў практычна адначасова наведаліся партызаны і немцы. Першыя – на пару хвілін раней. Калі гаспадар пайшоў, каб узяць прадукты, пачуў, як за акном загергяталі фашысты, а за секунду хату азарыла святло ліхтара. Ён ледзь паспеў схаваць маладзенькага партызана за бочку з зернем. На шчасце, немцы яго не заўважылі, пахадзілі па хаце, забралі ежу і паехалі на матацыкле. “Што было б, каб нашлі яго? Канец усім”, – да раніцы мужчына не мог самкнуць вачэй…
Часта партызаны, ідучы на заданне або вяртаючыся з яго, знаходзілі адпачынак у гумне Міновічаў. Тарэса Феліксаўна дакладна не ведае, але мяркуе, што цесную сувязь з партызанамі меў дваюрадны брат Стась. І ў той злашчасны дзень, магчыма, ў яго доме таксама былі партызаны. А тое, што яны былі ў гумне, гэта факт. Таму што, калі немцы падпалілі будынак, адтуль былі чутны стрэлы.
Фелікс разам з жонкай спраўляліся па гаспадарцы, кармілі жывёлу, як раптам пачулі гул матацыклаў, а затым на рускай мове данеслася: “Прэч!”. Гэта немец падыйшоў да дзяцей Яся, якія гулялі ў двары, паказаў ім пальцам у напрамку Русакоў і загадаў хутчэй ісці ў той бок.
Дзеці, азіраючыся на родны дом, спалоханыя і збянтэжаныя, рушылі ў бок лесу. Яны нават не здагадваліся, што сваю хату і бацькоў бачаць апошні раз. Самаму малодшаму Генку не было двух гадоў. А у той час іх бацькі пасвілі кароў, і калі ўбачылі, як угору падымаюцца клубы дыму, кінулі ўсё і памчаліся дамоў, спалохаліся за дзяцей. Уласна, па-іншаму не мало і быць. Але тут іх чакала смерць.
Фелікса выгналі з хлява, яго жонку – з хаты. Запалілі хату. А як запалілі гумно, адуль пайшлі выбухі і пачуліся стрэлы. Магчыма, там хаваліся партызаны.
Фашысты прыказалі ўсім дарослым сабрацца ў адным месцы.
З хаты выйшаў дзядзька Пётрук, які быў моцна хворы і папрасіў, каб яго застрэлілі на месцы. Вось гэтыя пару хвілін, пакуль немцы валтузіліся з нямоглым мужчынам, дапамаглі выратаваць жыццё яго сыну Стасю, які маланкай выскачыў з хаты і скрыўся ў лесе. Выратавацца ўдалося і сёстрам Броні і Амілі, якія ў той час працавалі на полі. Калі жанчыны ўбачылі слупы дыму і пачулі трэск, схаваліся ў лесе.
Хутка вялікія языкі полымя ахапілі ўсе будынкі адзін за другім. А іх гаспадары збянтэжана паглядалі, як у агні танула ўсё, што было нажыта імі і іх продкамі. Мужчын і жанчын раздзялілі і пагналі да месца расстрэлу…
– Я быў ростам меншы, ішоў першы, а Ясь за мною. Гналі нас да жалезнай дарогі, дзе былі ямы, там капалі людзі гліну на печы. Каля першай ямы спыніліся, потым пагналі да другой, – словамі бацькі расказвае Тарэса Феліксаўна. – Брат стаяў першы, я крыху за ім. І дзве кулі трапілі ў яго. Ён упаў на мяне…
Знаёмыя далі Феліксу прытулак у Русаках. У хляве ён прасядзеў цэлую ноч. Наступнай ноччу разам з жыхарамі вёскі пайшлі ў Судрогі і выкапалі дол, пахавалі брата з жонкай у адной магіле, сваю жонку і дзядзьку – у асобных. Сабралі ў дзяругу абгарэлыя астанкі партызан і таксама пахавалі.

Праз некалі дзён за Феліксам прыйшоў Стась з партызанамі. І яны пайшлі ваяваць. Вельмі моцным было жаданне адпомсціць фашысцкім нелюдзям за пакуты, за сваіх родных і дарагіх людзей, за сваю Радзіму, якая скрозь была паліта кроўю і слязамі. Спачатку падаліся ў Вострава (так называўся лес), дзе быў партызанскі атрад. Потым пайшлі да Ліды. У Лідзе партызан расфарміравалі і павезлі ваяваць. Фелікс са Стасем былі на вайне разам. Аднойчы папалі на міну. Фелікса кантузіла. Яго камісавалі ў 1944 годзе. А Стась дамоў з вайны не вярнуўся. Назаўсёды застаўся ў спісах тых, хто прапаў без вестак.
Фелікс вярнуўся на папялішча і пачаў пакрысе адбудоўваць новае жыццё. Сустрэў жанчыну, маці Тарэсы Феліксаўны. Жылі пакуль у маці жонкі ў Сонтаках. Забралі дваіх старэйшых дзяцей расстралянага брата Яся. Меншыя гадаваліся ў другой радні. Калі пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы, дзяцей-сірот забралі ў дзіцячы дом. На канікулы яны заўсёды прыязджалі да сваіх родных.
Пакрысе на месцы спаленых дамоў выраслі новыя. У адным доме жыла сям’я Фелікса Міновіча, дзе выхоўвалася двое дзяцей. Яшчэ два дамы пабудавалі сёстры Броня і Аміля, якія выйшлі замуж. Хутар Міновічы зноў напоўніўся жыццём. Зноў на раніцы з каміноў падымаліся ўверх тоненькія струменьчыкі дыму, калі гаспадыні гатавалі сняданак, з хлявоў чулася прывычнае мычанне кароў, у загарадцы, чакаючы ежы, прыцмоквалі кабанчыкі. Жыццё станавілася на звычайныя рэйкі. Аднак раз-попраз цяжкія ўспаміны пра трагедыю не давалі спакойна біцца сэрцу Фелікса Міновіча.
– Калі я малая прасіла, каб тата расказаў пра ўсё, што здарылася з ім у час вайны, ён заўсёды цяжка пережываў, бывала толькі плакаў і нічога не хацеў расказваць, – успамінае Тарэса Феліксаўна. – Тады мама прасіла нас не дакучаць бацьку, тлумачыла, што яму вельмі балюча і цяжка.
Перажытае гора моцна ўдарыла па здароўі Фелікса Міновіча. Пайшоў ён з жыцця заўчасна, пакінуўшы жонку і дваіх дзяцей. Малодшы сын яшчэ нават не хадзіў у школу. Тады маці ўзяла пазыку ў калгасе і купіла дом у Русаках, таму што дзяцей патрэбна было вадзіць у школу. Так яны пераехалі з хутара, назаўсёды забраўшы адтуль трагічную гісторыю іх роду.
Тарэса Феліксаўна пайшла рана працаваць. Трэба было вяртаць пазыку. Даіла кароў на ферме з пятнаццаці гадоў. Гэта была цяжкая ручная праца. Затым пайшла швачкай у камбінат надомнай працы ў Іўі. Тут пазнаёмілася з мужам. Пабудавалі дом. Пражылі разам 52 гады. Шосты год пайшоў, як мужа не стала. Але сумаваць бабулі не даюць яе стрыечныя ўнукі, якія спяшаюцца са школы адразу да яе.
Прайшло столькі гадоў з таго часу, як здарылася страшная трагедыя, аднак выкрэсліць яе з памяці Тарэса Феліксаўна не можа.

– Гэта страшна. Гэта балюча. Бацька мяне вадзіў на могілкі, дзе пахавана радня, паказваў, дзе расстрэльвалі яго разам з братам, дзе ён ляжаў пад мёртвым яго целам. Паказваў, дзе хаты стаялі, – расказвае жанчына. – Аднойчы, калі вярталася зімой са школы, была моцная завіруха, я заблукала і трапіла на месца расстрэлу радні, павалілася і, каб падняццца, ахапіла рукамі, як аказалася, крыж. Во страху мела.
Сёння з тых чатырох дзяцей, якіх карнікі чамусьці пашкадавалі, у жывых толькі самы малодшы Гена. Цяпер ён моцна хварэе, дачка забрала яго да сябе ў Салігорск. У іншых трох лёс склаўся добра, расказвае Тарэса Феліксаўна. Яны да апошняга мелі стасункі. Гора, якое аб’яднала іх род, прымусіла трымацца ўсіх разам.
Цяпер на месцы, дзе быў хутар Міновічы, расце лес. Пасляваенные хаты разабралі. Штосьці прадалі, з іншага будавалі гаспадарчыя памяшканнні. А лес называюць Міновічскім да гэтай пары. Высокія стромкія сосны беражліва захоўваюць страшную гісторыю, якая калючым болем адбіваецца ў сэрцы патомкаў. Той боль не можна заглушыць час, сцвярджае Тарэса Выдронак.
– Бацька мой заўсёды нам казаў, што самае галоўнае, каб быў мір на зямлі. Бо нічога няма страшней за тое, як тваю родную зямлю топча вораг, калі льецца кроў тваіх землякоў і родных, – не хаваючы слёз кажа жанчына. – Мы павінны навучыць сваіх дзяцей цаніць тое, што маем, і не дапусціць, каб гісторыя паўтарылася.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).






