Экономика

Горели дома, умирали люди… Каким был 22 июня 1941 года на ивьевской земле

Аб тым, як пачалася Вялікая Айчынная вайна на іўеўскай зямлі, расказвае галоўны захавальнік фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур Марына Пазняк.

— 22 чэрвеня 1941 года… На ўсё жыццё застаўся ў памяці тых, хто зведаў жах вайны. 

Апоўдні над Іўем з’явілася некалькі нямецкіх самалётаў-разведчыкаў. Яны кружыліся, не звяртаючы ўвагі на агонь супрацьпаветранай артылерыі. Людзі ў паніцы пачалі пакідаць пасёлак. А на наступны дзень пачалося пекла. Удзень самалёты з кулямётаў абстрэльвалі пасёлак, а вечарам пасыпаліся бомбы. Гарэлі дамы, гінулі людзі. Медработнікі суткамі дзяжурылі ў шпіталі. Так пачалася вайна на нашай іўеўскай зямлі. Тады ніхто нават не мог уявіць сабе, што ўперадзе яшчэ 1104 доўгія дні жахлівай і жорсткай вайны, якая падзяліла жыццё на дзве часткі: “да” і “пасля”.

Якраз напярэдадні вайны ў Іўі пачалося фарміраванне 209-й мотастралковай дывізіі 17-га механізаванага корпуса. Размяшчалася яна ля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла. Аднак яе  фарміраванне не было завершана, і яна вымушана была адступіць у напрамку г.п. Мір. Па пасёлку папоўз слых, што не сёння-заўтра прыйдуць фашысты. 

У гэты ж самы дзень 24-я Самара-Ульянаўская Жалезная стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Кузьмы Мікітавіча Галіцкага, якая ўваходзіла ў склад 21-га стралковага корпуса 13-й арміі і дыслацыравалася ля  Маладзечна, атрымала загад  рушыць ў бок Ліды. Але, улічваючы абставіны, камандзір  прымае рашэнне рушыць па маршруце Валожын – Букатна – Юрацішкі. У 7 гадзін раніцы 24 чэрвеня ўсе часці дывізіі былі ўжо ў сваіх раёнах. Штаб размясціўся ў лесе на ўсход ад Юрацішак. 

З 25 да 29 чэрвеня воіны 24-й Самара-Ульянаўскай дывізіі на іўеўскай зямлі вялі жорсткія баі  з пераўзыходзячымі сіламі 19-й нямецкай танкавай дывізіі. Асабліва ўпартыя баі ішлі каля вёсак Суботнікі, Трабы, Сурвілішкі. Савецкія воіны падбілі больш 100 танкаў, 8 самалётаў, знішчылі многа іншай варожай тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Атрымаўшы загад, 24-я дывізія праз Налібокскую пушчу адышла на ўсход.

А вось як узгадваў аб пачатку вайны ў Іўі ўдзельнік Вялікай Айчыннай Міхаіл Аляксеевіч Сіманаў, чырвонаармеец 5-га аўтамабільнага батальёна 209-й мотастралковай дывізіі: “Ніколі не забуду 22 чэрвеня 1941 года. Мы жылі ў казарме. Раптам раніцай памяшканне ўскаланулася ад страшнага грукату. Нічога не разумеючы, мы выскачылі на вуліцу. У небе над Іўем кружылі некалькі самалётаў. Яны па чарзе пікіравалі на пасёлак і скідвалі бомбы на дамы. Па вуліцах у паніцы бегалі людзі, дзе-нідзе гарэлі дамы. Мы зразумелі, што гэта вайна.”

У першыя дні вайны фашысты ўстанавілі свае парадкі

29 чэрвеня нямецкія войскі ўступілі ў Іўе і Юрацішкі. Тры гады акупацыі неслі з сабой зняволенне, рабаванне, здзек, голад і смерць. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму ўзмацняла нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падымала беларускі народ  на барацьбу за свой дом, сваю сям’ю, сваю зямлю і за сваю волю.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews