О малой родине

Дом — гэта там, дзе тваё сэрца…

Нагамі чалавек павінен урасці ў зямлю сваёй Радзімы, аднак вочы яго няхай аглядаюць увесь свет. Вось таму, імкнучыся быць грамадзянамі свету, наведваючы розныя краіны, нават калі жывём там, мы ў сэрцы пакідаем куточак Радзімы, куды імкнецца наша сэрца, дзе жыве наша вуліца дзяцінства, нашы сябрукі з той шчаслівай пары, хлопцы і дзяўчаты вясковай, местачковай вуліцы ці гарадскога двара. І таму па ўсім Сусвеце гучыць гэтая высокая туга пад назвай настальгія — туга па Радзіме. Па тэлефонных правадах і ў прасторах інтэрнэту ляцяць гудкі, паведамленні, каб на другім канцы адказалі землякі і родныя людзі.

Зусім нядаўна настальгія сабрала разам нашых землякоў, былых дзяўчат і хлопцаў з Садовай і Савецкай вуліц: Ядзвігу Юфераву, Тамару і Ілью Кошчараў, братоў Грыбавых — Георгія, Уладзіміра і Анатолія, іх сяброў і аднакласнікаў. Мы паспрабуем у нашай «Гасцёўні» пагутарыць з кожным з нашых землякоў, зараз і сапраўды грамадзян свету, іншых краін. А сёння наш госць — Георгій Міхайлавіч Грыбаў, кандыдат філасофскіх навук, прафесар, 17 год загадваў кафедрай філасофіі і культуралогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Напэўна, не проста так нараджаюцца філосафы на нашай зямлі. Яны ўмеюць думаць, яны ўмеюць аналізаваць, яны ўмеюць, адкінуўшы «шалупінне», вызначыць галоўнае і ў жыцці, і ў асобным дзеянні ці з’яве.
Яшчэ ніхто не адкідваў значэнне паходжання. А Георгій Міхайлавіч, між іншым, не толькі адзін з трох сыноў іўеўскіх інтэлігентаў, настаўнікаў Ніны Вікенцьеўны і Міхаіла Міхайлавіча Грыбавых, але і ўнук настаўніка-легенды яшчэ з польскіх часоў Вікенція Плескача, аб якім некалькі гадоў таму пісаў у раённай газеце краязнаўца-даследчык Алег Ігліцкі…

Г. ГРЫБАЎ:
— У пэўныя часы кожны з нас бывае філосафам, хоць аднойчы думаючы пра сэнс жыцця, пра сваё прызначэнне на зямлі і ў жыцці, пра іншыя рэчы, якія непакояць душу. І я, перш чым знайшоў сваё прызначэнне, паспрабаваў настаўнічаць (быў настаўнікам Карпавіцкай і Лукашынскай васьмігадовых школ), вучыўся завочна ў Гродзенскім педінстытуце на філалагічным факультэце. Праз год зразумеў, што гэта — не тое. Паступіў на гістарычны факультэт МДУ імя Ламаносава — галоўнага ўніверсітэта Савецкага Саюза. Там пратрымаўся тры семестры…

Карэспандэнт:
— Добраахвотна адказацца ад вучобы ў такой прэстыжнай ВНУ мог і сапраўды толькі філосаф. Хоць яшчэ і без адукацыі. Таму што гэта так важна, гэта так правільна — шукаць сваё. Нездарма ж кажуць, каб не скардзіцца на дарма пражытыя гады, патрэбна ў пачатку свайго дарослага шляху зрабіць два правільныя выбары — выбар будучай спецыяльнасці і будучага спадарожніка жыцця…

Г. ГРЫБАЎ:
— Я зноў забраў свае дакументы з універсітэта, стаў думаць. Мяне турбавала лішняе ў гісторыі. Розум быў накіраваны на эсенсіі, вяршкі думак, а не на вялікую колькасць часам непатрэбнай інфармацыі. Тым больш, што ў ламаносаўскім універсітэце я пасябраваў з хлопцамі з філасофскага факультэта. Быў вельмі ўражаны прадметамі, якія яны вывучалі, праграмамі курсаў. Аналітыка, пранікненне ў існасць. Я зразумеў, што нарадзіўся менавіта дзеля таго, каб займацца такімі навукамі, працаваць і думаць у такім стылі. А тут у БДУ імя Леніна толькі-толькі пачынаў дзейнічаць філасофскі факультет ці, правільней будзе сказаць, аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта. Толькі дваццаць чалавек набіралі штогод для навучання там. Туды я і накіраваўся. Мне было тады 23 гады.

Карэспандэнт:
— Пачаўся, як кажа сам Георгій Міхайлавіч, мінскі перыяд яго жыцця, пачалася сур’ёзная вучоба. Ён у адначассе зразумеў, што знайшоў тое «сваё», зрабіў адзін з двух правільных выбараў, аб якіх гаварылася вышэй. Яшчэ ў Маскоўскім універсітэце выкладчык Зоя Георгіеўна Кіслягіна, азнаёміўшыся з адной з першых яго курсавых работ па гісторыі, адзначыла наступнае. Маўляў, работа так сабе, можна нават назваць слабой, а вось вывады ў канцы яе і сапраўды годныя дарослага, разумнага філосафа.
Там жа, у Мінску, ён зрабіў яшчэ адзін правільны, лёсавызначальны выбар. Яго каханай абранніцай стала таксама студэнтка філасофскага факультэта Ірына. Пасля заканчэння БДУ муж і жонка Грыбавы сталі выкладаць філасофію студэнтам Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, зараз — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
У сям’і філосафаў выраслі дзеці: дачка Вераніка закончыла лінгвіс-тычны ўніверсітэт, выкладае замежную мову таксама ва ўніверсітэце, у якім ўсё жыццё працавалі бацькі, сын Уладзіслаў — айцішнік, працуе і жыве ў Германіі.
Сям’я сустракаецца, карані застаюцца. Як і з малой радзімай — горадам Іўе.

Г. ГРЫБАЎ:
— Малая радзіма толькі называецца малой. Насам- рэч займае агромістае месца ў душы і сэрцы кожнага чалавека. Гэтага не растлумачыць, не зразумець. Гэта і сапраўды нешта звязанае з душой, з падсвядомасцю. Сацыёлагамі Беларусі было праведзена апытанне наконт таго, што ж такое Радзіма. І ніхто не адказаў, што гэта дзяржава, краіна. Людзі казалі, што гэта месца, дзе ты нарадзіўся, гэта твая вёска ці двор у горадзе, гэта хата сярод бэзу і чаромхі, гэта рэчка, куды бегалі ў дзяцінстве басанож, гэта звыклая воку прырода наўкол. Мая малая радзіма кліча мяне зноў і зноў выйсці на бераг іўеўскага возера (яно ж за плотам двара бацькоўскай хаты). Гэта мае сябры дзяцінства, з якімі лёс да гэтае пары дазваляе яшчэ сустракацца. Малая радзіма — гэта і вёска Морына, дзе жылі мае дзед Вікенцій і бабуля Дарья Плескачы, надзвычай інтэлігентныя, разумныя, добрыя людзі…
Наогул, лічу, што мне пашчасціла жыць у мястэчку. Так называлі Іўе раней. Заходнія беларускія мястэчкі — гэта незвычайная з’ява ў нашай гісторыі, унікальнае асяроддзе пражывання людзей з асаблівай культурай, якая з’яўляецца гарманічным спалучэннем культуры мусульман, іўдзееў, беларусаў, палякаў…
Колішні прэзідэнт Германіі Йаганэс Рау сказаў: «Адпраўляючыся ў іншыя краіны, важна мець Радзіму ўнутры сябе. Таму што ў таго, у каго яе не будзе там, не можа быць і суседзяў». А суседзі — гэта тое звяно, якое звязвае нас з дзяцінствам, юнацтвам, з нашымі сябрамі, сваякамі, людзьмі аднаго месца…

Карэспандэнт:
— Георгій Міхайлавіч ужо пяць гадоў, як не выкладае ва ўніверсітэце. Аднак ціхі, заслужаны адпачынак зусім не да спадобы гэтаму чалавеку. Сёння ён — гаспадар аграсядзібы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці «Млынок», дзе ёсць магчымасць камфортна і ціха адпачыць сям’ёй у доміку на беразе рэчкі Лясная, дзе разам з гаспадаром можна паспрабаваць прайсці водным шляхам на байдарках, паспаць на лежаках з духмяным сенам, пакатацца на веласіпедах, перапраўляцца на міні-пароме на другі бок рэчкі, пасядзець ля кастра цёплым летнім вечарам, паспытаць ні з чым не параўнальнага чаю з белавежскіх траў, наведаць «сенавал-гатэль» . Так Георгій Міхайлавіч назваў месца, дзе раней захоўвалася ў былых гаспадароў хаты сена. А зараз тут ёсць магчымасць на ўтульнай канапе паглядзець тэлевізар. Тут жа знаходзіцца і музей рэчаў сялянскага побыту былых стагоддзяў, дзе на ганаровым месцы знаходзяцца рарытэты з Морына: маслабойка, карціна, дошка для раскаткі цеста, 125-гадовая швейная машынка «Зінгер». Наогул, у «Млынку» можна забыцца сярод прыроды і добрых, разумных гаспадароў. Такое цудоўнае спалучэнне адпачынку і прыемнага турызму. Як сказаў Георгій Мійлавіч, яшчэ раней, працуючы выкладчыкам ва ўніверсітэце, ён стварыў свой паралельны свет — турызм як форму адпачынку, а затым і від дзейнасці, які стаў прыносіць сям’і прыбытак. Дача ў Камянецкім раёне стала аграсядзібай, у якой сёння ёсць чатыры аб’екты.

Г. ГРЫБАЎ:
— Я зноў звярнуся да Йаганэса Рау: «Пастаянная гатоўнасць адправіцца ў дарогу — гэта адзіная форма быцця між «тут» і жыццём «там». Філасофскае такое выказванне. А я, між іншым, так і жыву. Яшчэ ў дзяцінстве, седзячы на беразе Нёмана, наглядаў, як паромшчык выбіваў штопары, каб апусціць на дно лінь (канат, па якім цягнуўся паром) і дазволіць плытагонам прай-сці сваім «караванам» . Я тады думаў, што вырасту, змайструю сабе плыт і адпраўлюся ажно да Балтыйскага мора. Пасля 8 класа ўпершыню з сябрамі, атрымаўшы бацькоўскі дазвол і некалькі рублёў, адправіліся на Свіцязь, каб паплаваць з маскамі. Ішлі пешшу і ехалі на папутных машынах. Паплавалі, замерзлі ноччу, начуючы на кучы галля без палаткі, вярнуліся дамоў, аб’едзеныя камарамі, аднак шчаслівыя.
Плыт, на якім па хвалях Нёмана я даплыву да Балтыйскага мора, канешне, застаўся марай. Аднак турызм і актыўны адпачынак сталі звыклай з’явай для мяне і маёй сям’і. Былі ў нас двухтыднёвыя паходы на байдарках, пераадольвалі мы разам 3-тысячныя вышыні на Каўказе… Было кароткае падарожжа і на плыце ў Паўднёвай Якуціі
24 гады назад, калі Брэст святкаваў Дзень горада, стартаваў веласіпедны марафон, ініцыятарам якога я з’явіўся. Я, мае сябры, загадчыкі кафедрамі ўніверсітэта, і знаёмыя турысты-брэстчане, за 39 дзён прайшлі ад Буга да Атлантыкі, ад беларускага Брэста да Брэста французскага. Наш шлях прайшоў праз Польшчу, Славакію, Аўстрыю, Германію. Да гэтае пары ніхто ў Брэсце не паўтарыў нашага веламарафону.
Веласіпед — гэта маё асаблівае хобі. Калі зусім ўжо стамляюся, саджуся і еду. У 47 гадоў праехаў неяк у адзін дзень 160 кіламетраў. Летась у гонар 44-годдзя сумеснага жыцця з жонкай Ірынай праехаў «за дваіх» 88 кіламетраў. У гэтым годзе траса складзе ўжо 90 кіламетраў…

Карэспандэнт:
— Георгій Міхайлавіч Грыбаў — адзін з першапраходцаў беларускага аграэкатурызму. І сёння ён ужо не проста суб’ект гэтай цудоўнай з’явы, але і грамадскі дзеяч гэтага накірунку адпачынку — член праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» ад Брэсткай вобласці, старшыня грамадскага савета па аграэкатурызму. Ён уключаны ў кансультацыйны савет пры Міністэрстве спорту і турызму па спецыфіцы аграэкатурызму, каардынатар дробных і вялікіх праектаў па турызме. Трэці год Георгій Міхайлавіч жыве ў вёсцы, актыўна супрацоўнічае з мясцовым Відамлянскім сельвыканкамам. Разам напісалі і выйгралі мноства праектаў. Пры сельвыканкаме створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіццці, які стаў месцам правядзення семінараў, «круглых сталоў», праекта «Лабараторыя Сонца», каардынатарам якога ён з’яўляецца. Ініцыятыва з такой назвай па праекце ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на месным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізавана ў Відомлі сёлета. У працэсе ажыццяўлення праекта на тэрыторыі старога сада, які размяшчаецца ў самым цэнтры аграгарадка, з’явілася рэкрацыённа- абвучаючая пляцоўка, галоўнае прызначэнне якой — папулярызацыя альтэрнатыўных крыніц энергіі. Сад пераўтварыўся ў парк з пешаходнымі дарожкамі, месцами адпачынку, устаноўлены ліхтары, ёсць устаноўкі для падзарадкі мабільных прыбораў. Сонечную энергію накопліваюць шэсць спецыяльных панэляў. Праект «Лабараторыя Сонца» самы дарагі: дзесьці 28 тысяч долараў выдаткаваў Еўрасаюз, у сафінансаванні ўдзельнічалі — ОАО «Відамлянскае» і сярэдняя школа аграгарадка, у якой адкрыўся класс па энергазберажэнні.
Вось такія добрыя справы на рахунку нашага земляка, які годна на працягу ўсяго жыцця прадстаўляе сваю малую радзі-му на прасторах Беларусі і ўсяго свету.

В. ГУЛІДАВА.
Фота
С. ЗЯНКЕВІЧА.