Экономика

Дарога памяцi вядзе… Ураджэнка в. Вялікія Князікоўцы Ірына Пупа падзялілася ўспамінамі сваёй матулі пра жудасны час Вялікай Айчыннай вайны

Прысвячаецца ахвярам жудасных трагедый у час вайны на Слонімшчыне, малой радзiме маёй мамы Соф’i Данiлаўны Ткач.

На гэтай зямлi вайна пакiнула жудасны крывавы след: 70 загубленых жыццяў на кожны квадратны кiламетр. Фашысты знiшчылi 31 вёску, пяць з iх – разам з жыхарамi. 

Такi лёс напаткаў i вёску Акунiнава, што непадалёку ад роднай вёскi маёй матулi. З болем успамiнаецца ёй той дзень — дзень каталiцкага Раства 1942 года. 

Страшэнная навiна аб расстрэле, якi ўчынiлi карнiкi ў Акунiнаве, разнеслася па вёсцы. Маленькая дзяўчынка Соня разам з бабуляй пайшлi ў бок Акунiнава. Жудасная карцiна паўстала перад iх вачыма: у бярозавым гаi ляжалi маладыя дзяўчаты. Бабуля падыходзiла да кожнай, углядалася ў твар. Каля адной дзяўчыны яна моцна загаласiла. Гэта была яе пляменнiца Шурачка. Назаўжды ўрэзаýся ў памяць маленькай Сонi твар забiтай маладой дзяўчыны. 

Ад рук карнiкаў загiнула  ў той дзень 299 жанчын, дзяцей, старых i нямоглых людзей.

Свае першыя школьныя гады маленькая Соня правяла не за партай, а ў сховiшчах. На тэрыторыi Слонiмскага раёна была партызанская зона, што вызывала асобую агрэсiю фашыстаў у адносiнах да мiрных жахароў: расстрэлы, падпалы дамоў, iншыя здзекi. 

Мая мама памятае, як жыхароў яе роднай вёскi Сучкi выводзiлi на расстрэл (тройчы прыйшлося людзям перажыць гэты жах), палiлi хаты тых, хто быў у партызанах або меў зносiны з iмi. 

У майскiя днi, калi святкуецца Дзень Перамогi, мая мама ўспамiнае тыя цяжкiя гады. Ёй ўжо 92 гады, але жудасныя карцiны яе ваеннага дзяцiнства не цмянеюць ад часу.

Дарога памяцi вядзе

Да гэтай жудаснай мясцiны.

I вiр далёкай той часiны

Перад вачыма паўстае.

 

Навiну вецер ўдзень прынёс:

«Бяда да вас у вёску едзе,

Фашысты гоняцца па следзе – 

Хто ж партызанам хлеб адвёз?»

 

А лес людзей не ўратаваў,

У жытнiм полi смерць дагнала,

Фашысцкай куляй расстраляла – 

Паветра жах i стон скаваў.

 

Стаяў пагодны летнi дзень,

Касцоў i жней палi чакалi,

Магiлай жа для люду сталi – 

Пайшоў жыцця у вечнасць цень.

Ірына Пупа, 

жыхарка г. Віцебск, 

ураджэнка в. Вялікія Князікоўцы.