Як вядома, жнівень і верасень - самыя зорныя месяцы. І падаюць зоркі ў росы, а разам з імі і яблыкі. У гэтыя месяцы так лёгка думаецца, так напаўняе душу восеньскі светлы сум… А яшчэ ў гэтую цудоўную пару вершы пішуцца. Сама па сабе ведаю, хоць паэтам не называюся і не з'яўляюся. Карацей кажучы, на маю думку, творчыя людзі гэтымі месяцамі нібы трапляюць у свой паэтычны Эдэм. Як доказ, кніга Івана Карэнды "Пад зорным небам верасня", якая сёлета выйшла ў Мінску, у выдавецтве "Чатыры чвэрці".
У прадмове да кнігі напісана, што "Пад зорным небам верасня" - гэта філасофскі роздум паэта над таямніцамі Сусвету і пошукам чалавекам свайго месца на зямлі, дзе асабістыя пачуцці і душэўныя памкненні аўтара арганічна спалучаюцца з грамадскімі інтарэсамі, а любоўю да Бацькаўшчыны - з выразна акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, скіраванай у будучыню роднай Беларусі.
У кнігу ўвайшлі вершы, якія друкаваліся ў літаратурна- мастацкіх выданнях, дзве паэмы - " Вочап" і "Бярозавік", а таксама новыя паэтычныя творы, напісаныя ў апошнія гады.
У зборніку і новыя вершы, і тыя, якія ўжо друкавала наша газета. Яднае іх адно - цудоўная родная мова былога студэнта філалагічнага факультэта (аддзялення беларускай мовы) Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. Зараз такую беларускую мову, як у вершах Івана Арсеньевіча, і на якой ён размаўляе, патрэбна выкладаць дзецям, каб яны хацелі ведаць яе. У яго асаблівыя вобразы, асаблівыя словы, асаблівае святло і такое ўсё знаёмае, роднае, зразумелае, што, здаецца, даўно жыве ў тваім сэрцы, толькі сказаць так прыгожа і пранікнёна, як наш зямляк-паэт, ты не змог. Так, не кожнаму дадзена. Але ж кожны можа пачытаць, назапасіць у сэрцы і душы гэтую высокую паэзію і лірыку, гэтую чароўную непаўторную матчыну мову Івана Карэнды.
ЗА ШЧАСЦЕ ЖЫЦЬ
За найвялікшы боскі падарунак -
За шчасце жыць, кахаць і сябраваць -
Я згодзен і на гамбургскі рахунак:
Усё, што маю, шчодра аддаваць.
Мне досыць жменькі
сонечных праменняў,
Глытка вады з крынічкі лугавой.
Салодкага сардэчнага трымцення
Ад спеваў жаўрукоў над галавой.
Адно свой гонар не аддам ніколі:
Быць сынам роднай, любай мне зямлі,
З якой дзялю я долю і нядолю,
З якой мы разам шмат дарог прайшлі.
***
Жыццё - сачыненне на вольную тэму.
Наш выбар свабодны, без рызыкі лішняй.
Ды часам знянацку ўзнікае праблема:
Ці коску паставіць, ці кропку, ці клічнік?
Жыццё - самы добры і мудры настаўнік.
Яму неахвота памылкі падлічваць -
Заўсёды падкажа, утойваць не стане,
Дзе коску паставіць,
дзе кропку, дзе клічнік.
Жыццё - справядлівы і строгі экзамен.
На досвед уласны мы мусім разлічваць:
І там, дзе патрэбна, павінны мы самі
І коску паставіць, і кропку, і клічнік.