Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Падарожжа па малой радзіме. Шкляная і сасновая, крынічная, мядовая – Гута

Главное / Вторник, 22 сентября 2020 15:42 / Прочитано: 659
Нашы продкі пабудавалі і пакінулі нам прыгожыя вёскі каля важных ганд-лёвых шляхоў, мастоў і пераправаў, каля рэк і азёр, грыбных і ягадных лясоў, дзе можна было заўсёды выжыць нават у часы ліхалецця. Цяжкай працай адваявалі ад лясоў землі пад агароды і палі. Далі сваім вёскам прыгожыя і вобразныя назвы, звязаныя з геаграфічнымі асаблівасцямі, прозвішчамі першых жыхароў і родам іх заняткаў, іменамі ўладальнікаў маёнткаў, з важнымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся ў пэўнай мясцовасці. І ў кожнай назве - трапна падмечанае слова, народная душа.

Колькі лірычнасці і непаўторнасці ў назве вёскі Шкляная Гута! Так-так, я не памыляюся. З такой прыгожай назвай пражывалі жыхары вёскі і бліжэйшага фальварка ў XIX - пачатку XX стагоддзя ў Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1861 годзе, перад адменай прыгоннага права, тут пражывалі 64 рэвізскія душы - падданыя маёнтка графаў Умястоўскіх.  У 1897 г. - 31 двор, 195 жыхароў. У 1905 г. - 192 жыхары, якія валодалі 279 дзесяцінамі зямлі. Такія звесткі пра вёску ёсць у раённай кнізе "Памяць".

Назваў вёсак Гута ў Беларусі шмат. Гута - гэта прадпрыемства па вырабе посуду з шкла. Каб зварыць шкло, неабходны залежы спецыяльнага калючага белага пяску і вапна, залежаў якой ў Беларусі таксама дастаткова, а таксама яшчэ адзін кампанент - харчовая сода. І, вядома, майстры, якія ўмеюць гэта рабіць.

І вось мы з вядомым гісторыкам Андрэем Ваўчком, цёплым жнівеньскім днём, адпраўляемся ў падарожжа ў в. Гуту, на самую аддаленую акраіну Іўеўшчыны. Яна размешчана ў 4,5 км ад аграгарадка Жамыслаўль. Міма Гуты ідзе прамая гравійная дарога на Літву. Бліжэйшы літоўскі населены пункт - вёска Шадзюны ў 2 км ад гуцкага скрыжавання і 7 км да літоўскага пасёлка Дзявенішкі. У 1 км ад Гуты праходзіць дзяржаўная граніца Беларусі з Літоўскай Рэспублікай. 

Па дарозе да вёскі мы зайшлі на высокі ўзгорак, дзе раней быў фальварак і захаваўся прыгожы цагляны дом для кіраўніка фальварка і ляснічага, пабудаваны графіняй Янінай Умястоўскай. Адсюль, з вышыні, вёска Гута праглядваецца як на далоні. Яна размешчана ў даліне, якую мясцовыя жыхары называюць долам. На доле захавалася рэчышча перасохшай калісьці ў незапамятныя часы рэчкі. Яе пачатак быў на літоўскай тэрыторыі ў балотах. Нават старажылы не памятаюць, калі перастала біць крыніца і падпітваць рачулку.

Раней, у снежныя зімы, рэчышча ракі ажывала з талага снегу. Вада на доле падымалася да 1 метра. Дзеці ў час паводкі каталіся на крыгах лёду. У перыяд вясенняга разліву вады ў рэчышча заходзіла рыба з Гаўі і рыбакі выкарыстоўвалі гэты момант, каб яе злавіць, ды прыгатаваць ежу на стол.

У маі вясенняя паводка спадала, дол перасыхаў, затое было шмат травы, каб нарыхтаваць сена жывёле і пасвіць яе тут да першых замарозкаў.

Ад Блажуковага броду да драўлянага калісьці маста каля жамыслаўльскага палаца Умястоўскіх старое рэчышча назвалі калісьці Клані. Тут, недалёка ад ўпадзення ў Гаўю, утварылася возера Клані. Яно да 30 метраў у шырыню. Тут расце чарот, асака, водзіцца рыба, плаваюць дзікія качкі, на вадзе цвітуць белыя лілеі. Магчыма і рэчка называлася Клань, якая тут калісьці ўпадала ў Гаўю.

Вёска Гута вельмі цікавая, адметная ад многіх іншых вёсак, захавала свой этнаграфічны каларыт. Пры ўездзе ў вёску - стары вялікі драўляны і два невялікія металічныя крыжы. Тут пражываюць шчырыя католікі суботніцкай парафіі.

Хаты жыхары калісьці аздаблялі з любоўю. Кідаюцца ў вочы разбяныя ліштвы вокнаў з расліннымі і жывёльнымі матывамі. Шмат каля якіх хатаў яшчэ стаяць свірны з дрэва для захоўвання прадуктаў харчавання, зерня і мукі. Такія свірны будавалі не ўсюды, яны характэрны для Геранёнскага і Суботніцкага сельсаветаў.

Моладзь паступова пакінула ажыўлёную і прыгожую вёску і з'ехала на працу і пастаяннае пражыванне ў Вільню, хтосьці ў Польшчу, у Казахстан на асваенне цаліны, іншыя - у Ліду, Гродна, Мінск. Хаты без догляду людзей пастарэлі і асірацелі, на дзвярах вісяць замкі, а шматгадовыя лілеі і жоўтыя вяргіні ў агародчыках усё цвітуць у памяць аб адышоўшых у вечнасць жыхарах.

Пры Польшчы жыхары паклалі ў вёсцы каменны брук, а ў 1980-я гады, стараннем дырэктара саўгаса А.Г.Халупка, тут быў заліты асфальт. Асфальтаванай вуліцай, якая цягнецца больш кіламетра, мы ідзём, каб сустрэцца з яе жыхарамі.

Настаўніца Соф'я Мацкевіч з вучням 1 кл. Гуцкай пачатковай школы, 1982 г.

На цяперашні час тут пражывае 7 карэнных жыхароў вёскі і два дачнікі. Падыходзім да хаты ашаляванай, дагледжанай, дзе на ўтульным двары шмат кветак, у вазонніцах на ганку цвітуць герані. Нас ветліва сустракаюць гаспадары Ян Юзафавіч і Данута Іосіфаўна Грынюкі. Гучным лаем прывітаў сабака Барс, бо чужыя людзі ў пагранічнай зоне бываюць вельмі рэдка.

Першым пытаннем было: ці памяталі мясцовыя жыхары пра гуцкіх шкловараў? Гаспадар адказаў, што пра шклозавод у Гуце нават яго бацькі не памяталі, але нейкая мануфактура, відаць, была, бо яшчэ ў маленстве ён з дзецьмі гуляў на агародзе Ягора Казлоўскага і знаходзіў шкляныя "цуплікі" - застыўшыя рознакаляровыя кроплі шкла. 

Ян Юзафавіч, 1941 г.н. - карэнны жыхар Гуты. Усё тут яму роднае і дарагое. Аповеды пра мінулае яму расказвалі бацькі Іосіф Грынюк, 1908 г.н., і Марыя Грынюк, 1914 г.н. Успаміны далёкіх часоў ад цікавага субяседніка мы слухалі з задавальненнем.

"Калісьці ў Гуце было толькі 12 хатаў, гаспадары якіх мелі 12 валок ворнай зямлі, - распавёў Ян Юзафавіч. - Але  заможнасць кожнага гаспадара залежала не толькі ад стараннасці ў працы, але і ад урадлівасці глебы, таму і ўраджаі атрымліваліся не аднолькавыя. Гуцкія гаспадары працавалі на сваіх надзелах сем'ямі, не былі залежнымі ад графаў Умястоўскіх. Шляхтай сябе не называлі, а гаспадарамі былі моцнымі і ганарыліся гэтым.

Мой тата меў 12 га ўсёй зямлі разам з пашай і сенажаццю. З іх 9 га зямлі было ворнай. З прыходам савецкай улады ўся зямля перайшла ў калгас.

Марыя Вікенцьеўна і Юзаф Баляслававіч Грынюкі, 1959 г.

У дасавецкі перыяд бацькі думалі пра лёс сваіх дзяцей, і калі сыны жаніліся, то яны дзялілі зямлю на чацвярцінкі, а хтосьці і шасцінку атрымліваў.

Не мелі нічога прымакі, якія жаніліся з гуцкімі дзяўчатамі і прыходзілі да іх жыць. Добра, калі бацькі давалі ў пасаг дачцы кавалак зямлі, а калі толькі куфар з адзеннем ды палатном, то сям'я жыла вельмі бедна, прыходзілася батрачыць, хадзіць на працу ў графскі маёнтак Умястоўскіх.

Мой бацька, каб падтрымаць у жыцці сваю родную сястру, якая выходзіла замуж у Лынтупы, купіў ёй 4 га зямлі каля вёскі Божы Дар.

Надзел зямлі селяніна знаходзіўся не ў адным кавалку, а ў розных месцах. Як памяць аб тых часах засталіся назвы палёў вакол Гуты: шнюры, папярэчныя, дадатак, сярэднія, крайнія, камяніца, платуны, вузкія, раскіданая зямля.

Акрамя земляробства, мой бацька займаўся сталярствам, меў набор адмысловых сталярных інструментаў. Добра памятаю, што ён за сваё жыццё зрабіў жыхарам Гуты і суседніх вёсак 14 шафаў для адзення, 90 акон, а яшчэ - шмат аконных рамаў у веранды.

Дагэтуль захоўваецца ў гумне зроблены бацькам з дрэва вазок на санных палазах. У ім ездзілі зімой на запрэжаным кані на рынак і ў касцёл. На такім прыгожым вазку і цяпер ніхто не адказаўся б пракаціцца! Ды вось бяда, што зім са снегам амаль не бывае.

Добрым майстрам-самавучкай быў ён і ў пячной справе, рабіў жыхарам вёсак печы і печкі."

Таленавітасць і прыродная кемлівасць Юзафа Грынюка проста ўражвае. У маладосці ён пабудаваў вялікую драўляную хату на два канцы, а было гэта ў 1928 годзе. Ездзіў да прадстаўнікоў улады і дабіўся, каб у пярэднім канцы хаты адкрылася польская школа. Меў дагавор з дзяржавай на 15 гадоў бясплатнай арэнды памяшкання, а за гэта яму была выдзелена бясплатна бляха на пакрыццё хаты. Польская чатырохкласная школа працавала ў Гуце з 1928 года да 1939 года. Дзеці вучыліся ў дзве змены.

Пасля 1939 года, пры Саветах да вайны, адкрылася беларускамоўная школа ў хаце Юзафа Грынюка. У гады вайны яна не працавала. А пасля вайны зноў адкрылася адразу ў панскім доме на ўчастку Гута, а потым - у хаце Фелікса Грынюка. У вячэрнюю школу хадзілі навучацца грамаце многія дарослыя.

У 1950-я гады ў кожнай вёсцы быў створаны свой калгас. У жніўні 1952 г. на базе ўласных гаспадарак быў створаны калгас "Новая Гута". А ў 1954 годзе ўсе дробныя калгасы вёсак Гута, Лаўкенікі, Дабраполь-1, Дабраполь-2, Высоцкія, Падваранцы былі аб'яднаны ў адзін калгас імя Кутузава з цэнтрам у вёсцы Шаркуці. Графскія землі Жамыслаўля і фальварка Гута ўвайшлі ў саўгас "Жамыслаўль".

Генныя задаткі працавітасці ад бацькоў пераняў іх сын Ян Грынюк. Ян Юзафавіч памятае, што ў 1949 годзе, калі ён пайшоў у першы клас, у Гуце  пражывалі 272 жыхары. Пасля заканчэння 7 класаў Жамыслаўльскай школы працаваў у калгасе імя Кутузава - араў коньмі зямлю, касіў з касцамі сенажаці. Пасля службы ў арміі закончыў Жамыслаўльскую сярэднюю вячэрнюю школу і працаваў у саўгасе "Жамыслаўль" вадзіцелем машыны 20 гадоў. Потым саўгас стаў калгасам і старшыня А. Г. Халупка пранаваў яму ўзначаліць малочнатаварную ферму на ўчастку "Гута", дзе налічвалася 180 кароў. Чалавеку ад зямлі кіраванне  фермай не стала нечым звышскладаным. Закончыў завочна Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці  "заатэхнік". Ён хутка акунуўся ў справу, а надоі малака на ферме дасягнулі ад каровы да 3000 кг за год, Ян Грынюк пайшоў у 2001 г. на пенсію, а ферма ў Гуце праіснавала да 1997 года.

Ян Юзафавіч і Данута Іосіфаўна 2020 год і вяселле, 1972 год.

Вось ужо 48 гадоў жывуць у моцным і шчаслівым шлюбе Ян Юзафавіч і Данута Іосіфаўна, адзначылі сярэбранае вяселле ў 1997 годзе, не за гарамі і залатое.

"Я вельмі веру ў лёс кожнага чалавека, - упэўнена ў гэтым Данута Іосіфаўна. - Мой асабісты лёс прывёў мяне сюды, у Гуту. Тут я і засталася назаўсёды. Родам я з вёскі Бярэзаўцы. Вучылася ў Карпавічскай школе, 11 класаў закончыла ў Ліпнішкаўскай. Марыла быць настаўніцай і паступала ў Гродзенскі педінстытут, але з першага разу не паступіла.

Знаёмы з аддзела культуры прапанаваў мне ўладкавацца ў Гуцкую бібліятэку, і я згадзілася. Нават і не думала, што пасялюся на кватэру ў Гуце, дзе побач жыве мой будучы муж Ян. Шлюб мы зарэгістрыравалі ў 1971 годзе, а ў 1972 годзе згулялі вяселле. Вяселле цягнулася тры дні, з пераездам з Бярэзаўцаў у Гуту, у народных традыцыях, з народнай музыкай, ігралі музыкі з Дабраполі-2.

Я працавала ў бібліятэцы і завочна паступіла ў Гродзенскі педінстытут на філфак. Пасля трох курсаў вучобы перайшла працаваць у Жамыслаўльскую сярэднюю школу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Настаўніцкі працоўны стаж 35 гадоў. З 2003 года - на пенсіі."

У моцнай, дружнай і культурнай сям'і Грынюкоў выраслі разумныя, працавітыя і выхаваныя дзеці. Старэйшы сын Валерый закончыў Магілёўскі эканамічны інстытут, па прафесіі - эканаміст, жыве з сям'ёй і працуе ў Польшчы. Малодшы сын Яўгеній закончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "інжынер-электрык" і "прававед". Жыве з сям'ёй і працуе ў Мінску.

Дачка Ганна працягнула творчую прафесію сваёй мамы. Таксама закончыла Гродзенскі педінстытут і працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Жамыслаўльскім дзіцячым садзе-базавай школе. Калектыў настаўнікаў і вучняў паважае Ганну Янаўну Жыжыч як мудрага, разважлівага і творчага педагога, які любіць свой прадмет і вельмі адказна адносіцца да яго выкладання. Яна клапатлівы класны кіраўнік.

Ян Юзафавіч і Данута Іосіфаўна не сумуюць на пенсіі. Чакаюць у госці дзяцей і ўнукаў, займаюцца пчалярствам. Іх пасека знаходзіцца ў экалагічна чыстай зоне. Пчолы збіраюць нектар з векавых гуцкіх ліпаў, іван-чая, лугавых і лясных кветак, вераса, з пасеваў рапсу, маслянічнай рэдзькі і гарчыцы. Гаспадары сеюць для пчол 10 сотак фацэліі - выдатнай меданоснай культуры.

Грынюкі штогод правяраюць мёд на якасць. Не дапускаецца ўдзельная актыўнасць радыёнуклідаў (цэзій-137) больш 3700. У мёдзе з гуцкай пасекі іх менш 20 адзінак. Купіць такі якасны, натуральны мёд у Грынюкоў можна па пятніцах на іўеўскім рынку.

Ян Юзафавіч правёў нам экскурсію па гуцкай вуліцы і расказаў, што ў вёсцы, акрамя яго бацькі, былі і іншыя майстры. Уладзімір Грынюк (аднафамілец) змайстраваў гармонік сваімі рукамі і сам вельмі прыгожа іграў. У той час, калі ў Гуце яшчэ не было радыё і электрычнасці, Уладзімір з падручных матэрыялаў змайстраваў бесправадное радыё. За шклом - крышталік, іголка, далей - провад, антэна. Паслухаць навіны і музыку з такога няхітрага прыёмніка прыходзілі вяскоўцы і былі ўражаны талентам Грынюка.

Ігнат Андрушкевіч меў сваю кузню. Ён падкоўваў коней, акоўваў калёсы і вазы, вырабляў на заказ інструмент.

Жыхары Гуты добра памятаюць падзеі мінулых войнаў. У Першую сусветную нямецкая конніца ішла брукам па Гуце. Немцы спыніліся каля хаты Васілеўскага, каб напаіць коней са студні. Вада ў ей была чыстая, халодная, смачная. Дубовы зруб пачынаўся з дна, адкуль біла крыніца. Салдаты бралі вельмі шмат вады і дзівіліся, адкуль яна так бруіцца.

У пачатку Другой сусветнай вайны зноў жа нямецкія войскі наступалі тым жа самым шляхам з Літвы праз Гуту. З Казённага лесу за Гутай біла нямецкая артылерыя па аэрадроме каля вёсак Высоцкія і Падваранцы і па пазіцыях Самара-Ульянаўскай дывізіі за ракой Гаўя. Людзі былі ў роспачы, капалі за агародамі каля долу зямлянкі і вельмі баяліся, што немцы артабстрэламі спаляць вёску.

І гэтае пытанне памяркоўна вырашыў Вінцук Грынюк. Ён быў у нямецкім палоне ў час Першай сусветнай вайны і трошкі ведаў нямецкую мову. Пасол ад гуцян, які меў вясковую мянушку "афіцэр", пайшоў да немцаў, якія прыехалі на танку ў пачатак вёскі, і папрасіў іх не прычыняць шкоду вёсцы, і немцы гэта паабяцалі. За гэта людзі прынеслі няпрошаным гасцям прадукты: хлеб, сала, масла, яйкі, малако. Дыпламатыя ў гады вайны была вельмі неабходная, каб ратаваць жыцці многіх дарослых людзей і дзяцей.

Але жорсткасць акупацыйнага рэжыму за гады вайны зведалі многія. І па сённяшні дзень гуцяне памятаюць трагічны выпадак. У Гуце жыла сямья Станіслава Грынюка (аднафамільцаў тут шмат), шасцёра дзяцей мелі. Гаспадар быў лядачы, піў, жонку не паважаў, украў 2 пуды грэчкі і вынес з хаты, дзяцей не было чым карміць. Пайшла жонка Юзэфа ў жамыслаўльскі палац да ўпраўляючага маёнткам немца і паскардзілася на мужа. Той сказаў жанчыне прыйсці дваім - ей з мужам - у палац. Яна так і зрабіла. Немец завёў Грынюка за палац і застрэліў з пісталета, а жанчыне сказаў: "Ну, вось цяпер ён не будзе табе мяшаць жыць". Пра стан жанчыны, яе дзяцей і вяскоўцаў пасля гэтай трагедыі можна толькі здагадацца.

Вайна з Германіяй скончылася перамогай. На франтах за гэтую перамогу змагаліся 23 жыхары Гуты. І цяпер на многіх дамах вёскі захаваліся чырвоныя зорачкі.

А мы, уражаныя гісторыямі пра вайну, ідзём далей па вёсцы і амаль у яе канцы заходзім у двор таксама да гуцкай настаўніцы Ядвігі Аляксандраўны Васілеўскай. Вялікі і прыгожы дом, прасторны двор, дзе ўсё пабудавана і пасаджана з густам і любоўю: пладовыя дрэвы, вінаград, кветкі. Па двары бегалі і шчабяталі прыехаўшыя з горада ўнукі. Мне гэты дом, двор і вялікая сям'я Васілеўскіх паказаліся нейкай светлай надзеяй Гуты.

Ядвіга Васілеўская з унучкамі
 
Ядвіга Аляксандраўна - мясцовая, родам з Жэмайтукоў. Закончыла Ваўкавыскае педвучылішча, пачынала працаваць у Няхведскай пачатковай школе ў перыяд, калі РАНА ўзначальваў А.М. Чэрнік. Затым працавала ў Юрацішкаўскай школе. А ў Гуту прыехала ў 1972 годзе, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца Іосіфа. Адразу была прызначана ў Жамыслаўльскую школу ў групу падоўжанага дня. А ў 1976 годзе прыняла Гуцкую пачатковую школу ад настаўніка  Ганны Фёдараўны Кропа, якая выехала ў Вільню. Ядвіга Аляксандраўна і праз шмат гадоў не выйшла з ролі настаўніка.

“Настолькі цяжка было працаваць, - успамінае яна, - што я і цяпер бачу сны, у якіх я спяшаю ў школу, вяду ўрокі, думаю пра кожнае дзіця. А іх было ў мяне шмат. У 1 - 4 класы хадзілі 15 - 20 дзяцей з Гуты, з участка Гута, Дабраполі-1, Дабраполі-2, Божага Дара.

Арганізаванага падвоза дзяцей тады не было. Дзеці дабіраліся ў школу пяшком, некаторых прывозілі бацькі на конях, іншыя дабіраліся ў калгаснай "лятучцы" разам з рабочымі. Мне дзяцей патрэбна было сустрэць, раздзець, сагрэць, а яшчэ кожнага навучыць. Уявіце, як было цяжка вучыць 20 дзяцей 1 - 4 класаў, калі яны ўсе разам сядзелі за партамі ў адным класе, вывучалі розныя прадметы, выконвалі розныя заданні.

Гуцкая пачатковая школа закрылася ў 1987 годзе, і я пайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Жамыслаўльскую школу. Там мы дружна працавалі разам з настаўніцай пачаткоўцаў Янінай Іванаўнай Панцялеенка. На пенсію выйшла ў 2006 годзе, будучы на пенсіі яшчэ працавала тры гады.

Муж Іосіф Станіслававіч родам з Гуты. У хаце яго бацькі працавала адзін год пачатковая школа ў 1957 годзе, а ён тады хадзіў у трэці клас. А потым школу перанеслі ў пастаянны будынак у пачатак вёскі.

Муж адразу не збіраўся жыць у Гуце. Планавалі пераехаць у Суботнікі. Ён таксама ўсё жыццё на работу дабіраўся з Гуты. Працаваў загадчыкам мехмайстэрні ў Жамыслаўлі, інжынерам, пяць гадоў ездзіў на працу ў Літву інструктарам па ваджэнні ў Дзявенішскую школу. Шмат разоў планавалі выехаць з Гуты, але так і не пакінулі вёску, якая мне стала сваёй, роднай.

Раней у Гуце весела было: шмат людзей, працавалі клуб і бібліятэка, лазня і магазін. А цяпер сцішна і сумнавата, але добра, што ўнукі на лета прыязджаюць з гарадоў і сумаваць не даюць. Дзеці часта адведваюць. Дзве дачкі ў Мінску жывуць, а сын у Ашмянах."

Вяселле Станіславы Грюнюк і Івана Ледаковіча, 1957 г.
 
  Станіслава Юзэфаўна Ледаковіч, 2020 год.

Мы развітваліся і пажадалі найлепшага сям'і Ядвігі Аляксандраўны, як у гэты час на вуліцы Гуты з'явілася аўталаўка Лідскага райпо і да яе падыйшлі нешматлікія жыхары. Сярод іх была і Станіслава Юзэфаўна Ледаковіч, 30.12.1935 г.н. Для нас, гісторыкаў, гэтая жанчына аказалася сапраўднай знаходкай, якая  ведае ўсё пра Гуту і наваколле. І вось самае цікавае, што мы пачулі ад яе:

"За Гутай, пад літоўскі лес, паша была раней, кусты раслі, месца кудрай называлі, тут кароў пасвілі. Там ляжаў камен

ь плоскі каля метра ў даўжыню. На ім - след ад ступні і тры маленькія ямкі, быццам умяціны ад кійка. Ад людзей з пакалення ў пакалення перадаецца, што гэта прайшлася з кійком і пакінула след святая Дзева Марыя. Гэтую легенду расказала мне мая бабуля Марыя Іванаўна Грынюк, 1886 г.н. У 1972 годзе камень яшчэ ляжаў. А потым тут трактарам выкарчавалі кусты, і камень знік. Месца сталі называць цаліна."

Дзень сустрэчы з жыхарамі Гуты праляцеў так хутка, што мы і не заўважылі. І вельмі шкадавалі, што аднаго дня зусім мала, каб даведацца больш пра гісторыю вёскі. Вяскоўцы Іўеўшчыны ведаюць аб мінулым столькі цікавага, што калі запісаць усё гэта, можна выдаць яшчэ не адзін том раённай кнігі "Памяць".

А. Ігліцкі. фота з сямейных альбомаў жыхароў в. Гута.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение

Nothing found!

  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.