Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Праз гарніла барацьбы да лепшай долі. У Дзень народнага адзінства пра патрыёта - морынца Пятра Лайковіча

Год исторической памяти

17 верасня – Дзень народнага адзінства, Дзень ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у адну рэспубліку - БССР. Шлях да яднання беларускага народа, адстойвання яго нацыянальных і сацыяльных правоў, чалавечай годнасці, а ўрэшце рэшт і да незалежнасці Рэспублікі Беларусь праклалі беларускія патрыёты 1920-1930-х гадоў, рызыкуючы асабістай свабодай, здароўем і нават жыццём. Адным з такіх патрыётаў быў морынец Пётр Якаўлевіч Лайковіч.

Першыя крокі да мэты

- Мой бацька Пётр Якаўлевіч, - успамінаў у 2014 годзе сын Іван Пятровіч Лайковіч , - нарадзіўся ў в. Морына ў 1895 годзе ў сялянскай сям’і.
Скончыў толькі пару класаў царкоўна-прыхадской школы, юнаком служыў у польскім войску ў горадзе Торуні.
Па характары рызыкоўны і настойлівы, ён у 1920-я гады, пасля службы ў войску, разам з сябрам Аляксандрам Мелехам вырашыў паспытаць сваё шчасце за мяжой. Яны паехалі на заробкі ў Францыю і ўладкаваліся працаваць на вугальную шахту. Праца на шахце была вельмі цяжкай - адбівалі вугаль кіркамі ўручную і цягалі тачкамі. Пазнаёміўшыся на працы з рабочымі-камуністамі, бацька прымкнуў да камуністычнага руху, стаў членам французскай кампартыі.
Невядома, як склаўся б лёс морынцаў у Францыі далей, каб у 1930-м годзе не пачаўся сусветны эканамічны крызіс: упалі заробкі, пачаліся скарачэнні рабочых месцаў на шахтах. Морынскія хлопцы вярнуліся на радзіму, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, восенню 1931 года.
Захоплены ідэяй сацыяльна справядлівага грамадства, восенню 1931 года Пётр Якаўлевіч стварыў і ўзначаліў морынскую ячэйку Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У ячэйку ўвайшлі морынскія жыхары: Міхаіл Жынко, Іван Абрамчык, Сяргей Жышко. На вясковых вечарынках хлопцы тлумачылі моладзі сутнасць акупацыйнай палітыкі поль-скай улады, распаўсюджвалі лістоўкі і заклікалі грамадзян да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй - БССР. Займацца палітыкай у той час было небяспечна, за падазронымі сачыла польская паліцыя, у асяроддзе іншадумцаў засылаліся шпікі. Вярнуўшыся з Францыі, бацька ажаніўся з морынскай дзяўчынай Ганнай Жынко, разумнай, разважлівай і памяркоўнай, якая заўсёды падтрымлівала яго палітычныя погляды і дапамагала яму ў любых абставінах.

Выратаваў таварышаў ад турмы

Укастрычніку 1932 года бацька быў арыштаваны, бо падпольшчыкаў выдаў паліцыі нейкі гімназіст - правакатар Кузьма. 10 лютага 1933 года ў Лідзе ішоў суд над арыштаванымі падпольшчыкамі. На судзе Пётр Якаўлевіч усю адказнасць за дзейнасць морынскай ячэйкі ўзяў на сябе і тым самым выратаваў таварышаў ад турмы, іх пасля суда адпусцілі. А сам ён адбываў пакаранне за супраціўленне польскаму рэжыму ў засценках Ліды і Гродна з 1932 па 1936 гады. Расказваў, што на допытах следчыя білі, залівалі ў нос керасін.
Турмы падарвалі яго здароўе, але не зламалі волю і ідэйныя перакананні. У камерах ён пазнаёміўся з адукаванымі людзьмі, ад іх шмат чаго даведаўся і многаму навучыўся, асвоіў «марзянку», з дапамогай якой вязні стукалі па сцяне і перадавалі інфармацыю з камеры ў камеру. З 1932 па 1936 гады бацька правёў у няволі. У студзені 1936 года ён быў вызвалены па амністыі і знаходзіўся пад наглядам польскай паліцыі.
Нечаканыя перамены пачаліся восенню 1939 года. Корпус Чырвонай Арміі пад камандаваннем І. Болдзіна ўвайшоў у Іўе. Польскія чыноўнікі разбегліся. Сям’я морынскай памешчыцы Брахоцкай з’ехала за мяжу яшчэ да прыходу бальшавікоў да ўлады. У Морыне адразу быў створаны камітэт сялянскай беднаты, які ўзначаліў Пётр Лайковіч. У склад яго, акрамя былых падпольшчыкаў Івана Абрамчыка, Міхаіла Жынко, Сяргея Жышко, ўвайшлі сялянскія прадстаўнікі - Пётр Гудзень, Канстанцін Бутурля, Канстанцін Ярмош, Аляксандр Жынко, Імпаліт Гудзень. Створаны камітэт падзяліў панскую зямлю паміж малазямельнымі і беззямельнымі сялянамі. Члены камітэта па чарзе дзяжурылі па начах у панскім маёнтку, ахоўвалі пасевы на палях. Мелі на ўсякі выпадак зброю, якая вісела ў панскім доме на сцяне.
24 снежня 1939 года адбыліся выбары ў Морынскі сельскі Савет дэпутатаў працоўных. Дэпутатамі былі абраны: Канстанцін Ярмош, Аляксандр Ігліцкі, Канстанцін Ліхарад, Іван Конан, Яўгеній Мелех, Браніслава Жамойда. Першым старшынёй Морынскага сельсавета быў абраны Канстанцін Ярмош. Бацька не казаў, па якіх прычнах, але, на жаль, ні адзін з былых морынскіх падпольшчыкаў-камуністаў не стаў дэпутатам Морынскага сельсавета.

Выпрабаванні вайной

З усталяваннем савецкай улады ў Заходняй Беларусі былыя члены КПЗБ не былі вылучаны ў органы мясцовай улады, іх актыўная жыццёвая пазіцыя і вялікі вопыт не спатрэбіліся сталінскаму кіраўніцтву. Уладзе патрэбны былі паслухмяныя прызначэнцы, а не абраннікі, загартаваныя ў турмах, з вопытам палітычнай барацьбы.
Пётр Якаўлевіч у перадваенны час працаваў на уласнай гаспадарцы, а ў 1940 годзе паехаў у Белавежскую пушчу на курсы майстроў падсочкі сасновай смалы. Вярнуўшыся, набраў у Морыне брыгаду падсочнікаў і пачаў нарыхтоўку жывіцы ў лесе. У пачатку мая 1941 года бацька быў прызваны на 45-дзённыя зборы Чырвонай Арміі, якія праходзілі ў г. Аўгустоў Беластоцкай вобласці БССР. Час быў ваенны і трывожны. У верасні 1939 года Германія захапіла Польшчу, і каля г. Аўгустова праходзіла дэмаркацыйная лінія - паласа, якая раздзяліла войскі праціўнікаў ( у дадзеным выпадку мяжа савецка-германскіх інтарэсаў ва Усходняй Еўропе). У Аўгустове мяжа непасрэдна праходзіла па возеры, асвятлялася пражэктарамі, здалёк былі відаць нямецкія ахоўнікі. Як раз перад пачаткам вайны воінская часць, што размяшчалася ў Аўгустове, адправілася на палявыя вучэнні, у казарме заставалася невялічкая частка асабістага складу і рэзервістаў. Бацьку заставалася пяць дзён да заканчэння збораў, але нечакана пачалася вайна Германіі з СССР.

П. Лайковіч (справа) з таварышамі падчас жыцця ў Францыі

2 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, магутны ўдар нямецкай артылерыі абрынуўся на савецкую пагранічную тэрыторыю. Салдаты з казармаў павыскоквалі, мяркуючы, што гэта на самой справе страляюць свае, ідуць вучэнні, але, убачыўшы забітых саслужыўцаў, зразумелі, што пачалася вайна. Бацька ўспамінаў, што байцы кінуліся да складоў зброі, але яны былі зачынены. Яны збілі замкі і пачалі хапаць вінтоўкі, але ў новых, змазаных маслам вінтоўках не было затвораў. Увачавідкі было здрадніцтва ў ваенным акружэнні на карысць немцаў. Нямецкі дэсант высадзіўся за ракой Шчарай і натуральна касіў градам куляў адступаючых чырвонаармейцаў. Рэзервісты з Аўгустова групкамі ўцякалі з тэрыторыі часці ў лес, але там былі акружаны і ўзяты ў палон немцамі. Ваеннапалонных адправілі ў канцлагер, які размяшчаўся ў г. Сувалкі Беластоцкай вобласці.
Пётр Якаўлевіч прабыў у лагеры паўгода і прайшоў усе жахі фашысцкага рэжыму. Ваеннапалонныя жылі ў бараках, спалі на дашчатых нарах. Але не ўсім хапала і на іх месца - начавалі на зямлі пад адкрытым небам. Елі баланду з гнілых буракоў, атрымоўвалі па 150-200 грамаў эрзац-хлеба ў дзень. На працу палонных не ганялі, бо яе не было. Лагер ахоўвалі старыя па ўзросце немцы і жанчыны ў ваеннай форме. Асабліва жорсткімі былі жанчыны-ахоўніцы. За любую дробязь расстрэльвалі. Многія палонныя не вытрымлівалі цяжкіх умоў і паміралі. Кожны дзень звычайным відовішчам было, як жывыя палонныя вывозілі з баракаў возам горы трупаў і закопвалі іх у лесе.
Праз паўгода Пётр Якаўлевіч з групай іншых палонных здзейсніў пабег з лагера. На працягу тыдня, пад покрывам ночы ён ішоў дамоў і толькі ў канцы лістапада 1941 года дабраўся да Морына. У вайну ўсе морынцы працавалі на сваіх надзелах зямлі. Пагэтаму і бацька, вярнуўшыся з палону, заняўся гаспадаркай. Абрабляў гектар і 35 сотак зямлі, трымаў карову, свіней, каня.
Здрадніцтва ў вайну хапала. Нехта далажыў немцам, што мой бацька быў да вайны камуністам. Прыехалі пад хату немцы на кані, прывязалі бацьку за руку да аглоблі і павялі ў Вселюбскую гміну. Магчыма, там яго і расстралялі б. Але мая маці Ганна пабегла да кіраўніка морынскага маёнтка Міхаіла Канчука. Ён хуценька сеў вярхом на каня і памчаўся ў Вселюб, там сказаў: «Лайковіча адпусціце, ён харошы чалавек. Калі дзе ўдзельнічаў, то яго застаўлялі…» І яго адпусцілі. Канчуку немцы верылі, і дзякуючы гэтаму ён выратаваў многіх людзей ад смерці. Сярод іх - Іван Міхайлавіч Конан, які да вайны працаваў сакратаром Морынскага сельсавета.
Пасля вайны мой бацька пару гадоў працаваў на ўласнай гаспадарцы, а калі зямлю ад уласнікаў забралі ў калгас, пайшоў у брыгаду Бакштаўскага леспрамгаса. Туды ездзілі працаваць многія морынцы, у брыгадзе іх налічвалася больш дзесяці чалавек. Зімой яны ўручную грузілі лес на машыны, а вясной і летам рыхтавалі плыты са спілаваных векавых елак ды соснаў да сплаву па рацэ.
На заслужаны адпачынак ён пайшоў інвалідам трэцяй групы.
Пётр Якаўлевіч Лайковіч пражыў 75 гадоў, памёр у 1974 годзе і пахаваны на морынскіх могілках.
Усе пяцёра дзяцей Лайковічаў скончылі Морынскую сярэднюю школу, а потым кожны пайшоў у жыццё сваёй сцежкай. Цяпер унукі і праўнукі Пятра Лайковіча ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь рэалізоўваюць свае задумкі і планы, якія для іх дзядулі ў свой час былі марай. Дзеля лепшай долі сваіх дзяцей і ўнукаў Пётр Лайковіч прайшоў праз гарніла барацьбы, не пашкадаваў дзеля гэтага маладых гадоў.

А. ІГЛІЦКІ.
Фота з архіва дачкі П. Лайковіча М. Францук.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.