Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Падарожжа па малой радзіме. Што ёсць цікавага ў вёсцы Навасяды? (частка II)

О малой родине

Вайна - трагедыя сям'і
Літмановічаў

Апошняя вайна агнём і мячом прайшлася па лёсах кожнага чалавека, кожнай сям'і. Ян Барысевіч з Навасядаў расказаў пра ваенны лёс сваёй сям'і па мацярынскай лініі. Бацькі яго маці Марыі, 1938 г.н., Васіль і Станіслава Літмановічы жылі на хутары Куцькі, недалёка ад вёскі Грушанцы. Мелі ўласную зямлю, гадавалі жывёлу, прадавалі на рынку. Працавалі і жылі зажытачна. У 1940 годзе, перад пачаткам вайны, дзед Янака Васіль павёз канём у Трабы на рынак прадаваць парасят. Рынак у Трабах заўжды быў вялікі, сюды з'язджаліся шмат прадаўцоў і пакупнікоў.
Торг на рынку ў Васіля Літмановіча ўдаўся. Прадавец і пакупнік сядзелі на возе і выпівалі барыш. Па рынку хадзілі мясцовыя бандзюкі, якія ўмелі ашукаць чалавека ці нешта ў яго ўкрасці. На той момант тры такія мясцовыя жулікі падышлі да воза Літмановіча. Адзін з іх, не пытаючыся, выхапіў з рукі Васіля чарку з гарэлкай і хацеў выпіць. Літмановіч быў дужы і ўмеў за сябе пастаяць. Разгневаны, ён так даў нахабніку кулаком, што чарка залезла яму ў рот, гарэлка палілася. Мясцовыя "рэкеціры" пайшлі з рынка. А той, пакрыўджаны, патрос кулаком і прыгразіў Літмановічу помстай.
Пра сваё абяцанне ён не забыўся. Даведаўся, дзе жыве Васіль. А калі пачалася вайна, сабраў кампанію, якая прыехала на хутар Куцькі вярхом на пяці конях. Быў позні зімовы вечар. Сям'я лягла спаць, як у акно пастукалі. Васіль Літмановіч зразумеў, у чым справа, і патлумачыў жонцы, што рабіць. Бандыты сказалі ўсім выйсці ў двор, інакш прыгразілі падпалам хаты. Жонка Стася паспела адзець дзяцей і выйшла на двор са старэйшай дачкой Марыяй, сынам Болюсям і меншай дачкой Геняй на руках. Іх бандыты не чапалі, а Васіля хацелі забіць. Падпалілі хату, і чакалі, пакуль агонь прыпячэ, і ён выскачыць на двор.
Пажар разгараўся, хату ахапіла полымя. Злачынцы чакалі Васіля, але ён так і не выйшаў. На той момант гаспадар хаты не разгубіўся. Не паспеўшы адзецца, ён хуценька залез па лесвіцы на гарышча хаты, прадраў лаз у саламянай страсе, саскочыў басанож у снег з супрацьлеглага боку хаты ў бялізне і пабег басанож у бок станцыі Юрацішкі. Не дачакаўшыся каля ганка Васіля, бандыты абышлі кругом хаты і ўбачылі яго сляды на снезе. Следам яны пачалі пагоню за збегшым. Васіль прабег пяць кіламетраў да станцыі Юрацішкі. Магчыма, коннікі дагналі б яго, але каля чыгуначнай станцыі стаяў на вышцы нямецкі часавы і ўбачыў, як за чалавекам, які бяжыць у бялізне басанож, гоняцца невядомыя людзі на конях. Ён пачаў страляць. Коннікі павярнулі назад, а Васіль дабег да бліжэйшага памяшкання, каб сагрэцца. Так ён трапіў у рукі немцаў. Яны яго не адпусцілі, заставілі служыць у нямецкай паліцыі.

Юзэфа Сторта

Не думаў і не сніў мірны чалавек, што акажацца ў лапах ворагаў, што канфлікт з жулікам на трабскім рынку так скалечыць яго жыццё. Не дзіва, што ў народзе кажуць: ад турмы і сумы не заракайся. У канцы вайны ён здаўся ў палон савецкім байцам пад Вільнюсам. Па суровых сталінскіх законах таго часу, Васіль Літмановіч быў асуджаны судом на 25 гадоў выпраўленча-папраўнай калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў папраўча-працоўным лагеры Белбалтлагу на адбудаванні Беламорска-Балтыйскага канала, які быў выкапаны ў 1931-1933 гадах, але пашкоджаны ў час баявых дзеянняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зняволеныя капалі канал рыдлёўкамі, выносілі пясок насілкамі. Шмат хто з іх загінуў на месцы будаўніцтва ад цяжкай, непасільнай працы.
Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе, Васіль Літмановіч быў амнісціраваны і вярнуўся дадому. Але вяртацца, вядома, не было куды. Хату, нажытую працай, спалілі бандыты. Жонку Стасю ён адшукаў у вёсцы Шаркуці. Яна жыла з дзецьмі у маленькай хатцы з глінянай падлогай. Васіль доўга не пажыў з сям'ёй. Знясілены цяжкай працай і хворы, ён пражыў 15 гадоў і памёр. Выгадаваць траіх дзяцей Стася была не ў сілах адна. Таму і аддала старэйшую дзяўчынку Марыю жанчыне ў вёску Навасяды Юзэфе Сторта, 1910 г.н. Яе муж Франц Сторта, 1903 г.н., памёр рана, а дзяцей сваіх яна не мела. Юзэфа Бенедыктаўна ўзяла да сябе дзяўчынку Марыю як прыёмную дачку з радасцю і вельмі яе шкадавала.

Лёс сям'і Барысевічаў

У 1957 годзе Марыя Літмановіч выйшла замуж за хлопца з Залесся Стэфана Барысевіча. Марыя працавала ў саўгасным паляводстве, а Стэфан - шафёрам саўгаса "Суботнікі", чатыры гады перад пенсіяй - трактарыстам. Маладая сям'я жыла ў хаце Стортаў у Навасядах. Нарадзіліся чацвёра дзяцей. Юзэфа Бенедыктаўна дапамагала Марыі гадаваць дзяцей, была для іх добрым і мудрым выхавальнікам. Праз шмат гадоў яны памятаюць, як бабуля ў хатніх умовах рабіла ім сапраўднае марожанае, якое па якасці не ўступала прадукцыі малаказавода. Прадуктамі для прыгатавання былі свежае малако і вяршкі смятаны (сліўкі), цукар, ваніль, какава, якія зліваліся ў маслабойку. Маслабойка ўстаўлялася ў дзяжу, куды залівалася халодная вада з кускамі лёду. Марожанае збівалася ў маслабойцы за кошт холаду.


Юзэфа Бенедыктаўна была набожнай жанчынай і выхоўвала дзяцей у хрысціянскай маралі. І сёння Янак Барысевіч памятае яе словы: "Дзеткі, не прагніце да грошай. Колькі Бог дасць, столькі і досыць".
Юзэфа Бенедыктаўна Сторта пражыла 97 гадоў і памерла ў 2007 годзе. Яе добрыя справы і ўчынкі не забываюць дзеці Марыі і Стэфана Барысевічаў, успамінаюць, падкрэсліваючы: "наша бабуля". Павагу і памяць ад чужых дзяцей яна заслужыла, аддаўшы ім цяпло сэрца як сваім, родным.
У 2002 годзе Стэфан і Марыя купілі прасторную хату ў Мільках. Была магчымасць адразу перавезці яе ў Жамыслаўль. Але вырашылі перавезці хату сюды, у Навасяды, дзе прастора вакол палёў і лясоў, шмат травы і пашаў для жывёлы. Сям'я трымала дзве каровы, шасцёра свіней. У той час сяляне думалі іншымі катэгорыямі, больш клапаціліся пра асабістую гаспадарку, а не пра адпачынак у вольны час.
Пры бацьках задаткі працавітасці набылі і дзеці Барысевічаў. Маці Марыя працавала ў саўгасным паляводстве, а чацвёра дзяцей, як падраслі, дапамагалі ёй у працы на саўгасным полі. Закончыўшы школу, яны пайшлі ў свет. Старэйшы сын Віктар, 1956 г.н., працаваў у саўгасе "Жамыслаўль" зваршчыкам. У 2018 годзе паехаў на будоўлю ў Маскву і там трагічна загінуў. Сын Стась, 1958 г.н., пражывае ў Мінску. Працаваў матарыстам на Мінскім маторным заводзе. Калі выйшаў на пенсію, знайшоў сабе спадарожніцу жыцця па душы і ажаніўся. Дачка Тарэса, 1959 г.н., пражывае з сям'ёй у Мядзелі. Шмат гадоў да пенсіі адпрацавала каменшчыкам у будаўнічай арганізацыі горада Мядзеля.
Сын Янак, 1964 г.н., закончыў Жамыслаўльскую базавую школу, Іўеўскае СПТУ-197 па спецыяльнасці “трактарыст-шафёр”. Затым, па накіраванні ваенкамата, вучыўся на курсах шафёраў ў Казлоўшчыне Слонімскага раёна. Да арміі працаваў памочнікам трактарыста побач з бацькам у саўгасе "Суботнікі". З 1983 па 1985 год служыў у Брэсцкай 38 паветрана-дэсантнай брыгадзе дэсантнікам. Здзейсніў 20 скачкоў з самалёта з парашутам з вышыні 800 метраў.
Пасля службы ў арміі Барысевіч паехаў у Вільнюс і працаваў слесарам-аўтаматчыкам на заводзе паліўнай апаратуры. Пасля распаду СССР у 1991 годзе, хлопец вырашыў вярнуцца ў Беларусь. З 1993 па 1996 год працаваў чысцільшчыкам-тачыльшчыкам часальных апаратаў на Гродзенскім прадзільна-нітачным камбінаце. Зарплата задавальняла, а вось жыццё ў горадзе ціснула маральна сваім гарадскім рытмам і ўкладам, шумам. Хацелася спакойнага, няспешлівага жыцця ў вёсцы, бліжэй да прыроды. Навасяды паклікалі яго вярнуцца, і ён вярнуўся. Ды і бацькам у гаспадарцы патрэбен быў памочнік.

Магчыма, Ян Барысевіч шмат чаго згубіў, вярнуўшыся ў вёску. Але ён больш шануе тое, што мае, ці, як вучыла бабуля Юзэфа, што Бог даў. Галоўнае, што ён ад вясковага жыцця атрымоўвае асалоду, маральнае задавальненне. Садзіць 60 сотак бульбы, у агародзе - розную агародніну. У садзе мае 18 пчаліных вулляў. Майстэрства пчаляра ён пераняў ад мясцовых пчаляроў і ўжо 40 гадоў займаецца гэтым промыслам.
За сезон пчаліная гаспадарка Барысевіча дае 540-560 літраў мёду. Пасека размешчаная ў экалагічна чыстай зоне. Мёд заўжды натуральны. Пчаляр ніколі не падкармлівае пчол цукрам, трымае сваю марку. Ды і навошта цукар, калі ў лясах і лугах столькі меданосаў! У пошуках меданосаў пчолы адлятаюць ад вулляў на адлегласць да 2 км. У маі яны збіраюць нектар з жасміну, акацыі, дзьмухаўца (адуванчыка). У садах - з кветак яблынь, груш, сліў, вішань, алычы, на палях - з кветак рапсу.
У чэрвені-ліпені меданосным раем для пчол з'яўляюцца крушына, ліпа, ажыны, чорныя і чырвоныя парэчкі, чарніцы, брусніцы, суніцы.
Важным вітамінам для пчол з'яўляецца пыльца. Гэты каштоўны вітамін як для дарослых, так і для маладых пчол. Пчаляры называюць яго пчаліным хлебам, або пяргой. Пярга з'яўляецца лекавым сродкам і выкарыстоўваецца ў медыцыне. У кожную ячэйку сотаў пчолы ўтрамбоўваюць пыльцу і заліваюць сіропам нектара, каб пыльца не порцілася. Выдатнымі крыніцамі пыльцы з'яўляюцца сасна, арэшнік, дзьмухавец, дзераза.

У канцы жніўня мала цвіце раслін-меданосаў. І тут на дапамогу пчолам зацвітае сінім колерам фацэлія, якой пчаляр спецыяльна засявае ўчастак 20 сотак.
У верасні-кастрычніку цвіце апошні меданос у лесе - верас. Мёд з верасовых кветак - цёмны, густы, смачны. Але для пчолаў ён дастаецца дарагой цаной. Бо восенню павукі плятуць у лесе павуцінне. Пчолы часта трапляюць у іх пастку.
Штодзённых клопатаў патрабуе дамашняя жыўнасць у двары Барысевіча. Па надворку каля хлява скачуць трусы, цішыню маленькай вёскі ажыўляюць птушынымі гукамі куры, індыкі. Па траве пасецца белая кабыла Кузя, якой 38 гадоў. Янак купіў яе пяць гадоў назад у жыхара Сторты, нарыхтоўвае сена, даглядае. Гаспадар кажа: "Без Кузі я мог бы абысціся. Апрацоўваць зямлю наймаю мясцовага трактарыста. Але як падумаю, што маю Кузю адправяць на мясакамбінат, шкадую і не прадаю".
Яшчэ ў гаспадарцы Барысевіча ёсць кошка Каця. Яе нехта прагнаў з хаты. Яна прыйшла ў Навасяды і ела жабаў каля мачулы, дзе калісьці навасядскія паляводы мачылі снапы лёну. Янак пашкадаваў кошку і забраў да сябе. Каця палюе на мышэй, а ў халодныя дні спіць і грэецца на печцы.

Двор ахоўвае сабака Бой, якому пайшоў сёмы год. Аўчарка вельмі разумная. Каб зайсці ў хату, яна сама адчыняе і зачыняе лапай дзверы. Пад вечар Бой шукае на пашы кабылу Кузю і заганяе яе ў хлеў. Дастаткова толькі сказаць гаспадару: "Бой, дзе Кузя? Шукай Кузю!" Дамашнія пітомцы даўно сталі членамі адной сям'і, і гаспадар жыцця без іх, у ціхай, бязлюднай вёсцы, проста не ўяўляе.
Летні сезон Ян Барысевіч прысвячае не толькі працы ў агародзе, а таксама збору ягад і грыбоў у лесе. Багатыя на лясныя дары мясцовыя лясныя ўрочышчы Хвойнік, Адамовічаў лес, Уліцкі, дзе калісьці стаяла хата хутараніна.
Вось колькі цікавых заняткаў ў адзінага жыхара Навасядаў Яна Барысевіча. Многія не раз ужо пыталіся ў яго: "Ці сумна табе аднаму? Ці страшна аднаму? А можа перабраўся б бліжэй да людзей у суседнюю вёску?". А яму за працай ні сумаваць, ні думаць пра дрэннае няма калі.

А. ІГЛІЦКІ.
(Працяг будзе).
Фота аўтара і з сямейнага архіва Я. Барысевіча.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.