Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"
 


З ласки божай – Божы Дар. Падарожжа па малой Радзіме з Алегам Ігліцкім (частка 3)

О малой родине / Пятница, 16 июля 2021 18:12 / Просмотрено: 389

Сям’я Стаселовічаў
Апошняй у Божым Дары пры дарозе на Ёдзенцы стаяла хата Стаселовічаў. Пра радавод гэтай сям’і, напэўна, нічога не ўдалося б адшукаць, калі б не адбылася сустрэча з Віктарам Станіслававічам Багдзюлём з Суботнікаў, 1956 г.н. Віктар Станіслававіч закончыў Суботніцкую сярэднюю школу, служыў у радах Савецкай арміі, а потым вярнуўся ў Суботнікі. Працаваў аператарам у кацельнай, дыспетчарам саўгаса “Суботнікі”, цяпер пенсіянер.
Жонка Багдзюля Леакадзія Сцяпанаўна працавала да пенсіі эканамістам саўгаса “Суботнікі”, потым дыспетчарам.
Віктар Станіслававіч Багдзюль ведае радавод Стаселовічаў чатырох пакаленняў, захоўвае сямейныя альбомы з фатаграфіямі. Таму яго інфармацыя пра сям’ю найбольш падрабязная, цікавая, насычаная фактамі і падзеямі. Яго прадзед Генрык Матвеевіч Стаселовіч, 1883 г.н. і прабабка Палюся адны з першых заснавалі хутар у Божым Дары.

Генрык Матвеевіч быў родам з вёскі Ёдзенцы. Ён невысокага росту, рухавы, гаспадарлівы і практычны, працавіты і вельмі добры. Яго жонка Палюся таксама была родам з Ёдзенцаў і працавала настаўніцай у польскай школе ў Кудэйшах. Яна была адукаванай жанчынай, шмат чытала.

Стаселовічы мелі 10 га ворыўнай зямлі, 2 га сенажаці, 3 га саду і невялікі бярозавы лясок. Каб купіць на той час столькі зямлі, патрэбны былі грошы. Генрык браў у арэнду зямлю ў заможных ёдзенскіх і рыбакоўскіх сялян, а за гэта разлічваўся з імі жывёлай: цялём, авечкай. А сам збіраў грошы, каб купіць зямлю ў адным месцы і заснаваць хутар. І сваю мару ён ажыццявіў.

Старажылы навакольных вёсак памятаюць Генрыка Стаселовіча, які працаваў днём і ноччу, каб развіць гаспадарку свайго хутара. Спярша пабудаваў вялікі і прасторны дом на 8 пакояў у 1924 годзе. Год быў выбіты на падмуроўцы. Для гадоўлі жывёлы ўзвёў прасторныя хлявы з чэсанага каменю. На двары захоўваўся розны інвентар для апрацоўкі зямлі: плугі, бароны, ручныя малацілкі.
Студня на двары Стаселовічаў была на 26 бетонаў глыбінёй. Па канструкцыі яна была ўніверсальнай для забеспячэння вадой жывёлы. Адно вядро з вадой корбай падымалася ўверх, другое ў той час апускалася ўніз па ваду.
У садзе раслі розныя сарты яблыкаў, якія толькі можна было ўбачыць у Беларусі, а таксама грушы, слівы, вішні, агрэст.
У сям’і Стаселовічаў раслі два сыны – Віктусь і Данісь. Ажаніўшыся, сыны прывялі ў хату бацькоў нявестак, і ўсе дружна працавалі на гаспадарцы хутара.

Аб дабрыні і гуманнасці Генрыка Стаселовіча сведчыць факт, што ён хаваў у гады вайны, у пограбе пад канюшняй, сям’ю яўрэяў, рызыкуючы жыццём сваёй сям’і.
Пасля вайны ў Божы Дар прыязджаў мужчына, каб падзякаваць гаспадару хутара за выратаванае жыццё. Але Генрык Матвеевіч быў у гэты час у гасцях у сына ў Карагандзе. Госця сустракала жонка Палюся.
У канцы пасляваенных 1940-х гадоў пачалася калектывізацыя прыватнаўласніцкіх гаспадарак. Па вёсках хадзілі камісіі і перапісвалі маёмасць гаспадароў. Бедным сялянам не было чаго губляць, яны першыя падавалі заявы ў мясцовыя калгасы. Багатыя аддавалі зямлю, коней, інвентар з неахвотай.
Генрыка Стаселовіча, як “кулака”, маглі арыштаваць і засудзіць на тэрмін зняволення. Там за яго заступіліся і падпісаліся мясцовыя жыхары, што ён не быў кулаком, бо не выкарыстоўваў працу наёмных работнікаў, а працаваў сам з жонкай, сынамі і нявесткамі. Наймаў толькі пастушкоў.
Пасля наведвання камісіяй хутара, сын Віктусь вырашыў схаваць двух коней і завёў іх за 7 км ад Божага Дара ў літоўскі лес. Бацька пайшоў у лес, вярнуў коней назад і здаў у маёмасць калгаса. Віктусю за гэта не даравалі. Ён быў асуджаны судом на 10 гадоў турэмнага зняволення і адпраўлены да месца адбыцця пакарання ў г. Нарыльск.
Турэмшчыкаў вазілі далёка ад Нарыльска ў тайгу будаваць чыгуначную магістраль. Будаўнічыя работы вяліся вахтавым метадам, нягледзячы на суровы клімат Сібіры: марозныя і снежныя зімы, спёку і гнус у летнія месяцы, адсутнасць жылля. Рабочыя жылі ў шалашах, грэліся каля кастроў, начамі выстаўлялі варту з дубінамі, каб бараніцца ад нападу на лагер бурых мядзведзяў. Аховы НКУС на чыгунцы не было. Ды і куды было ўцякаць, калі з усіх бакоў чыгункі на тысячы кіламетраў цягнулася непраходная тайга.Уцекачоў чакала смерць ад голаду ў тайзе, або смерць ад нападу дзікіх звяроў.
За 10 гадоў катаржных работ выжылі самыя мужныя і фізічна вынослівыя. Жудасныя выпрабаванні перанёс, але выжыў Віктусь Стаселовіч. Ён атрымаў права вольнага пасялення ў Краснаярску або Карагандзе. Выбраў Караганду, бо горад быў геаграфічна бліжэй да Беларусі.
У Карагандзе Стаселовіч пайшоў працаваць на вугальную шахту, асвоіў прафесію машыніста вугальнага поезда. Працаваў, як і ўсюды, з энтузіязмам, быў перадавіком вытворчасці, паважаным спецыялістам у калектыве. Яго партрэт быў занесены на Дошку гонару.
Віктусь атрымаў памяшканне для жылля ў бараку. Туды пераехалі з Божага Дара на пастаяннае месца пражывання жонка Віктуся Ганна і малодшая дачка Ядзя. Ганна працавала ў шахцёрскай прачачнай, а дачка Ядзя вывучылася на бухгалтара і атрымала пасаду галоўнага бухгалтара металічнай базы рудаўпраўлення.
Старэйшая дачка Віктуся Марыя не думала пераязджаць у Караганду. Яна закончыла матэматычнае аддзяленне Вільнюскага педінстытута, выйшла замуж за суботніцкага хлопца Станіслава Багдзюля і працавала настаўнікам матэматыкі ў літоўскім пасёлку Эйшышкі.
У 1956 годзе, калі нарадзіліся дзеці – блізняты сын Віктар і дачка Ганна - сям’я пераехала жыць у Суботнікі ў хату бацькоў мужа. Марыя Віктараўна пайшла выкладаць матэматыку ў Суботніцкую школу, а яе муж Станіслаў Вайцехавіч працаваў рознарабочым у саўгасе “Суботнікі”. Праз нейкі час Багдзюлі пабудавалі свой уласны дом у Суботніках.
З роднымі ў Карагандзе Багдзюлі трымалі сувязь па паштовай перапісцы. Адтуль атрымоўвалі і радасныя, і горкія навіны. Радаваліся, калі сям’я Віктуся атрымала трохпакаёвую кватэру ў 120- кватэрным доме, а Віктусь, як патомасны садавод, пасадзіў каля дома малады сад. А яшчэ пра Віктуся даведаліся многія жыхары Караганды, калі ён прывіў галінкі яблынь на алеі непладовых дрэў у горадзе, на праспекце Нуркена Абдзірава, ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз гады галінкі яблынь зацвілі і сталі пладаносіць. Жыхары Караганды ішлі праспектам і дзівіліся, як можна было прывіць галінкі яблынь на ствалах непладовых дрэў? Практыку і вопыт садавод прывёз сюды з далёкай беларускай вёскі Божы Дар.
Адведаць сям’ю сына Віктуся ў Караганду паехаў бацька Генрык, якому на той час было каля 80 гадоў. Госцю арганізавалі экскурсію па горадзе. З дазволу адміністрацыі ён пабываў у шахце, дзе працаваў машыністам сын.
Сын прапанаваў бацьку даўжэй пабыць у гасцях. І Генрык Матвеевіч затрымаўся не на адзін год. На жаль, здароўе падвяло яго, ён нечакана захварэў і памёр. Яго пахавалі на старых гарадскіх могілках. Родныя з Суботнікаў ездзілі ў 1967 годзе ў Караганду і ўсклалі кветкі на магілу дзеда і прадзеда. Але праз нейкі час, па распараджэнні гарадской ўлады, могілкі зраўнялі з зямлёй, тэрыторыю аддалі пад новабудоўлю.
Генрык Матвеевіч, які любіў беларускую зямлю і ўсе сілы аддаваў ёй, так і не спачыў на радзіме, каля Божага Дара, а застаўся на чужбіне, дзе нават месца магілы ўжо невядомае. Яго жонка Палюся, пасля паездкі мужа ў Караганду, пераехала жыць у Суботнікі да дачкі Марыі. Пасля смерці яе пахавалі на суботніцкіх могілках.
Нешчасліва склаўся лёс у меншай дачкі Віктуся Ядзі. У Карагандзе яна выйшла замуж за літоўца Генадзя Заяўскаса. Маладая сям’я жыла з бацькамі ў трохпакаёвай кватэры. Заяўскас працаваў праходчыкам у шахце. Аднойчы адбыўся абвал вугалю, які ўпаў на працуючых шахцёраў. Цяжка параненых паднялі наверх і “хуткай дапамогай” даставілі ў бальніцу. Але выратаваць жыццё Генадзю не ўдалося.
Два сыны Ядвігі і Генадзя, якіх завуць Гена і Віця, у маладым узросце пераехалі з Караганды ў Мінск на пастаяннае месца жыхарства. Працуюць у будаўнічай фірме і, як спецыялісты, абслугоўваюць будоўлі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яны забралі маці з Караганды ў Мінск. Яна пражыла там тры гады, а калі цяжка захварэла, пераехала жыць у Суботнікі да сястры Марыі. Там і памерла ў пенсійным узросце.
Віктусь і Ганна Стаселовічы дажылі ў Карагандзе да глыбокай старасці. Там яны і пахаваныя. Сваю кватэру перад смерцю яны апісалі на сваяка.
Апошнім жыхаром хаты Стаселовічаў у Божым Дары быў сын Віктуся Генюсь Стаселовіч. Пасля заканчэння Кудэйшынскай школы, ён працаваў нарміроўшчыкам у мехмайстэрні ў саўгасе “Жамыслаўль”, млынаром у саўгасе “Суботнікі” і на ферме “Баравікі”. Яго жонка Генуэфа была родам з Ёдзенцаў. Дзяцей яны не мелі.Трымалі ў гаспадарцы карову і свіней. На хутары дзеда Генрыка пражывалі да 1985 года. У Божы Дар не праводзілі электрычнасць, не было магазіна, і таму сям’я канчаткова перасялілася ў Ёдзенцы. Маладым, у 58 – гадовым узросце, пасля перанесенага інфаркту, Генюсь памёр. Яго жонка Генуэфа цяпер знаходзіцца ў сацыяльным прыюце.

А. ІГЛІЦКІ.
Фота Стаселовічаў з сямейнага альбома Віктара Багдзюля.
(Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.