Чытайце частку 1, частку 2, частку 3, частку 4.
Ціткоў Іван Міхайлавіч нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Рагаліна Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

З 06.1943 года па 10.1943 года Іван Ціткоў – падрыўнік асобна дзеючага атрада №42 “Трынаццаць” Магілёўскай вобласці (пасведчанне №419217). На базе гэтага атрада ў лістападзе 1941 года, у вёсцы Фаміно, быў створаны партызанскі полк “Трынаццаць”, які актыўна дзейнічаў у Магілёўскай вобласці. Камандаваў палком Сяргей Грышын, камісарам быў Мікалай Вельмісаў. У полк уваходзілі 5 батальёнаў. Яны складаліся з патрыётаў-беларусаў і ўцёкшых з лагераў ваеннапалонных. На 1 кастрычніка 1943 года полк налічваў 2.4 тысячы партызан. Сярод их быў і Іван Ціткоў.
13 лістапада 1943 года Іван Ціткоў быў прызваны на фронт Прапойскім ваенкаматам Магілёўскай вобласці. Месцам яго службы і баявога шляху стаў 407-мы стралковы полк, 108-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту.
На інтэрнэт-сайце “Память народа” ёсць цытата з баявой характарыстыкі Івана Міхайлавіча Ціткова. У ёй коратка паведамляецца, што 27.06.1944 года ў раёне вёскі Думэкаўшчына Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, у баі па знішчэнні групіроўкі немцаў, тав. Ціткоў праявіў мужнасць і гераізм, наступаў у першым ланцугу і сваім прыкладам захапляў байцоў ісці наперад. Сам асабіста знішчыў 7 нямецкіх салдатаў. За гэты смелы ўчынак чырвонаармеец Ціткоў быў узнагароджаны медалём “За отвагу”.
Яшчэ баявы шлях франтавіка І.М.Ціткова адзначаны медалямі “За освобождение Варшавы”, “За Победу над Германией”.
Сям’я Цітковых пераехала ў Морына ў 1967 годзе. Іван Міхайлавіч працаваў старшым майстрам цагельнага завода па 1970 год уключна. Яго жонка Альфрэда Станіславаўна, 1932 г.н., працавала абпальшчыцай цэглы на заводзе.
У 1971 годзе Ціткоў паехаў працаваць майстрам цагельнага завода ў Ліду, а сям’я засталася ў Морыне. Праз нейкі час ён вярнуўся ў Морына і працаваў рабочым завода, а з 1976 года – вартаўніком. Іван Міхайлавіч доўгі час узначальваў ветэранскую арганізацыю Морынскага сельсавета.
Дачка Цітковых Валянціна, 1954 г.н., закончыла Магілёўскі педінстытут і 42 гады адпрацавала настаўнікам матэматыкі ў сярэдняй школе Кажан-Гарадка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Пражывае там у аграгарадку Гарадокскі.
Дачка Цітковых Людміла, 1955 г.н., пражывае ў г. Слоніме, працавала да пенсіі дыспетчарам Слонімскай ЖКГ.
Сын Цітковых Уладзімір, 1961 г.н., закончыў Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча, па прафесіі – ваенны журналіст. Працаваў рэдактарам газеты “Во славу Родины” Прыволжскай ваеннай акругі. На пенсію выйшаў у званні падпалкоўніка. Доўгі перыяд супрацоўнічаў з іўеўскай раённай газетай “Путь Ильича” як пазаштатны аўтар. Пражывае ў г. Самара Расійскай Федэрацыі.
Сын Уладзіміра Ціткова Юрый, як і бацька, выбраў прафесію ваеннага. У званні падпалкоўніка служыць і пражывае у Санкт-Пецярбургу. За добрасумленную службу ўзнагароджаны медалём Жукава.
Сям’я Гаўрыіла і Марыі Ліхарадаў з вёскі Морына была мнагадзетнай і беднай, бо мела толькі адзін гектар ворыўнай зямлі. Пяцёра іх сыноў – Іван, Аляксандр, Міхаіл, Пётр і Сяргей – засталіся жыць і працаваць у Морыне, стварылі сем’і, пабудавалі хаты.
Малодшыя сыны Міхаіл і Сяргей пабудаваліся на беразе Нёмана, побач з цагельным заводам, і пайшлі працаваць на самую цяжкую, з шкоднымі ўмовамі працу: выгрузку абпаленай цэглы з печы. На загрузцы цэглы ў печ працавала ў брыгадзе жонка Міхаіла Алена.
Сын Гаўрыіла і Марыі Пётр, 1931 г.н., ажаніўся з дзяўчынай з Вялікіх Сонтакаў Янінай, 1936 г.н., жылі ў бацькавай хаце. Пайшоў працаваць у морынскі калгас, які тады называўся “Нёман”, і быў адным з першых яго шафёраў. Перавозіў грузы на бартавой машыне ГАЗ-51.

У 1962 годзе сям’я Пятра з трыма дзецьмі паехала ў пошуках лепшага жыцця ў Марозаўскі раён Растоўскай вобласці. Пётр працаваў у калгасе шафёрам. Але настальгія па малой радзіме не давала спакою, і сям’я Ліхарадаў вярнулася ў Морына. У 1976 годзе Пётр Гаўрылавіч зноў пайшоў працаваць у калгас на малакавоз.
Сын Пятра і Яніны Валодзя працаваў у калгасе “Прынёманскі” слесарам. А потым закончыў курсы ў Лідскай аўташколе і працаваў у калгасе шафёрам на бартавой машыне УАЗ. Перавозіў рабочых, дастаўляў механізатарам абеды ў поле.
Сын Ліхарадаў Пётр доўгі час працаваў у мясцовым калгасе зваршчыкам у мехмайстэрні. Дачка Ліхарадаў Ніна пражывае ў Калінінградзе. А дачка Ірына – у Лідзе, працуе бухгалтарам у Лідскім лясгасе.
Жонка Пятра Гаўрылавіча Яніна Уладзіміраўна пражывае з сынам Валодзем у Морыне. У маладосці яна славілася ў раёне як майстрыха па ткацтву і вязанню. Яе работы неаднаразова выстаўляліся на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці.
Сын Гаўрыіла і Марыі Міхаіл, 1927 г.н., пасля таго, як родны брат Іван пайшоў працаваць нарыхтоўшчыкам Іўеўскага кансервавага завода, стаў загадчыкам магазіна морынскага цагельнага завода, а з 1960 года – выгрузчыкам цэглы з печы. Яго жонка Алена працавала загрузчыцай цэглы ў печ на абпальванне.
Старэйшыя сыны Ліхарадаў Іван і Аляксандр у ліпені 1944 года былі прызваныя на фронт. Яны дастойна прайшлі гарніла Другой сусветнай вайны і вярнуліся дамоў з Перамогай. Аб іх франтавым шляху пойдзе далей апавяданне.
Ліхарад Іван Гаўрылавіч нарадзіўся ў вёсцы Морына ў 1919 годзе. Вайну сустрэў пад Смаленскам у час ваенна-палявых збораў.

На фронт быў адпраўлены 24.06.1941 года з горада Астагоржэск Варонежскай вобласці. У баявых дзеяннях супраць намецка-фашысцкіх захопнікаў пачаў удзельнічаць у складзе 479-га стралковага палка. У жніўні, у час баёў, трапіў у палон. Адразу немцы адвезлі ўсіх палонных у Оршу, а затым у Германію, у горад Дортмунд. Там Іван Ліхарад працаваў тры гады на шахце №2. Быў вызвалены з палону саюзнікамі антыгітлераўскай кааліцыі і далучыўся да Чырвонай арміі. У 1985 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
У пасляваенны час Іван Гаўрылавіч Ліхарад 9 гадоў працаваў прадаўцом магазіна цагельнага завода ў Морыне. А затым перайшоў на працу на Іўеўскі кансервавы завод. На беразе Нёмана ў Морыне быў пабудаваны прыёмна-нарыхтоўчы пункт ягад і грыбоў ад насельніцтва, а Ліхарад шмат гадоў працаваў у ім нарыхтоўшчыкам.
Іван Гаўрылавіч быў выдатным сталяром, майстраваў на заказ драўляныя рыбацкія лодкі. Яго ведалі як апантанага садоўніка, паляўнічага, рыбака.
Жонка Ліхарада Ніна Канстанцінаўна працавала даяркай на ферме “Морына” калгаса “Прынёманскі”.
Старэйшая дачка Ліхарадаў Валянціна пражывае ў г. Рэутаў Маскоўскай вобласці. Сярэдняя дачка Зінаіда пражывала ў Іўі. Меншая Галіна пражывае ў г. Гродна.
Ліхарад Аляксандр Гаўрылавіч нарадзіўся ў вёсцы Морына ў 1920 годзе. 27 ліпеня 1944 года быў прызваны Іўеўскім ваенкаматам і адпраўлены са зборнага пункта г. Ліда ў Горкаўскую вобласць на ваенную падрыхтоўку. Праз два месяцы навучання Аляксандра залічылі наводчыкам 479-га стралковага палка 51-й цяжкай мінамётнай брыгады 10-га корпуса прарыву 1-га Украінскага фронта. Яго аднапалчанамі былі морынцы Міхаіл Юр’евіч Мелех, Канстанцін Мікалаевіч Гудзень.
25 кастрычніка брыгада адправілася на фронт у раёне Сандаміра, а 12 лістапада ўступіла ў бой з нямецкімі войскамі. Дзякуючы мужнасці байцоў і магутным ударам артылерыі вораг адступіў. 25 студзеня 1945 года быў вызвалены горад Дамброўск і Дамброўскі раён.
Пасля фарсіравання ракі Одэр корпус прарыву вызваліў горад Оппельн у Германіі. Далей было фарсіраванне ракі Нэйсе, якое адкрыла шлях на Берлін. 22 красавіка 1945 года мінамётная брыгада займала пазіцыі ў 7 км ад Берліна і гатавалася да штурму. 2 мая 1945 года байцы брыгады ўвайшлі ў Берлін і працягвалі баі за авалодванне горада.
7 мая савецкія байцы занялі горад Брэслау. А следам за Брэслау авалодалі Дрэздэнам. Затым быў паход па вызваленні Чэхаславакіі і яе сталіцы Прагі. 8 мая 1945 года нямецкае камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі Германіі.
Пасля заканчэння вайны 51-я мінамётная брыгада стаяла ў Чэхаславакіі, недалёка ад Прагі. У верасні 1945 года Аляксандр Ліхарад з аднапалчанамі быў дэмабілізаваны дамоў. За вызваленчы паход у Еўропу ён быў узнагароджаны медалямі “За взятие Берлина”, “За освобождение Праги”, “За Победу над Германией”.
Вярнуўшыся з фронту, Аляксандр Ліхарад пайшоў працаваць на морынскі цагельны завод. Доўгі час быў абпальшчыкам цэглы ў печы. За шматгадовую працу ўзнагароджаны медалём “За доблестный труд”.
У 1954 годзе Аляксандр ажаніўся з морынскай дзяўчынай Соф’яй Ігліцкай. У сям’і нарадзіліся пяць дзяўчынак. Яны былі непаўнагадовыя, калі маці памерла. На долю Аляксандра выпалі новыя жыццёвыя выпрабаванні.
У час бяды адклікнулася родная сястра памерлай Соні Яўгенія, якая прыйшла і дапамагала Аляксандру гадаваць дзяцей. Усе пяць дачок Аляксандра Ліхарада выраслі, атрымалі прафесіі, стварылі сем’і. Старэйшая Зінаіда пражывае ў Бярозаўцы. Марыя – у Сумах на Украіне, Таццяна ў Мінску, Вера і Алена – у Лідзе. Марыя і Таццяна атрымалі вышэйшую адукацыю, хоць ім было цяжка, не было дапамогі ад родных. Дзеці Аляксандра Ліхарада самі пераадольвалі цяжкасці і дабіваліся сваёй мэты ў жыцці.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег ІглІцкІ.






