
Ярмош Арсеній Дзмітрыевіч нарадзіўся 14 студзеня 1915 года ў в. Морына. Працаваў на ўласнай гаспадарцы. 24.07.1944 года быў мабілізаваны Іўеўскім ваенкаматам у Чырвоную армію. Перад адпраўкай на фронт прайшоў трохмесячныя навучальныя зборы ў горадзе Золін Іванаўскай вобласці РСФСР. Паскорана набыў ваенную спецыяльнасць сувязіста, авалодаў навыкамі стральбы са зброі.
10 кастрычніка 1944 года прыняў воінскую прысягу і быў накіраваны ў 5-ю батарэю 2-га дывізіёна 49-й мінамётнай брыгады 1-га Украінскага фронта. Брыгадай камандаваў падпалкоўнік Іван Бабоўскі. Ярмош вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў украінскія гарады Жытомір, Роўна, Вінніцу, Камянец-Падольск, Ковель, Цярнопаль, Чарнаўцы, Станіслаў, Драгобыч, Львоў, Кіеў.
З жорсткімі баямі брыгада прайшла паўднёвую Польшчу, фарсіравала рэкі Сан і Віслу, вызваляла другую польскую сталіцу – горад Кракаў і важнейшы прамысловы раён – Верхнюю Сілезію. Аб адным з баёў пад Варшавай ветэран вайны А.Д. Ярмош расказваў так: “Нашай артылерыі прыйшлося цяжка. Трэба было абысці ворага і ўдарыць з тылу. Шлях перагароджвала забалочаная мясцовасць з лясным масівам. У ход пайшлі сякеры і пілы.
Мы ўручную валілі дрэвы і рабілі насцілы з бярвенняў і галля, каб працягнуць артылерыю. Супраць нас быў кінуты вялікі дэсант. Пад абстрэламі фашысцкіх аўтаматчыкаў, па балотнай багне, нашым байцам давялося працягваць цяжкія 165-міліметровыя мінамёты і адначасова весці бесперапынны абстрэл, наносячы ворагу вялікія страты.
Дарагім коштам давалася нам перамога над акупантамі. На маіх вачах быў забіты аўтаматнай чаргой морынец Уладзімір Сцяпанавіч Грыбоўскі. Не вярнуліся з гэтага бою яшчэ некалькі савецкіх воінаў. Там і засталіся ляжаць яны ў нямецкай зямлі”.
У выніку шырокамаштабнага наступлення байцы 1-га Украінскага фронта прарвалі моцныя абаронныя ўмацаванні на рацэ Одэр, перакінулі пантонныя масты і пайшлі наперад. Прарыў варожых пазіцый на рацэ Нэйсе адкрыў прамы шлях на Берлін.
На інтэрнэт-сайце “Память народа” размешчана баявая характарыстыка чырвонаармейца А.Д. Ярмаша. У дакуменце адзначаецца:
“Пры прарыве абароны немцаў на рацэ Нэйсе 16.04.1945 года тав. Ярмош, нягледзячы на моцны артылерыйскі агонь праціўніка, асабіста злучыў 15 разрываў пашкоджанай лініі сувязі. У баі на агнявых пазіцыях дывізіёна 22.04.1945 года, пры ліквідацыі групіроўкі немцаў у раёне вёскі Кауша, тав. Ярмош знішчыў сваім аўтаматам 4 немцаў”. На сайце размешчаныя ўзнагародныя лісты байца, якія пацвярджаюць яго ўзнагароджанне медалём “За отвагу” 12.05.1945 г.
Гераічнай была бітва 49-й мінамётнай брыгады за нямецкі горад Дрэздэн. Тут нямецкая армія займала абарону ў жалезабетонных сховішчах, якія гатавалі больш года. Чырвоная армія, падцягнуўшы свае асноўныя сілы, гатавала сакрушальны ўдар. І хутка гэты ўдар быў нанесены.
Некалькі дзён цягнуўся бой. Жалезабетонныя канструкцыі не вытрымалі пад ударам 165-міліметровых мінамётаў і баявых машын рэактыўнай артылерыі “Кацюша”. Ды і нашы байцы праявілі пад Дрэздэнам выключную мужнасць і адвагу. Камандаванне назвала ў знак заслуг 49-ю цяжкую мінамётную брыгаду дрэздэнскай брыгадай.
– Рашаючым быў рывок на Берлін, – пакінуў свае ўспаміны ў летапісе “Морына – сяло над Нёманам” удзельнік Берлінскай аперацыі Арсеній Ярмош. – Наш 10-ты ўдарны артылерыйскі корпус ніколі не стаяў на месцы. Мы ішлі толькі наперад – на Берлін! Мы верылі ў нашу правую справу, верылі ў Перамогу. На працягу трох дзён мы вялі баі ў Берліне. Змаганне ішло за кожную вуліцу, кожны дом. Пасля капітуляцыі Берліна вораг губляў свае сілы. Ён без вялікага супраціўлення здаваў горад за горадам.
Далей быў вызваленчы паход у Чэхаславакію. Чырвоная Армія гатавала гераічны штурм вызвалення сталіцы Прага. У Празе і яе прыгарадах нямецкая армія загадзя зрабіла ўмацаванні. Даведаўшыся пра ўмацаванні ворага, камандаванне арміі зрабіла ўсё, каб зламаць яго задумкі.
На галовы фашыстаў пасыпаўся смертаносны груз з мінамётаў, пушак, авіяцыі. Пасля цэлага дня артпадрыхтоўкі немцы не вытрымалі націску. Як старшы тэлефаніст Арсеній Ярмош забяспечваў бесперабойную работу сувязі 5-й батарэі. Пасля гераічнага штурму Прага была вызвалена. Мірнае насельніцтва сталіцы Чэхіі з радасцю, слязамі на вачах і кветкамі сустракала савецкіх вызваліцеляў.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Арсеній Дзмітрыевіч Ярмош быў узнагароджаны баявымі медалямі “За отвагу”, “За освобождение Праги”, “За Победу над Германией”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985 г.).
– Свае баявыя ўзнагароды я атрымаў пасля вайны, у 1946 годзе, – успамінаў ветэран. – Нават не чакаў, што будзе ў мяне такі шчаслівы дзень. У той дзень было ў нас вяселле з жонкай Ганнай Ігнацьеўнай. І вось, нечакана прыехалі работнікі з Іўеўскага ваенкамата і за святочным сталом уручылі мне баявыя ўзнагароды.
Пасля вайны Арсеній Дзмітрыевіч Ярмош адразу працаваў паляводам у мясцовым калгасе. Затым перайшоў на цагельны завод загрузчыкам сухой цэглы ў печ для абпальвання. У 1976 годзе выйшаў на пенсію, але яшчэ 15 гадоў працягваў працаваць на прадпрыемстве. Узнагароджаны медалём “За доблестный труд”.
Яго жонка Ганна Ігнацьеўна хадзіла на мясцовы цагельны завод на казлоўку цэглы-сырца і іншыя сезонныя работы.
У сям’і Ярмош выраслі трое дзяцей – тры дачкі. Старэйшая Тамара працавала прадзільшчыцай на Гродзенскім прадзільна-нітачным камбінаце. Сярэдняя Валянціна – прадаўцом у г. Масква. Меншая Галіна – рабочай на шклозаводзе “Нёман” у горадзе Бярозаўка.
Закрэўскі Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Такарышкі на Іўеўшчыне. У маладым узросце прыехаў працаваць на палявых работах у морынскі маёнтак яго ўладальнікаў Брахоцкіх. Тут сустрэў маладую дзяўчыну Браніславу Мацкевіч, 1918 г.н., якая працавала ў маёнткавай гаспадарцы на агародзе і іншых палявых і сезонных работах. Маладыя ўзялі шлюб 29 студзеня 1939 года і павянчаліся ў касцёле ў вёсцы Кір’янаўцы.

24.07.1944 года Уладзімір Закрэўскі быў мабілізаваны Іўеўскім ваенкаматам у Чырвоную армію. Прайшоў трохмесячныя навучальныя зборы ў г. Золін Іванаўскай вобласці РСФСР. Набыў ваенную спецыяльнасць мінамётчыка цяжкага 165-міліметровага мінамёта і быў адпраўлены на фронт 10 кастрычніка 1944 года.
Уладзімір Закрэўскі ваяваў з гітлераўскімі захопнікамі мінамётчыкам 5-й батарэі 2-га дывізіёна 49-й мінамётнай брыгады 1-га Украінскага фронта. Яму было прысвоена званне «малодшы сяржант». Побач з Закрэўскім ваявалі ў адной брыгадзе морынцы Арсеній Ярмош, Уладзімір Ігліцкі, Пётр Гудзень, Серафім Паеўя, Уладзімір Грыбоўскі. Разам яны прайшлі цяжкі і гераічны шлях краінамі Еўропы па вызваленні іх ад гітлераўскага ярма. Вызвалялі Украіну, Польшчу, Германію, Чэхаславакію. Бачылі на свае вочы, як разбуралася пад ударамі Чырвонай арміі раней магутная Германская імперыя, і самі яе разбуралі.
Радавыя чырвонаармейцы з Морына бралі Берлін, цудам выжылі ў тым вогненным пекле і вярнуліся з берагоў Одэра і Нэйсе на свае прынёманскія берагі. Не вярнуўся толькі з поля бою мінамётчык Уладзімір Грыбоўскі. Ён загінуў 04.03.1945 года, у Германіі, у правінцыі Верхняя Сілезія, пахаваны каля вёскі Хеннесдорф. Яго жонка, удава Яўгенія Міхайлаўна Грыбоўская, пасля вайны працавала на цагельным заводзе. У складзе брыгады загружала сухую цэглу ў печ для абпальвання. Пражывала ў пакоі інтэрната завода.
Не шкадаваў свайго жыцця дзеля Перамогі і малодшы сяржант мінамётчык Уладзімір Закрэўскі. На інтэрнэт-сайце “Подвиг народа” ёсць некалькі радкоў з яго баявой характарыстыкі:
“У час прарыву абароны праціўніка ў раёне горада Шыдлув, тав. Закрэўскі, нягледзячы на абстрэл праціўнікам мінамётным агнём, працягваў весці бой з мінамёта”.
28.01.1945 года малодшы сяржант Закрэўскі быў узнагароджаны медалём “За отвагу”.
Вярнуўшыся з фронту, Уладзімір Іванавіч Закрэўскі працаваў лесніком Іўеўскага лясніцтва. Сям’я пражывала да 1954 года на хутары Дубраўка ў лесе. Пасля таго, як Закрэўскі пабудаваў хату ў вёсцы Морына каля цагельнага завода, сюды прыехала жыць сям’я. Уладзімір Іванавіч пайшоў працаваць загрузчыкам сухой цэглы ў печ для абпальвання і прысвяціў гэтай нялёгкай працы гады працоўнага стажу да пенсіі. Яго жонка Браніслава Францаўна таксама працавала на заводзе абпальшчыцай цэглы ў печы, а ў вольны час працавала на казлоўцы цэглы.
Дзеці Закрэўскіх набылі прафесіі і працавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі. Дачка Данута, 1941 г.н., закончыла Морынскую сярэднюю школу з сярэбраным медалём. У 1963 годзе закончыла Петразаводскае медыцынскае вучылішча і атрымала дыплом зубнога доктара. 5 гадоў працавала ў Карэліі. Затым вярнулася ў Беларусь і 10 гадоў працавала стаматолагам ва ўчастковай бальніцы пасёлка Першамайскі Лідскага раёна. Затым пераехала ў Ліду і працавала па спецыяльнасці ў Лідскай стаматалагічнай паліклініцы. Цяпер пражывае ў Лідзе, на пенсіі.
Дачка Закрэўскіх Яніна, 1944 г.н., пражывала ў Гродна і працавала рабочай на заводзе. Сын Закрэўскіх Франак, 1947 г.н., пражываў у вёсцы Морына і працаваў санітарам ветэрынарнай службы калгаса “Прынёманскі”. Дачка Закрэўскіх Тарэса, 1949 г.н., пражывае ў г. Балашыха Маскоўскай вобласці. Да выхаду на пенсію працавала на прадзільна-нітачным камбінаце.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег ІглІцкІ.






