Экономика

Адкуль з’явіўся крыж у полі па дарозе з Суботнікаў у Геранёны?

Выраз «Viva brevis,  patria eterna» пераводзіцца з латыні як “Жыццё – кароткае, радзіма – вечная”.

Вывучаць гісторыю сваёй Радзімы трэба ўсім: навукоўцам і студэнтам, вучням школ і ліцэяў. І адкрываць новыя старонкі былога. А пачынаць трэба з невялікага падарожжа па “Залатому кальцу” Іўеўшчыны: Іўе – Лаздуны-Трабы – Жамыслаўль – Суботнікі-Геранёны – Ліпнішкі – Іўе.

Калі экскурсанты праязджаюць па дарозе Суботнікі-Геранёны, то заўсёды задаюць пытанне: “З якой нагоды ў чыстым полі пастаўлены такі прыгожы крыж?”.

Каб падрабязна расказаць аб гэтым крыжы, мне прыйшлося прачытаць некалькі кніг, выданых у Польшчы. Пераклад зрабіў жыхар г. Іўе Іван Адольфавіч Пракопчык.

Ежы Охманьскі з універсітэта імя Адама Міцкевіча (г. Познань. Польшча) даследваў “Біскупства Віленскае ў сярэднявеччы”. Ён піша, што з 1387 года пачалася хрыстыянізацыя Літвы (ВКЛ), апошняй язычніцкай краіны ў Еўропе. За гады 1987-1430 у Віленскай дыяцэзіі было пабудавана 27 касцёлаў, у тым ліку ў Геранёнах Мураваных. У 1458 годзе быў узведзены парафіяльны касцёл імя Святога Яна Хрысціцеля, які знаходзіўся ў паўночна-заходняй частцы мясцовасці, каля 1 км ад фальварку Геранёны.

Катажына Календа-Карчакова піша: “Былы філіяльны мураваны касцёл парафіі Геранёнскай быў пабудаваны Марцінам Гаштольдам». Тут знаходзіліся тры алтары, драўляная званіца.  Падарваны ў 1795 г. 

Апошні ўспамін аб касцёле адносіцца да 1849 г., калі яшчэ існавалі руіны сцен.

У 1930-х гадах мясцовы памешчык Шымон Майштовіч заказаў у Вільні памятны крыж і паставіў на месцы былога касцёла. 

Крыж чытырохканцовы, тут мы бачылі завіткі з выявамі кветак. З цэнтра крыжа выходзяць тонкія пруткі, утвараючы своеасаблівыя прамяні. На фоне неба такая кампазіцыя выглядае вельмі маляўніча.

Недалёка ад касцёла жыў пробашч парафіі. На тым месцы стаіць хата Мар’яна Кульніса. Прайшлі стагоддзі, а людзі памятаюць, дзе стаяла плябанія, і гаспадара гэтай хаты называюць “Мар’ян праборскі”.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алена Смалянічэнка.