Экономика

Адчуць мясцовы каларыт ва ўсёй красе. У Бакштах прайшоў фестываль вясковай культуры

У пачатку жніўня, калі лета пераходзіць у свой самы шчодры і прыгожы месяц і  наваколле напаўняецца непаўторным водарам белага наліву, у в. Бакшты ладзіцца фестываль вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт”. Фестываль склікае знаўцаў і аматараў вясковай культуры на сустрэчу з песнямі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці.

“Я шмат дзе была, але лепш нідзе няма, чым у роднай вёсцы. Вёсачка наша Бакшты хоць і невялічкая, затое багатая і працавітая, вядомая на ўсю ваколіцу”, – гаворыць вядучая свята. Гэтыя словы, насамрэч, валодаюць вялікай і магутнай сілай, бо нішто не можа быць даражэй у чалавека за яго малую радзіму, за вузенькую сцежку праз жыта, за цудадзейны свет у акне бацькоўскай хаты.

Сёння ў наш такі хуткі і мітуслівы час патрэбна на хвіліну спыніцца, каб адчуць дыханне вёскі, напоўненае незвычайнай цеплынёй і шчырасцю, каб сэрца палашчыць   мілагучным рыпаннем веснічак, каб душу напоўніць вялікай духоўнай сілай. І ўсё гэта магчыма было ўвасобіць, трапіўшы на свята ў Бакшты.Тут і квасам сапраўдным, хатнім, па-старажытнаму рэцэпту прыгатаваным пачастуюць і танчыць па-даўнейшаму навучаць. 

Між іншым, на фестывалі вясковай культуры ўжо стала традыцыяй праводзіць конкурсную праграму пад назвай “Танцуем па-даўнейшаму”. Рыхтуюцца да яе і дарослыя, і дзеці. Старанна вывучаюць колішнія танцы – падыспань, нарэчаньку,  польку, вальс,  кракавяк . А затым дэманструюць гледачам і журы. Сёлета ад традыцыі адступаць не сталі. Больш таго, кожнага, хто жадаў, з вялікім задавальненнем навучалі танцам нашых продкаў.

Чым яшчэ знакаміты фестываль вясковай культуры ў Бакштах? Дык тым, што тут задаволяць густ нават самага вытанчанага гурмана, варта яму трапіць на  выставу-дэгустацыю страў з таркаванай бульбы “Што ні страва –дзіўны смак”. Не магчыма абысці міма выставы прадметаў народнага побыту “Нам засталася спадчына” і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З крыніц прыгажосці”. А мілагучныя песні ў выкананні калектываў аматарскай творчасці Іўеўскага раёна  не аднойчы прымушалі сэрца то весяліцца, то сумаваць ад добрых шчырых і душэўных песень.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Ірына Бутурля.

Станіслаў Зянкевіч (фота).