0
АРТ. Литература/кино/театр/музыка/живопись

Запрашаюць дамы… Апавяданне Антона Піліпчыка

Пятро з дзвярэй заўважыў Зою. Яна пра нешта, відаць, вельмі смешнае, гэтак ўжо адмыслова мянташыла языком русявай дзяўчыне, што ў той ледзь ці не да вушэй раз’язджаўся рот, агаляючы белыя, бы першы снег, зубы. «Трэба ж! — усміхнуўся. — Усё роўна як дамаўляліся сустрэцца на дыскатэцы. Падысці і запрасіць Зою на вальс? Гучыць сентыментальны…

Музыка раптам як абарвалася. З узмацняльнікаў гуку па зале прахрыпела-пратрашчала:

— Хвілін пяць адпачнём!.. Потым — дамы запрашаюць кавалераў…

У прыгожа прыбраным памяшканні аддавала пахамі тытуню, алкаголю, дзявочай пекнаты і парфумы. Пятро падаўся на свежае паветра. Ад стоўпатварэння ля ўвахода прыняўся далей. У думках вярнуўся да Зоі. «А маглі мы і не знацца, каб дырэктар школы не даручыў мяне «закінуць» у сельвыканкам дзелавую паперку. Зоя таксама ішла туды. Павітаўшыся, без аніякай дыпламатыі сказала, што знае, хто я, а пра сябе адмалідавала: «Працую галоўным эканамістам у сельгаскааператыве». Аб тым-сім — хто адкуль родам, хто бацькі, дзе хто бываў, якое хобі і іншае — пабалталі, прагуляўшыся вечарам па мясцовых славутасцях. На развітанне ліхаманкава пацалавала ў шчаку і толькі бачыў яе».

З клуба па ваколіцы ўжо няслося: «Выбери меня, выбери меня, птица счастья завтрашнего дня!». Падхопліваемыя магутным разнагалоссем мелодыя, здавалася, зрушыць дах з несамавітага будынка…

…На плячо Пятра ззаду мякка лягла рука.

— Пётр Паўлавіч, а вы прыйшлі вартаваць установу культуры ці…? — зацвіла перад ім усмешкай Зоя. — Запрашаю ў круг!

— Ух!.. — уздрыгнуўся ад нечаканасці Пятро. — Я толькі што… Ну, адтуль…

— Я не бачыла…

— Ты вельмі эмацыянальна размаўляла…

— А, гэта — Вераніка. Разам працуем… Ітак, ідзём?

Зою прама з увахода як віхор падхапіў. Пятро абвёў вачыма танцораў. «Тут, пэўна ж, ёсць і нашы старшакласнікі. Калі і я дазволю сабе пакрыўляцца, то потым будзе…Ой!..» А ў зале запальна гоцалі ўсе. Адна Вераніка, звярнуў увагу Пятро, не шуструецца. «Баіцца, мабыць, за прычоску з прычолкам, — усміхнуўся. — А да яе, між іншым, такая стасуе…»

Зірнула на калегу і Зоя, падміргнула.

«Выбери меня, выбери меня…», здавалася, ніколі не скончыцца…

Зоя раптам схапіла Пятра за руку і пацягнула да… Веранікі.

— Патанцуйце, я зараз… — сказала і падалася да выхаду, дзе, як паспеў разгледзець Пятро, яе чакаў, абазначыўшы сябе ўзнятай высока рукою, ні то яшчэ зусім юнак, ні то ўжо і сярэдніх гадоў мужчына — чалавек быў з лёгкай няголенасцю твару, з мілым круглым жывоцікам.

«Бадзяга нейкі», — прыкінуў Пятро.

Зою «бадзяга» злёту згроб у ахапак і стаў ёй пра нешта бубнець на вуха, абое пасля імгненна растварыліся ў сутунеючай у праёме расчыненых насцеж дзвярэй вуліцы.

Вераніка танцавала гожа, у такт музыкі. Пластыка рухаў ейнага цела Пятра заварожвала. Ён стараўся патрапляць.

Музыка нарэшце сціхла. Пятро правёў дзяўчыну да аблюбаванага ёю месца, досыць арыгі- нальна падзякаваў — прыклаў правую руку да грудзей, хітнуў галавою, адвёўшы на насок крыху назад правую нагу.

— Ну, а я… Я… Натанцаваўся, хіба. Адчальваю… Дамоў… — зляцела з ягоных вуснаў.

— А, і я таксама… — прамовіла са спачуваннем у голасе і Вераніка. І прапанавала рашуча: — А, дазвольце, я вас правяду… Мы па адной вуліцы, дарэчы, пражываем.

— Ну?!.. — і разгубіўся, і здзівіўся Пятро пачутаму ад Веранікі, адказаў жартам: — Я прыйшоў да высновы, што па нашым часе лепш будзе танцаваць… дыстанцыйна.

— Бадай, так, — з мяккай усмешкай, якой толькі яна можа быць такою, падтрымала Вераніка і дадала: — Мне грэшным чынам падалося: а на гэтыя танцы папрыходзілі ў асноўным… краманьёнцы і неандэртальцы, дваццаць першага стагоддзя толькі… Па экіпіроўцы сваёй…

— А праўда… — разрагатаўся Пятро.

Апынуўшыся на дварэ, Пятро найперш пашворыў туды-сюды вачыма. Вераніка здагадалася: «Спадзяецца ўбачыць Зою. Лаві, інтэлігенцік, вецер у полі! — усміхнулася. — Тая зараз недзе ад шчасця на сёмым небе лунае — «прапажа» знайшлася ж!».

Воблік Зоі сапраўды не выходзіў з галавы Пятра. «Кім жа ён, бадзяга, прыходз

іцца ёй, калі так стрымгалоў кінулася?.. Сваяк, каханак?», — нецярпелася дазнацца.

— А… Зоя сказала, што вы разам працуеце… — вырвалася з Пятра да праважатай.

Утаропіўшыся вачамі ў твар Пятра Вераніка адказала:

— Яна — мой начальнік, а я — проста эканаміст…

— Думаю, і вучыліся вы разам?

— Зоя тры гады, як скончыла эканамічны… А я — на апошнім курсе, завочна вучуся… Дарэчы, Пётр Паўлавіч, я ўжо ля свайго дома… — Вераніка паказала рукой на цагляны домік, — Вакно вунь свеціцца, матуля чакае… Ну, усяго вам добрага! Моцнага, салодкага сну!..

— Дабранач, Вераніка! Дзякуй за кампанію, прыемна было з вамі танцаваць…

— А!.. — спахапілася Вераніка, — Пётр Паўлавіч! У мяне да вас невялічкая справа…

— Калі ласка! Я ўвесь увага…

— На тыдні мне адсылаць курсавую. Усе заданні я выканала, думаю, правільна, але…

— Зразумеў, праверыць, значыцца, трэба. Аднак… Магчымасць пабыць «свежым вокам» паявіцца ў мяне толькі аж паслязаўтра. З дзевяці да адзінаццаці. І буду я ў школе.

— Якраз добра. Ідучы на работу і забягу… Не супраць?..

— Канешне, не. І пастараюся сустрэць… Ну, да пабачэння?

Вераніка з мілай і ласкавай усмешкай працягнула Пятру на развітанне руку. Ён адказаў моцным сяброўскім поціскам.

«А пра «бадзягу», увёўшага з дыскатэкі Зою, на што я правакаваў, Вераніка сціпла прамаўчала, — пашкадаваў Пятро, бяручы накірунак да настаўніцкага інтэрната, дзе яму дастаўся ўтульны, з відам на маляўнічае ўлонне, пакойчык. — Магчыма, яна нічога і не ведае… Зоя… Круць-верць нейкая… А вось Вераніка!.. Нават у нешматлікіх словах, што сыпала мне на хаду, адчулася стрыманая, шчырая. Голас — цёплы, мяккі, ласкавы. Не тое што ў ейнай каляжанкі — уладны, траскучы, як у сарокі-балаболкі… Ладна, дажыць бы да аўторка, мужна перабыўшы, канешне, цяжкі панядзелак. Гэта ж аж цэлых шэсць урокаў правесці!.. Яшчэ, каб хоць рабяты цвёрда засвойвалі тэмы. А то паўтыкаюць насы ў смартфоны і ты ім хоць што жочаш… Як, дарэчы, і на танцах-шманцах… На каго ні зірнеш — у телеграмканале прападае. Адна Вераніка ды я, хіба, танчылі без тэлефона ў руцэ… Да месца пра сучасных краманьёнцаў і неандэртальцў яна сказанула…»

…У аўторак Пятру ўжо ад самай шарай гадзіны сну не было. І аб сваёй знешнасці ён ніколі так не клапаціўся. А, адыходзячы ў школу, перад люстэркам крутнуўся не адзін і не два разы — надта ж хацелася прадстаць перад Веранікай зграбным.

Вераніка доўга чакаць не прымусіла. Грацыёзная яе постаць лябёдкай падплыла да самага яго настолькі блізка, што аж ўсяго абдало ейным душагрэйным цяплом і гулкім бухканнем расхваляванага маладога дзявочага сэрца.

— Тут будзеце глядзець ці?.. — спытала адным дыхам, чырванеючы.

— Свабодных памяшканняў зараз, відаць, не адшукаем. У вестыбюлі на падаконніку, хіба?..

— А ўсё роўна…

Пятро, узяўшы ў рукі альбом з надпісам «Курсавая работа», зыркнуўшы на Вераніку, нетаропка ялейна прамовіў:

— Я ўпэўнены, што тут усё як належыць. Мяркую, і Зоя кансультантам была…

Пра Зою Пятро зноў узгадаў спецыяльна. Хацелася хоць што пачуць і пра «выкрадальніка» ягонай дамы, і… Зоя, ну, пэўна ж, падзялілася ўражаннем аб «флірце» з настаўнікам-матэматыкам.

Аб нечаканай-негаданай сустрэчы з Пятром Зоя і сапраўды не таілася. «Гэта ж, мабыць, сам лёс распарадзіўся, — казала — каб мы адзін аднаму напаткаліся. Значыць, адтуль, з вышы, мне даецца шанц… Адрокся мяне Віцёк, то мужам стане Пятрок. Не ўпушчу яго, не! Прыгажун, разумнік, лішняга слова не аброніць. Інтэлігент сапраўдны!».

— Не абышлося, канешне, і без дапамогі Зоі, — прызналася Вераніка. — Але… Львіную долю заданняў я лёгка адалела самастойна… Ды… Зоі і не да мяне. Яна вось і ўчора толькі і знала, што пахвалялася: «Замуж, дзеванькі, усё-такі за Віцьку выходжу!»…

— Гэта за таго, што на дыскатэцы…?

— А за каго ж яшчэ?

— А хто ён такі, што за птах?

— Працаваў галоўным аграномам у нашай гаспадарцы… Сябравалі яны — не разальеш вадою. Ды раптам жанішок Зоін як у ваду кануў… Год аб ім ні слыху, ні дыху не было. Зараз, кажа Зоя, старшынёй сельгаскааператыва

ў суседнім раёне працуе. І яе да сябе пераманьвае…

— Што ж, як гаворыцца, любоў ды лад ім! — добразычліва ўсміхнуўся Пятро, але па твары было бачна: выціснуў ён з сябе цераз сілу.

— Ага, поўнага сямейнага шчасця ім! — падтрымала Вераніка.

Далей Пятро старонку за старонкай курсавой работы перагортваў, ківаючы толькі галавою. Нарэшце зычна агучыў уражанне:

— Оў, каб ад мяне патрабавалася вырашыць, колькі балаў заслугоўвае гэта пісьмовая праца студэнткі-завочніцы Веранікі… — Пятро стаў шукаць, дзе пазначана прозвішча аўтара курсавой работы.

— … Крэмневай, — падказала Вераніка.

— Ну, а я — Жалязнёў… Будзьма знаёмы!..

— Будзьма! — выпаліла з усмехам Вераніка.

— Ітак: Веранікі Крэмневай, то не вагаўся б паставіць самы высокі, ды яшчэ з плюсам. Што тычыцца матэматычнага складніка, то і камар носа не падточыць. Ды і астатняе ўсё на належным навукова-тэарэтычным узроўні…

— Дзякуй, Пётр Паўлавіч!.. А завочніца я, дарэчы, усяго з чацвёртага курса…

— А што ж змусіла перавесціся?

— Лепш не пытайце… — уздыхнула цяжка Вераніка. — Раптоўна, гвалтоўна ў нашу сям’ю ўварвалася страшная бяда. Два гады таму тата і брат ў аўтакатастрофе загінулі… На ўласнай легкавушцы спяшаліся на работу, занесла іх… Мама наперажывалася і стала хварэць…

— Разумею. Прабач, Вераніка, спачуваю… Шчыра спачуваю…

Вераніка, паморгаўшы вільготнымі вачыма, упаўшым голасам прадоўжыла:

— Ну, а за станоўчую ацэнку маёй курсавой, сапраўды, шчыры дзякуй!.. Я пайшла?.. Да пабачэння на чарговай дыскатэцы?..

Пятро выказаў згоду кіўком галавы і цёплаю ўсмешкай. Вераніка — адабрэннем намеру кавалера лагоднай мімікай на твары і сяброўскім развітальным «па-па!» прыўзнятай свабоднай рукою.

— Ой!.. — спахапілася раптам Вераніка. — Пётр Паўлавіч! А я маю нешта яшчэ вам сказаць, і не толькі ад сябе…

— Уважліва слухаю! — напругся Пятро. Чакаў, Вераніка штось важнае ад Зоі перакажа.

— Я і мама запрашаем на «вячоркі» да нас… — прамовіла дрыготкім голасам Вераніка.

Пятро зіркнуў на дзяўчыну са здзіўленнем, выразныя ягоныя бровы на хвілю сышліся. Пачаў роздумна-усхвалявана:

— А я, Вераніка, і… і прыду! Абяцаю. Жалезна… Вось толькі калі канкрэтна — адразу не скажу… Што ні дзень — урокаў пад завязку… А вечарамі ратунку няма ад планаў-канспектаў, а… А яшчэ і ўсялякія справаздачы, аналізы сачыняць трэба, сшыткі правяраць… Мусіш пагартаць і літаратуру… Настаўнік перастае быць настаўнікам, калі сам не вучыцца…

— Мы кожны вечар чакаць будзем! — ва ўмольным тоне прагучала з вуснаў Веранікі. Душа Пятра стала напаўняцца настоеным на неймавернай сіле поклічаў і памкненняў цудоўнай пары чалавечага жыцця — маладосці — святлом. Ён сябе ледзь стрымаў, каб ліхаманкава не наблізіцца да Веранікі, як да яго ў першы і адзіны іх вечар падбегла Зоя, і гэтак сама прагна крануцца вуснамі твару, прыгажосць якога яму пэўна ўжо не ўдасца забыць а хоць ці калі-небудзь…

Антон ПІЛІПЧЫК.