Навучэнка гімназіі №1 г. Іўе Ксенія Раманюк гэтымі днямі рыхтуецца да паездкі ў сталіцу ХХХIII Дня беларускай пісьменнасці – Касцюковічы. Тут пройдзе гала-канцэрт рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, дамінантнай тэмай якога ў Год беларускай жанчыны стаў яе вобраз як нястомнай захавальніцы культуры, традыцый і сямейнага ачага.

Навучэнка гімназіі №1 г. Іўе Ксенія Раманюк гэтымі днямі рыхтуецца да паездкі ў сталіцу ХХХIII Дня беларускай пісьменнасці – Касцюковічы. Тут пройдзе гала-канцэрт рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, дамінантнай тэмай якога ў Год беларускай жанчыны стаў яе вобраз як нястомнай захfвальніцы культуры, традыцый і сямейнага ачага.
Напярэдадні на тэлеканале СТБ прайшлі здымкі фінала гэтага конкурсу. Сваё майстэрства там прадставілі 17 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй краіны. І па традыцыі тэлеверсію фінала можна паглядзець ў першую нядзелю верасня, гэта значыць заўтра.
У выніку Ксенія Раманюк у сваёй узроставай катэгорыі заняла трэцяе месца.
Да сваёй мары Ксенія ішла восем гадоў. Прыклад яе малодшай сястры Лізаветы, якая ў мінулым годзе стала пераможцай конкурсу, вельмі натхніў.
8 гадоў я ішла да гэтага дня. Удзельнічала ў конкурсе з першага класа, але да фіналу не даходзіла. Для мяне гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Чытала на здымках фіналу паэму ў прозе Янкі Сіпакова «Одзіўм», прысвечаную аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 40-годдзе якой адзначылі сёлета. Чытаючы гэтыя радкі, задумваешся аб адказнасці чалавека перад сваёй зямлёй.
На гала-канцэрце ў Касцюковічах Ксенія будзе чытаць верш Ніла Гілевіча “У гонар маці”, які прысвечаны самаахвярнасці мацярынскай любові, дзе паказана , што нараджэнне і выхаванне дзіцяці — гэта велізарная духоўная праца, заснаваная на цярпенні. Маці злучае сабой мінулае і будучыню роду, яна — захавальніца жыцця нават у самых страшных умовах.
Яшчэ адна цікавая абставіна – разам з Ксеніяй у гэты святочны і хвалюючы дзень на сцэне будзе яе сястра Лізавета, якая выканае ролю вядучай.
Нагадаем, што арганізатарамі конкурсу “Жывая класіка” выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама Сталічнае тэлебачанне.
Удзельнікі чатырох узроставых катэгорый – ад першакласнікаў да дзесяцікласнікаў – прайшлі складаны шлях раённых і абласных адбораў, у якіх спаборнічалі амаль 28 тысяч таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Ірына Бутурля.
Фота з сямейнага архіва.






