святло, і паветра, і месца, і час
«ведаеш, сям’я, праца, справы, мне
заўсёды штосьці
перашкаджала
а цяпер
я дом прадала, знайшла гэтую
студыю, дзе так прасторна і
светла.
упершыню маю месца
і час каб
тварыць».
не, дзетка, калі ты хочаш
ты будзеш тварыць, працуючы
па 16 гадзін кожны дзень
у шахце
ты будзешь тварыць у каморцы з трыма дзецьмі
нават
у дэкрэце,
ты будзеш тварыць, калі табе сарве дах,
адарве
частку цела,
ты будзеш тварыць сляпая,
кульгавая
і звар’яцелая,
ты будзеш тварыць, калі жах кіпцюрамі будзе
шкрэбсці па спіне,
пакуль землятрус, бамбёжка, пажар і патоп
паглынаюць твой горад.
дзетка, святло, і паветра, і месца, і час
не змяняюць нічога
і не ствараюць нічога.
магчыма проста даюць табе шанец
для новых адмазак.

Фрэнсіс Бэкан, вядомы англійскі філосаф, крэацыяніст, гісторык, палітычны дзеяч і заснавальнік эмпірызму, калісьці пісаў: «Ёсць кнігі, якія трэба толькі пакаштаваць, ёсць такія, якія лепш за ўсё праглынуць, і толькі нешматлікія варта разжаваць і пераварыць. Інакш кажучы, адны кнігі варта прачытаць толькі часткова, іншыя — без асаблівай стараннасці, і толькі нешматлікія — цалкам і ўважліва». І я з ім цалкам салідарна.
Колькі я сябе памятаю, я заўсёды любіла чытаць. І чытаю я шмат. Чытаю са смакам, з асалодай, у роўнай меры падзяляючы з героямі твораў іх радасці і нягоды. Чытаць я навучылася, калі мне было гадоў пяць і, са слоў маіх бацькоў, навучылася сама. Можа, гэта сямейная легенда, але я хачу ў яе верыць.
Я чытала проста запоем. Мяне захапляла прыгажосць і наіўнасць казак Ганса Хрысціяна Андэрсана і не палохала змрочнасць і жорсткасць казак Братоў Грым. Я марыла мець такую сяброўку як Пэпі, разам з Нязнайкай і Кнопачкай глядзела на цуды Сонечнага горада.
Я расла, а разам са мной «раслі» і кнігі, якія я чытала. І я заўважыла, што самыя цікавыя кнігі абавязкова патрапаныя. Нейкі час гэта для мяне нават было крытэрыем па выбары. Часта, прыходзячы ў бібліятэку, я капалася ў кнігах, шукаючы добрую, цікавую. Добрая кніга, як добры сябар, заўсёды дапаможа, яна можа чамусьці навучыць, падказаць выйсце з той ці іншай сітуацыі.
Менавіта так я пазнаёмілася з аўтарам адной з самых любімых маіх кніг — Чарльзам Букоўскі, і я паспрабую растлумачыць вам, чаму гэты меркантыльны алкаголік і бабнік стаў не проста культавым амерыканскім пісьменнікам, але і сусветным класікам. Які, як я спадзяюся, застанецца ў памяці і наступнага пакалення чытачоў, якія будуць зноў і зноў вяртацца да трохі бесцырымоннага, але такога роднага інтэлігентнага слога Букоўскі.
Нядаўна, дзякуючы аднаму добраму чалавеку, у мае рукі патрапіў цалкам надзвычайны зборнік вершаў пісьменніка»І святло, і паветра, і месца, і час», таленавіта перакладзеных на беларускую мову Ганнай Комар, Юляй Цімафеевай і Наталляй Бінкевіч. Чаму ж я пра гэта пішу і лічу, што гэтыя вершы трэба прачытаць? Каб зразумець некалькі простых рэчаў, напрыклад, што Пушкін — наша не ўсё.
Але гаворка не пра гэта, параўноўваць Пушкіна і Букоўскі я не збіраюся. Але я лічу, што Чарльз Букоўскі сапраўды вялікі паэт — паэт суровай, жорсткай штодзённасці. Настолькі шэрай і звычайнай, што, здаецца, у ёй немагчымы яркія перажыванні, глыбокія пачуцці, успышкі энергіі, успышкі маланкі за гарой… Ён бачыць такую глыбіню і паэтычнасць ў самых простых рэчах, не самых прыемных, але тых, што акружаюць усіх нас кожны дзень.
Букоўскі піша пра нешта адно — і пра ўсё адразу. Ён — нібы стары сябар, які зайшоў у госці і сядзіць на кухні, цынічна і зло выліваючы ўсё, што сабралася ў яго на сэрцы. Не таму, што яму неабходна выказацца, а таму, што табе не перашкодзіла б задумацца над усім тым, што ён кажа. А кажа ён пра ўсё, што бачыць і што прыцягвае яго ўвагу.
Немагчыма пасля прачытання практычна любога з яго вершаў не адкласці кнігу і не ўсміхнуцца: «Так-так, дакладна, у мяне гэтаксама». Яго вершы поўныя горкага разумення паскуднай і бясконцай прыгажосці гэтага свету, яны адточана вывераныя да кожнага слова, да самай апошняй фразы. Менавіта фінальныя радкі збіраюць верш у суцэльны твор, яны робяць яго дзіўна поўным і перадаюць той усплёск, той канцэнтрат пачуццяў, тое, што ён паспрабаваў данесці да нас.
Які з вершаў мне спадабаўся больш? Напэўна, я ніколі не змагу адказаць на гэтае пытанне. Усе вершы Чарльза Букоўскі сталі па-свойму любімымі. Яны сталі для мяне той найкаштоўнейшай «кампаніяй», якая будзе суправаджаць мяне яшчэ вельмі доўга.
П. КЁЛЕР.






