Імя нашай слыннай зямлячкі – паэткі са Старога Двара Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якая ўвасобіла ў сабе змагарны дух Рагнеды і асветніцкую дзейнасць Ефрасінні, гэтымі днямі лунае над Шчучыншчынай. Жыхары раёна адзначаюць 150-годдзе з Дня яе нараджэння.

Палымянае слова Цёткі і радкі ў яе гонар прагучалі ў г.п. Астрына на свяце паэзіі «У госці да Алаізы», у народным музеі паэткі ў Астрынскай сярэдняй школе імя Цёткі, у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Пісьменнікі і паэты, дзеячы мастацтваў, прадстаўнікі мясцовай улады і творчай інтэлігенцыі, школьнікі, настаўнікі ўспаміналі зямлячку, чыё слова дагэтуль не губляе сваёй актуальнасці.
Першая беларуская пяснярка, заснавальніца Беларускай сацыялістычнай грамады, настаўніца, карэспандэнтка, артыстка, аўтар дзіцячых чытанак, выдаўца першага часопіса для моладзі, міласэрная сястрычка, падарожніца, не пражыла і сорак гадоў, напісала не вельмі шмат, але ў гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальным руху пачатку ХХ стагоддзя займае адно з самых пачэсных месцаў. Яна першая з жанчын пачала шлях беларускай інтэлігенцыі да вяршынь еўрапейскай навукі і цывілізацыі, пры гэтым ніколі не забывала пра бацькоўскі кут, родную мову, родны народ і карані. Нават смерць яе сімвалічная: сястра міласэрнасці Пашкевіч-Кайрыс згасла падчас эпідэміі тыфа ў Старым Двары, змагаючыся за жыцці землякоў…
– У кожным з нас жыве дух знакамітай зямлячкі, яе палымянае слова гучыць сярод нас, а беларуская старонка, за лепшую долю якой змагалася Алаіза, памятае сваю дачку, – падкрэслівае бяссменны кіраўнік народнага музея Алаізы Пашкевіч (Цёткі) Астрынскай сярэдняй школы імя Цёткі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Балобан. – Яе паэзія па-ранейшаму актуальная і любімая, яе падхапілі новыя пакаленні беларусаў. Усё тое, пра што марыла Алаіза Сцяпанаўна, сёння збылося. Яна дбала аб свабодзе беларусаў і роўнасці правоў жанчын, магчымасці вучыцца і размаўляць на роднай мове, заклікала змагацца з несправядлівасцю, ганарыцца сваёй старонкай.

У народны музей Цёткі, які існуе з 1982 года і налічвае больш за 1000 унікальных экспанатаў (сярод якіх аўтэнтычных больш за 700), не зарастае народная сцежка. Сюды едуць людзі з розных куточкаў Беларусі і краін-суседак. Датыкнуцца да духоўнай спадчыны таленавітай мужнай жанчыны прагнуць вучні школ вобласці, студэнты і выкладчыкі, навукоўцы, ветэраны, выпускнікі школы, сучасныя літаратары. Штогод — каля тысячы чалавек.
– Увесь юбілейны год прайшоў у нашай школе пад знакам Цёткі, – распавяла Ала Сямёнаўна. – Школьнікі ўдзельнічалі ў праекце “Пад зоркай Алаізы”, мерапрыемствы якога былі накіраваны на ўшанаванне памяці Цёткі, гулялі ў інтэрактыўныя гульні, наведвалі чытацкі салон, тэматычныя экскурсіі, разгадвалі рэбусы ад Цёткі, удзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў. Вельмі зацікавіў дзетак і сумесны з гарпаселковай бібліятэкай праект “У школу да Цёткі”.
Сёлета Кіра Санько заняла першае месца на рэспубліканскім ў конкурсе экскурсаводаў устаноў адукацыі ў намінацыі “Літаратурны профіль”. А ячшэ музей Цёткі пабываў на міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску і выклікаў ажыятаж сярод наведвальнікаў.
– Вельмі прыемна, што людзі ішлі мэтанакірава, на шчырае слова, з захапленнем вывучалі матэрыялы, цікавіліся яе жыццём і творчасцю, – адзначае Ала Балобан. – Юбілейны год пашырыў цікавасць моладзі да роднага слова і асоб, якія яркімі зоркамі ззяюць на небасхіле нашай беларускай літаратуры. Менавіта Цётка з’яўляецца для нас той нітачкай-повяззю паміж мінулым і сучаснасцю, якая нагадвае, што мы “ўзышлі не з насення, што ветрам занесена”, што ў нас годная спадчына і шчаслівая будучыня…






