У Адвэнце — часе чакання Божага Нараджэння — у каталіцкіх храмах праходзілі ранішнія імшы — Рараты. Падчас іх вернікі трымаюць запаленыя свечкі, пакупныя ці самаробныя ліхтарыкі. Устаць раней, каб перад працай і школьнымі заняткамі прыняць удзел у ранішняй імшы разы тры за тыдзень — гэта, напэўна, маленькая ахвяра Нованароджанаму Пану. Але не менш важны той душэўны супакой, які набывае душа чалавека ў падобныя моманты, — якраз ён і ёсць тое Святло, якое патрэбна Богу.
Гэтыя літургіі вельмі любяць дзеці за іх таямнічасць і той перадсвяточны настрой, які суправаджае ўсё наўкол у дні падрыхтоўкі да асабліва любімага імі свята. Таму кожны год іх так многа на ранішніх імшах у касцёле. Як зазначыў пробашч Іўеўскай парафіі ксёндз Ян, у гэтым годзе яшчэ больш было дзяцей, і дарослых таксама, і ад гэтага адчуваеш вялікую радасць.
Слова «рараты» прыйшло з лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца падчас Адвэнту.






