Культура и творчество

Святло разліта ў Сусвеце

Каб соль не страціла
Уласцівую ёй солкасць.
А песня — гукаў,
Трапяткіх і кволых,
Каханне — шчырасці,
А чалавек — душы сваёй,
Вялікай, несмяротнай —
На свеце існуе мастацтва.

Як цудоўна сказаў паэт аб мастацтве! І словы гэтыя з захапленнем паўтарыла Ірына Смірнова- загадчык аддела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, калі адкрывала выставу «Святло чалавечай душы». Каму, як не гэтай творчай жанчыне так прыгожа гаварыць пра мастацтва, пра творчасць, пра людзей, апантаных гэтым чароўным светам, які застаўляе спяваць і плакаць душу, радавацца новаму карунку ці яшчэ аднаму звяну саламянага ланцужка. Гэта яна сабрала пад сваё творчае крыло самых масцеравых і неабыякавых майстроў Іўеўшчыны, калі адшуквала іх і ў горадзе, і ў вёсках. І яны з задавальненнем адгукнуліся. І зараз ахвотна наведваюць аддзел (былы цэнтр рамёстваў і культуры), а таксама ўдзельнічаюць у рабоце аматарскага клуба «Скарбніца».


Скарбніца… Слова прыгожае, слова ёмкае. І яно годна адлюстроўвае сэнс работы клуба па інтарэсах пры аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры — збіраць скарбы народнага мастацтва, адкрываць і захоўваць сакрэты прыгажосці карункаў, фарбаў, вырабаў прыгожых непаўторных рэчаў, якія на працягу гадоў і стагоддзяў стваралі залатыя рукі і светлыя галовы нашых прашчураў, а зараз гэтая спадчына належыць нам. І побач з майстрамі сталымі ў аддзеле падрастаюць малыя майстрыцы і майстры, якія пераймаюць беларускую прыгажосць і таленавітасць. А калі ёсць сувязь пакаленняў, будзе жыць наша спадчына.
Тым больш, як я ўжа сказала, перадаваць яе ёсць каму. Майстры з клуба «Скарбніца» з’яўляюцца ўдзельнікамі не толькі раённых, абласных, але і рэспубліканскіх святаў і кірмашоў народнай творчасці.
Ірына Рэгінальдаўна расказала пра кожнага з ўдзельнікаў гэтай цудоўнай выставы. І перш-наперш прагучала імя Леакадзіі Канстанцінаўны Іваноўскай, актывісткі клуба, чароўны калаўрот якой, а таксама вышыўкі і саматканыя рушнікі, яе прымаўкі, мілагучныя песні ўпрыгожваюць кожнае свята, кожную выставу і пасяджэнні клуба. Яна ўдзельнік VI Рэспубліканскагап фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет» (Дыплом II ступені, Х фестывалю нацыянальных культур (Дыплом лаўрэата), Рэспубліканскай выставы-кірмаша «Беларускі сувенір» (падзяка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама), дыплом II ступені «За лепшы падворак традыцыйнай культуры на рэгіянальным фестывалі «Скарбы» у горадзе Астравец і іншыя ўзнагароды.
Яе калежанка па клубе Марыя Вікенцьеўна Кяўлен валодае ўсімі відамі традыцыйных рамёстваў: вышыўкай, вязаннем, прадзівам. У 2017 годзе на IX Рэспубліканскім фестывалі- кірмашы «Вясновы букет» атрымала дыплом III ступені за ткацтва паясоў і прадзіва на калаўроце.
Здзівіла наведвальнікаў выставы Сабіна Казіміраўна Казак, якая з непатрэбнай тканіны вывязвае цудоўныя ходнікі (палавікі). А яшчэ ў яе ёсць непаўторныя па прыгажосці вышыванкі і саматканыя дзяружкі.
Сваё пачэснае месца ў клубе нядаўна заняла Ірына Тадэвушаўна Траццякевіч са сваімі чароўнымі вышыванымі карцінамі, нацюрмортамі, маляўнічымі краявідамі.
Не абышлася выстава і без работ Юлдаша Рамазанавіча Хасанава, які адрадзіў у раёне беларускае традыцыйнае рамяство — мастацкую апрацоўку дрэва.
Прысутнічала на выставе Вера Паўлаўна Чурэйна — сябар Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У гэтым годзе яна атрымала абласную прэмію імя А. Дубко ў намінацыі «Майстар года». Вера Паўлаўна — сімвалічны член «Скарбніцы», аднак з задавальненнем удзельнічае ў пасяджэннях клуба, дзеліцца вопытам, праводзіць майстар-класы.
Вось такія цікавыя людзі раз-пораз ладзяць выставы. Схадзіце на іх, дакраніцеся да каранёў рамёстваў і промыслаў роднай старонкі.

В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.