0
Актуальное Культура и творчество О людях

Кветкі ў капелюшы і мастацтва саломкі. Ірына Смірнова носіць ганаровае званне “народны майстар”

Напрыканцы мінулага года загадчыку аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірыне Смірновай прысвоена ганаровае  званне “народны майстар”. Рашэнне было прынята на пасяджэнні экспертнай камісіі па народных мастацкiх рамёствах пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Саломапляценне прыйшло ў жыццё Ірыны Смірновай двадццаць пяць гадоў назад, калі на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры яна атрымала першыя навыкі. З тае пары без гэтага залацістага рамяства жанчына не ўяўляе свайго жыцця.

мастер соломоплетения

Зараз таленавіты майстар працуе ў розных тэхніках саломапляцення: плоскае і аб’ёмнае пляценне, саламяная пластыка, аплікацыя саломкай, змешаная тэхніка. І асартымент вырабаў стварае самы разнастайны: ад саламяных галаўных ўбораў і кветкавых кампазіцый да элементаў стылізаваных касцюмаў.

Аднак жанчына мае свой адметны почырк і свае адметныя вырабы, якія не пераблытаеш з іншымі. Яе вынаходства — кветкі ў капелюшы, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю на выставах, продажах, на розных выязных мерапрыемствах, якіх на рахунку таленавітай майстрыцы столькі, што цяжка злічыць.

Расказвае, што для таго, каб займацца пляценнем з саломкі, неабходна найперш цярпенне, вялікае жаданне і стараннасць.

Здараецца так, што натхненне прыходзіць непрадказальна, — расказвае суразмоўца. — Добра, калі гэта выхадны дзень. Тады я зачыняюся на ўсе замкі, выключаю мабільны тэлефон і займаюся сваёй любімай справай.

Вырабы Ірыны Смірновай можна ўбачыць на выставах народнага мастацтва, а таксама ў дэкоры для афармлення інтэр’ераў і падворкаў традыцыйнай культуры на святах народнай творчасці. Яе рукамі створана шмат сувенірнай прадукцыі.

З 2023 года наша зямлячка з’яўляецца старшынёй праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. Яна таксама ўзначальвае грамадскі кансультацыйна-практычны цэнтр па стажыроўцы майстроў саломапляцення, які створаны на базе Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

За асабісты ўклад у захаванне і развіццё рэгіянальных традыцый пляцення з прыроднага матэрыялу, арганізацыю працэсу навучання рамяству ірына Смірнова ў 2021 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”.

Што важна ў нашай справе папулярызацыі народных рамёстваў, — гэта пераемнасць пакаленняў, — разважае Ірына Рэгінальдаўна. — Мы стараемся не толькі самі валодаць тэхнікамі і ўменнямі нашых продкаў, але і навучыць гэтаму падрастаючае пакаленне. Таму ў цеснай счэпцы працуем з установамі адукацыі, праводзім майстар-класы для школьнікаў, розныя культурныя мерапрыемствы.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ірына Бутурля. Фота з архіва гераіні публікацыі.