80 мірных гадоў Актуальное О людях

Імя, якое павінна жыць. Гісторыя бясстрашнага лётчыка Віктара Сава

Вельмі складана, амаль немагчыма, вярнуць з забыцця кожнае імя загінуўшых. Але мы не маем права не весці пошукавую працу.  Мы павінны выкарыстаць самы найменшы шанец, каб увекавечыць гераізм савецкіх салдат, аддаўшых жыццё за мірнае неба над нашымі галовамі.

Працуючы з архіўнымі дакументамі ў Іўеўскім ваенкамаце ў 2022 годзе, мне ў рукі трапіў ліст, прачытаўшы які я адразу зразумела: “Вось ён, невядомы наш герой!”

Ліст, адрасаваны ваенкомам М. Параскевічам старшыні Іўеўскага сельскага Савета. У ім гаворыцца, што на падставе перапіскі з ваенкаматамі і сваякамі загінуўшых устаноўлена месца гібелі ваеннага лётчыка старшыны Віктара Сцяпанавіча Сава. 

У лісце выказваецца просьба пры ўстаноўцы на магілу помніка ўнесці прозвішча Віктара Сцяпанавіча ў спісы загінуўшых і замацаваць гэтую магілу за пачатковай школай в. Ятаўтавічы. Унізе дата — 31.05.1991 год. 

Упершыню пра загінуўшага лётчыка я пачула ад матулі. Яшчэ ў дзяцінстве, наведваючы магілы родных на Ятаўтавіцкім могільніку, яна аднойчы прамовіла: “Кажуць, што падчас вайны дзесьці тут быў збіты савецкі самалёт, лётчык загінуў”. Пазней я яшчэ некалькі разоў чула аб гэтым ад старэйшых жыхароў Ятаўтавіч. Але ні імя, ні прозвішча ніхто не называў. У апошнія гады пра лётчыка вельмі часта гаварыў карэнны жыхар вёскі Вацлаў Вацлававіч Захар. Увесь час думала прыехаць да яго і распытаць, але яго раптоўна не стала на прыканцы 2024 года. 

І я вырашыла ўзяцца за гэтую справу і давесці яе да канца. У электронным рэсурсе “Памяць народа” і абагульненым банку дадзеных “Мемарыял” ёсць інфармацыя аб тым, што Віктар Сцяпанавіч Сава нарадзіўся ў 1923 годзе ў в. Лукянава Шкатаўскага раёна Дальнеўсходняга краю. У верасні 1941 года Кісялёўскім РВК, Новасібірскай вобласці быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў у 430-й асобнай армейскай авіяцыйнай эскадрыллі сувязі 33-й арміі. Старшы сяржант Сава ў лістападзе 1943 года быў узнагароджаны медалём «За адвагу».  21 ліпеня 1944 года быў падпісаны загад па 33-й арміі аб ўзнагароджанні яго ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені. Але гэтую ўзнагароду Віктар не атрымаў. 

У “Данясенні аб беззваротных стратах” пазначана, што Віктар Сцяпанавіч Сава загінуў 2 ліпеня 1944 года і пахаваны на паляне паўночна-ўсходняй в. Ятаўтавічы ў 2 кіламетрах ля дарогі Ліда-Гальшаны ў Іўеўскім раёне Баранавіцкай вобласці Беларускай ССР. 

Ліст з ваенкамата быў адрасаваны ў Іўеўскі сельсавет, але зразумела, што зыходзячых і ўваходзячых дакументаў 1991 года няма,  таму немагчыма прасачыць ланцужок падзей далей.

Настаўніца Ятаўтавіцкай пачатковай школы Галіна Міхайлаўна Бутурля (а працавала яна ў гэтай школе з 1965 г. да яе закрыцця ў 2002 годзе) запэўніла, што за школай быў замацаваны толькі помнік, устаноўлены ў памяць спаленым жыхарам вёскі, аб іншых пахаваннях яна не ведае. І ў канцы нашай размовы яна са шкадаваннем сказала: “Вось бы была жывая Жэня Шпець, яна б табе ўсё расказала”. 

І я ўхапілася за гэтую нітачку, вырашыла звязацца з сынам Яўгеніі Андрэеўны, якога добра ведаю яшчэ з дзяцінства, спадзяючыся, што яму маці штосьці расказвала. І не памылілася.

Віктар Эдуардавіч Шпець  нарадзіўся, ды і цяпер пражывае, у в. Ятаўтавічы. Вось менавіта ён і дапамог высветліць усе акалічнасці з’яўлення на вясковым могільніку брацкай магілы.

Віктар Шпець

Яўгенія Андрэеўна Шпець (Кішкель) нарадзілася ў 1928 годзе на хутары Валькі, што раз-мяшчаўся ля невялікай рачулкі непадалёку ад вядомага хутара Барсучыя Норы, крыху воддаль дарогі Іўе-Юрацішкі. Бацька памёр вельмі рана, і яе матуля Альжбета ў часы акупацыі жыла са свамі дзецьмі там жа на хутары. 

Старэйшыя дзеці мелі свае сем’і, а самыя малодшыя былі ўжо ў падлеткавым узросце. 

Савецкі самалёт быў збіты перад самым вызваленнем  непадалёку ад хутара. Лётчык быў яшчэ зусім маладым, ён вельмі моцна абгарэў, і Альжбета з дапамогай дзяцей як магла лячыла яго. А тут яшчэ непадалёку на мосце неслі варту нямецкія салдаты. 

Аднойчы між імі і партызанамі завязаўся бой. Усе 5 нямецкіх салдат былі забіты. Ратуючы сваё жыццё, жанчына з дапамогай дзяцей уначы непадалёку выкапала яму і закапала немцаў. Параненым партызанам была аказана дапамога, іх яна схавала ў склепе. Аднак так сталася, што мясцовы паліцай з Бачэшнікаў даведаўся аб гэтым. Каб не ставіць пад пагрозу жыццё сям’і, партызаны пакінулі схованку, але іх дагналі немцы. Аднаму ўдалося ўцячы. 

Віктар Эдуардавіч кажа, што ў дзяцінстве яны вельмі любілі слухаць аповяды матулі, асабліва, калі яна расказвала пра вайну, таму яна ім пераказвала гэтую гісторыю шмат разоў. Ды і свая цікавасць была ў хлопчыкаў. Вельмі ж ім хацела даведацца, дзе пахаваны нямецкія салдаты: яны ж былі засыпаны са зброяй і амуніцыяй. Але мудрая жанчына ні разу за сваё жыццё не паддалася на ўгаворы. 

Паступаючы па-хрысціянску, Альжбета вырашае пахаваць партызан на вясковым могільніку. Зноў такі ўсё рабілася з дапамогай дзяцей і ўначы. Разам з партызанамі быў пахаваны і лётчык, які памёр ад ран. 

Яўгенія Андрэеўна ўсё сваё жыццё даглядала гэтую магілу. Памерла яна ў 2016 годзе. Дарэчы, сям’я мела дакумет, якім падцвярджалася яе сувязь з партызанамі. Аднак іх хата на хутары згарэла, полымя знішчыла і дакументы. Месцам далейшага жыхарства была выбрана вёска Ятаўтавічы.

Здавалася, што ўсё падцвярджаецца, усё сходзіцца. Але зноў захацелася больш даведацца аб лётчыку. 

Зацікавілі і яго ўзнагароды. Медаль «За адвагу» — гэта адна з самых шануемых баявых узнагарод часоў Вялікай Айчыннай вайны, якой узнагароджвалі за асаблівую мужнасць і адвагу ў баях, а не за заслугі ў штабе або тыле. 

Гэта самы значны медаль у савецкай узнагароднай сістэме, які ўручаўся ў першую чаргу радавому і сяржанцкаму складу. Лётчыкі атрымлівалі яго за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў паветраных баях.

Баявым ордэнам Айчыннай вайны I ступені ўзнагароджвалі за праяўленыя ў баі мужнасць, стойкасць і гераізм, а таксама за ўклад у поспех баявых аперацый. Гэта магло быць знішчэнне асоба важнага аб’екта ў тыле ворага, паспяховае выкананне баявога задання ў складзе экіпажа ці рамонт самалёта пад агнём пасля пасадкі на варожай тэрыторыі. 

Ранг узнагарод пацвярджае, што Віктар Сцяпанавіч Сава быў адважным салдатам. Таму 17 ліпеня 2025 года напісала на электронную пошту Кісялёўскага краязнаўчага музея Кеме-раўскай вобласці – Кузбас (4403 км ад нас). Адразу ж паабяцалі дапамагчы. Затым 3 месяцы маўчання. Думала, што нічога з гэтага не атрымаецца. Я зноў нагадала аб сваёй просьбе. І зразумела, што я памылялася. 

Са мной звязалася навуковы супрацоўнік Ганна Мікалаеўна Станавая. За гэтыя месяцы яны зрабілі нямала. Праверылі свае фонды, інфармацыі аб Сава там няма. Знайшлі яго імя на гарадскім мемарыяле “Мужнасці прысвячаецца”, дзе выбіты звыш 5 тыс. прозвішчаў ўсіх кіселяўчан, прызваных Кісялёўскім ваенкаматам на вайну. Падключылі да пошуку бібліятэкі. І паралельна пачалі шукаць родных Віктара Сцяпанавіча. 

Хаты і вуліцы, куды была адпраўлена пахаванка, даўно няма. Там вугледабываючае прадпрыемства. Зрабілі запыт у адміністрацыю горада, падрыхтавалі інфармацыю ў СМІ – на тэлебачанне, у газету, у надзеі знайсці родных лётчыка. Звярнуліся на прадпрыемства, якое займалася зносам дамоў і адсяленнем жыхароў. Станоўчых адказаў пакуль што няма. 

Праца працягваецца, але, на маю думку, той інфармацыі, якая ўжо ёсць, дастаткова, каб увекавечыць імя лётчыка, старшыны Віктара Сцяпанавіча Сава. Салдата, які аддаў жыццё вызваляючы нашу іўеўскую зямлю.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Марына ПАЗНЯК,  галоўны захавальнік фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур.