75 лет образования Гродненской области

Ваенныя шляхі Іўеўшчыны

Па гэтых шляхах адыходзілі савецкія воіны напружаным летам 1941 года. Ляснымі сцежкамі нашага краю прабіраліся затым партызаны, небяспечнымі дарогамі пад час акупацыі крочылі падпольшчыкі. А ў ліпені 1944 года гэтымі дарогамі прайшлі вызваліцелі. З ваеннымі шляхамі Іўеўшчыны звязана мноства драматычных, часам, нават вельмі незвычайных падзей. Пра адзін такі выпадак мне хочацца сёння расказаць.

У вызваленні Іўеўскага раёна прымалі ўдзел падпалкоўнікі Барыс Званароў і Наталля Званарова. Супадзенне ў прозвішчах не выпадковае. Гаворка ідзе пра родных брата і сястру. І вось яна, жорстскасць вайны: у час Вялікай Айчыннай вайны ім так і не давялося сустрэцца, хаця ў нейкія моманты, напрыклад, на тэрыторыі Гродзеншчыны, яны знаходзіліся зусім непадалёку адзін ад аднаго. А ўвогуле іх лёсы, надзвычай яркія і нават неверагодныя, выдатна характарызуюць тагачасную эпоху.

Барыс Званароў нарадзіўся ў 1899 годзе ў Санкт-Пецярбурзе. Дзевятнаццацігадовым юнаком назаўжды звязаў сваё жыццё з Чырвонай Арміяй. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Затым вучыўся ва ўсходнім аддзяленні Ваеннай акадэміі, пасля атрымання дыплому быў накіраваны на Далёкі Ўсход і вельмі хутка апынуўся ў Токіа. Афіцыйна Званароў меў пасаду сакратара генконсульства СССР ў японскай сталіцы, а на самай справе збіраў звесткі для савецкай ваеннай разведкі і адначасова займаўся расшыфроўкай тэлеграфнай перапіскі, якая вялася паміж Токіа і Берлінам. Гэта ў многім дзякуючы менавіта яго намаганням і напружанай працы яго таварышаў, стала вядома пра пэўныя сакрэтныя планы гітлераўскай Германіі. У 1936 годзе Барыса ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцягу “за выкананне асаблівых дзяржаўных заданняў”.

Аднак настаў сумнавядомы 1938 год. Званарова адклікалі ў Маскву, дзе вопытны разведчык хутка апынуўся ў турэмнай камеры. Здавалася б, службовая кар’ера спецыяліста нябачнага фронту на гэтым скончылася, аднак скаргі арыштанта на беспадстаўнае затрыманне раптам разгледзелі. Барыса Званарова вызвалілі яшчэ ў даваенны час. Праўда, за мяжу выехаць ужо не дазволілі. Разведчык застаўся ў Маскве і працаваў выкладчыкам у адным з інстытутаў.

З першых дзён Вялікай Айчыннай Барыс Уладзіміравіч знаходзіцца на фронце. Ён узначальвае разведку стралковага корпуса. У 1944 г. ён становіцца адным з удзельнікаў аперацыі “Баграціён”. Гэта менавіта яго падначаленыя накіроўваюцца ў бліжэйшы нямецкі тыл, збіраюць там неабходную інфармацыю, бяруць у палон, калі гэта трэба, нямецкіх ваеннаслужачых. Падпалкоўнік Званароў вызначыўся пры вызваленні Мінска, Бабруйска, Гродзенскай вобласці. Яго асабістая адвага і ўмелае кіраванне падраздзяленнямі разведкі 4 жніўня 1944 г. было адзначана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. І яшчэ месяц пасля гэтага ваяваў Барыс Уладзіміравіч. Ён быў смяротна паранены ўжо на польскай тэрыторыі 6 верасня 1944 г. Пахавалі падпалкоўніка Званарова каля вёскі Малкіна Гурыя непадалёку ад Варшавы.

А цяпер звернемся да біяграфіі яго роднай сястры. Наталля Званарова нарадзілася ў 1901 г. На пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя займалася ў Ціміразеўскай сяльгасакадэміі ў Маскве. Пад час вучобы добра вывучыла нямецкую і французскую мовы. Менавіта гэтая акалічнасць зацікавіла прадстаўнікоў савецкай ваеннай разведкі. Наталля прайшла неабходную практыку ў Маскве, а затым была накіравана на выкананне спецзадання ў Вену. Што канкрэтна рабіла маладая жанчына ў аўстрыйскай сталіцы, дакладна невядома і сёння, аднак яе камандзіроўка была адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай. І хутка пасля гэтага — круты жыццёвы паварот. У лістападзе 1938 г. яе звальняюць з Чырвонай Арміі і затым арыштоўваюць. Абвінавачванне не жартоўнае – Наталлю падазраюць у шпіянажы. Аднак яна вельмі мужна трымаецца на допытах, адмаўляецца рабіць ілжывыя прызнанні. У выніку ў яе жыцці адбываецца такі ж цуд, як і ў лёсе брата – поуўная рэабілітацыя яшчэ ў перадваенны час. А калі пачынаецца Вялікая Айчынная, Званарова не лічыць для сябе магчымым заставацца ў тыле.

Паколькі Наталля бездакорна валодае нямецкай мовай, яе залічваюць у спецыяльнае падраздзяленне па рабоце сярод войск праціўніка. Падпалкоўнік Званарова арганізуе рэгулярныя радыёперадачы для гітлераўскіх ваеннаслужачых. Заклік перастаць ваяваць, здавацца ў палон гучыць непасрэдна на лініі фронту. Вядома ж, вораг імкнуўся знішчыць надакучлівую машыну з радыёўстаноўкай, абстрэльваў з кулямётаў, мінамётаў і гармат.

Летам 1944 г. ваенны маршрут Наталлі Званаровай праходзіў праз Мінск, Маладзечна, Іўе, Ліду, Масты, Гродна… Так яна дайшла да Берліна, дзе пасля Перамогі некаторы час працавала ў камендатуры горада. Сярод яе ваенных узнагарод – ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны 2-й ступені. У другой палове 40-х Наталля Ўладзіміраўна вярнулася ў Маскву і некаторы час працавала ў разведупраўленні. Лёс падарыў ёй 93 гады жыцця, відавочна, за сябе і за брата.

Ю. КАМЯГІН.