9 снежня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.
Музейныя экспанаты аб Вялікай Айчыннай вайне займаюць асобае месца ў зборы кожнага музея. Менавіта яны дапамагаюць глыбей зразумець усё тое, што выпала на долю беларускага народа падчас самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва.
У фондзе нашага музея захоўваецца дакумент “Обобщенные сведения о причиненных немецко-фашистскими захватчиками и их сообщниками ущерба Юратишковскому району и о совершенных ими злодеяниях над мирными гражданами Юратишковского района” ад 20 лютага 1945 года. Немагчыма без унутранага дрогату, душэўнага болю і слёз чытаць акты, складзеныя спецыяльна створанай камісіяй, якая ўжо тады, 80 год назад, устанаўлівала факты генацыду ў адносінах да жыхароў раёна.
У шэрагу актаў прыводзяцца дадзеныя аб нанесеным матэрыяльным уроне па ўсіх былых 16-ці сельскіх Саветах: Чэрвеніцкім, Такарышскім, Бараўскім, Чапуньскім, Даўнарскім, Трабскім, Макуцкім, Росцеўскім, Лаздунскім, Лугамавіцкім, Бобравіцкім, Бакштаўскім, Заберазскім, Юрацішкоўскім, Масціцкім, Бачэшніцкім. 30 ліпеня 1944 года афіцыйным дакументам было засведчана спаленне нямецка-фашысцкімі захопнікамі 29-ці з 33-х жылых дамоў в. Жыдзевічы і 80-ці гаспадарчых пабудоў. 20 жыхароў вёскі ў 1942 і 1943 гадах былі вывезены ў Германію.

Матэрыяльны ўрон па ўсяму Юрацішкаўскаму раёну склаў 37 млн. 7837 тыс. рублёў.
Сведка Гарбачэўская, жыхарка Трабскага с/с, сцвярджае: “У 1942 годзе немцы прыгналі групу байцоў і сталі іх біць, затым звязалі ім рукі і павялі ў лес, праз некаторы час пачуўся крык, а затым аўтаматныя выстралы”. У акце прыводзяцца лічбы ахвяр па дадзеным сельсавеце: 55 мірных жыхароў і 50 ваеннапалонных. А таксама ўказваецца, што дадзены факт генацыду зафіксаваны актам сельскай камісіі і фотаздымкам магілы ваеннапалонных.
Станіслаў Валько, Чэрнюкевіч і Тарашкевіч пацвярджаюць факт жудаснага злачынства нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў над мірнымі жыхарамі в. Ятаўтавічы, якія ў лютым 1943 года былі спалены ў гумне. Па іх сведчанні сярод загінуўшых было 37 жанчын і 25 дзяцей.
Сведка Стаселовіч, жыхар Заберазскага сельсавета, паказаў, што ў пачатку жніўня 1943 года фашысты расстралялі 38 яўрэяў узростам ад 2 да 50 гадой. А пасля забойства ўчынілі здзек над мёртвымі целамі людзей. Ён жа прывёў жудасныя факты здзеку над чатырохгадовым Гр. Рыжэвіч і аднагадовай дзяўчынкай падчас расстрэлу жыхароў в.Юраўскія ў жніўні 1942 года. Яго словы пацвердзіў яшчэ адзін сведка — Вас. Супрановіч.
Па словах Вас. Рыжэвіча захопнікі ўчынілі страшнае забойства жыхароў в. Сябрынь. Еф. Боська перад расстрэлам катавалі, а затым на мёртвае цела бацькі кінулі ў агульную яму яго шасцярых дзетак узростам ад 6 месяцаў да 11 год. Прыводзяцца лічбы, што па Заберазскім сельсавеце было замучана і расстраляна 147 чалавек, з іх 44 – дзеці.

Сведка Барысевіч сцвярджае, што ў вёсках Матыкаўшчына і Верашчакі з 40 дамоў было забіта 29 чалавек. Сярод іх было 7 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, а астатнія — жанчыны і старыя. Факт забойства жыхароў в. Матыкаўшчына пацвярджае і сведка Кандратовіч.
Сярод дакументаў ёсць і пратакол допыту жыхара в.Косці Міхаіла Іванавіча Каладзінскага 1885 г.н. Ён сведчыць, што перад самым вызваленнем немцы расстралялі, а затым спалілі 25 жыхароў вёскі, сярод якіх было 13 дзяцей. Прыводзіць факт здзеку над мірнымі жыхарамі в. Косці, якіх застаўлялі браць сякеру і ісці ў лес, нібы па дровы, але як толькі яны заходзілі ў лес, іх адразу ж расстрэльвалі. У лесе між Юрацішкамі і Косцямі было забіта звыш 70-ці чалавек. Мужчын з в.Косці ганялі закапываць целы забітых, прычым акупанты сачылі за тым, каб забітых хавалі так, каб іх целы маглі дастаць звяры.
Немагчыма без слёз чытаць паказанні Пашкевіча, у якіх апісваецца здзек фашысцкіх нелюдзей над 16-гадовай дзяўчынай Емельяновіч і 15-гадовай жыхаркай в.Такарышкі.
У абагульненых звестках паказваецца, што падчас акупацыі ў Юрацішкоўскім раёне было расстраляна 1267 мірных жыхароў. Сярод іх 153 жанчыны, 110 дзяцей і 517 яўрэяў з Траб, якія былі дастаўлены ў Іўеўскае гета. Спалены 101 чалавек, з іх 41 жанчына і 25 дзяцей. Забіта, замучана 50 ваеннапалонных. Вывезены ў нямецкае рабства 432 мужчыны і 112 жанчын. Агульная колькасць ахвяр генацыду па раёне склала 1959 чалавек.
Прыведзеныя факты і лічбы — толькі частка прыкладаў, якія пераканаўча ілюструюць бесчалавечную сутнасць мэтанакіраванай палітыкі знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі беларускай нацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Марына ПАЗНЯК,
галоўны захавальнік фондаў
Іўеўскага музея
нацыянальных культур.






