Экономика

Мы родам з СССР. Разважанне на тэму ад Канстанціна Карнялюка

Ужо досыць працяглы час  мая свядомасць усё ніяк не можа вырашыць адну філасофскую праблему. Што  ж гэта пастаянна ўрыўкамі-імгненнямі ўсплывае з папярэдніх дзесяцігоддзяў –  усёпаглынаючая настальгія па мінуўшчыне,  невымерны боль па страчаным, адабраная казка салодкага маленства, якая назад ужо ніколі не вернецца, незабыўнае юнацтва з першымі сур’ёзнымі пачуццямі, якія напрыпачатку здаваліся, што на ўсё жыццё… Мусіць, усяго патроху прапісалася назаўжды  ў  галаве.  Аднак сэрца ўсё роўна  працягвае настойліва  ныць, душа балець, а памяць вяртацца назад!. Так, тыя  гады  фарміравання характару, яго загартоўкі, сталення  былі шматабяцаючымі і нават шчаслівымі, трава надзвычай зялёнай, а дрэвы Бацькаўшчыны такімі высокімі,  што  беглі прама  ў бяздоннае неба…  І ўсё ніяк не маглі спыніцца...

Калі факты ды  лічбы не сухія, а гаваркія…

Увесь папярэдні маналог   – як у люстэрцы,  пра яго вялікасць і магутнасць  СССР. Нездарма і сёння, у  ХХІ стагоддзі,  моладзь зноў палюбіла насіць сукенкі з абазначэннем гэтай  супердзяржавы, хоць там ніколі і не жыла.   Так, я таксама нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, інакш, мы ганарыліся,  – родам з СССР. Паспеў, як і амаль усе суайчыннікі,  уступіць у акцябраты, у піянеры, стаць камсамольцам, давялося нават пабыць старшынёй пярвічкі камсамольскай арганізацыі.  

Усе мы ганарыліся ў гады паўналецця  сярпастым і малаткастым савецкім пашпартам – сваім першым дакументам.  Школу мужнасці я прайшоў не завочна, служыў у Савецкай арміі ў 1986-88 гг. Наш батальён дыслацыраваўся ў Брэсце, і мы адпраўлялі савецкія ваенныя грузы з Польшчы і ГДР у многія гарады СССР – Расіі, Украіны, Грузіі, Узбекістана, Арменіі.  Праязджалі нават знакавае возера Байкал. Служылі ў нашай часці хлопцы з розных кропак Савецкага Саюза. У час службы і давялося адчуць і ўбачыць, што ж гэта такое — савецкі інтэрнацыяналізм, дзякуючы магутнасці якога нашы продкі і здолелі адолець фашыстаў у тыя 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай… Не забыць, як у 1986 годзе нас апаліла  і злое дыханне Чарнобыля – у наступным годзе адзначым  ужо 40-годдзе гэтай драматычнай даты…

Калі хто забыў ці не ведае, нагадаю:  дэвізам савецкіх  пакаленняў быў “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”, гімнам – “Інтэрнацыянал (1922-44). У  1944 — 91 гг.  на ўрачыстасцях нашы продкі і затым ужо мы чулі  “Дзяржаўны гімн СССР”. Плошча нашай дзяржавы  была 22 402 200 км², насельніцтва —  293 млн чалавек. Мае продкі зведалі розныя перыяды развіцця. 1921-28 гг. увайшлі як НЭП, 1928 — 41 гг. – як індустрыялізацыя і калектывізацыя, 1937-38 гг. – вялікі тэрор. 1939 – 45 гг. – час Другой сусветнай вайны. Сярэдзіна 1940-х гг. – пачатак халоднай вайны.  1945-53 гг. – псляваенны сталінізм. 1953-64 гг. – адліга. 1964 -87 гг. – перыяд застою. 1985 – 91 гг. – перабудова. 1988-1991 гг. – распад СССР.

СССР – дзяржава ў Еўразіі, існавала з 30 снежня 1922 года па 26 снежня 1991 года. Займала  2-е месца ў свеце па ўзроўні прамысловай вытворчасці – 16,5 сусветнага аб’ёму, і 7-е месца —  па ўзроўні нацыянальнага даходу (3,4%).  Гэта была велізарнейшая кантынентальная дзяржава ХХ стагоддзя. Пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай СССР стаў, канешне,  звышдзяржавай. Дарэчы, сярод 50 краін-заснавальнікаў ААН, побач з СССР былі і дзве саюзныя рэспублікі – Беларусь і Украіна.

Мы так любілі марыць…

Мы ўпарта, на зло ўсім  ворагам і недругам,  будавалі камунізм,  не ведаючы, што ж гэта такое. На дахах будынкаў віселі лозунгі: “Кожнай сям’і да 2000 года – асобную кватэру”.  Мы любілі марыць, наіўна думаючы,  што і грошы адменяць. 

Сваю айчынную  гісторыю мы акуратна і скрупулёзна канспектавалі. За сяместр канспектавалі   шмат агульных сшыткаў — з першакрыніц.  Асабліва шмат канспектавалі па прадмеце “Гісторыя КПСС”. Штудзіравалі работы Фрыдрыха Энгельса, Карла Маркса, Уладзіміра Леніна. Некаторыя нават зубрылі. Успамінаю, як аднагрупніца на іспыце па гісторыі КПСС працытавала словы па памяці і дадала: “Так сказаў Уладзімір Ленін ў томе 18, на старонцы 378…».

І звышдзяржавы не стала…

Аднак з-за нізкай эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, моцнай залежнасці ад цэн на энергарэсурсы, істотных расходаў на гонку ўзбраенняў, масавага дэфіцыту тавараў, міжнацыянальных супрацьлегласцей у 2-й палове 1980-х гг. у СССР адбыўся эканамічны і палітычны крызіс. Абвастрылася ўнутранае палітычнае супрацьстаянне. Спробы рэфармавання савецкай сістэмы — дэмакратызацыя, пераход да рыначнай эканомікі і шматпартыйнасці —  не маглі ўжо вырашыць шматлікіх супрацьлегласцяў. У 1988-91 гг. адбыўся шэраг заканадаўчых канфліктаў паміж Масквой  і саюзнымі рэспублікамі. Вынікі ўсіх гэтых падзей  і прывялі да распаду СССР. Апагеем жа супрацьстаяння путчыстам лічацца падзеі ля Белага дома ў Маскве. 26 снежня 1991 года Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў дэкларацыю пра спыненне існавання СССР.

Постсавецкая дзяржава

Пры СССР такога не было, —  любілі многія параўноўваць, асабліва ў першыя гады пасля распаду. Так што СССР яшчэ працяглы час заставаўся не толькі настальгіяй, але і ўзорам.  Але адыходзілі ў небыццё ветэраны, старэйшыя пакаленні. І пра СССР з кожным годам усё менш і менш гавораць. 

Сёння мы ўжо родам  з постсавецкай прасторы.  А прастора – яна, як дым ды туман, як вецер ды паветра… На жаль.

 

Канстанцін КАРНЯЛЮК.