Іўе – зямля сяброў, Іўе – зямля дароў… У першыню гімн нашага горада “Маці Айчына прагучаў 15 студзеня 2000 года на святочнай урачыстасці, прысвечанай 60-годдзю ўтварэння Іўеўскага раёна. Яго ўпершыню на сцэне Іўеўскага Дома культуры выканаў ансамбль “Мінскі гармонік” (мастацкі кіраўнік, аўтар музыкі і слоў Іван Раманчук), а саліраваў тады артыст-вакаліст заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Свята» Вячаслаў Статкевіч, цяпер уладальнік медаля Францыска Скарыны і мастацкі кіраўнік ансамбля. Зал стоячы вітаў удачу кампазітара. Ансамблю двойчы прыйшлося выконваць твор. Ён так запаў у душы гледачам.

Вячаслаў Статкевіч ўзгадаў нам пра круглую дату гімна. Больш таго, ён яшчэ дапісаў адзін куплет твора.

Цяпер у нашага гімна з’явіліся восем новых радкоў, якія трапна і цёпла характарызуюць працавітасць, гасціннасць, таленавітасць іўяўчан.
– Неяк разбіраў свой архіў і наткнуўся на газетны матэрыял “Іўеўскага краю”, дзе якраз ішла размова пра святкаванне 60-годдзя ўтварэння Іўеўскага раёна. Тады ўзгадалася, што мне было даручана ўпершныю выканаць гімн Іўя. Быў вельмі хвалюючы момант. Памятаю, як зала шчыра і гасцінна вітала нас, як не адпускалі са сцэны, як мы двойчы выконвалі прыгожы, меладычны твор, – дзеліцца сваімі ўспамінамі Вячаслаў Статкевіч.
Між іншым, ён і расказаў пра лёс аўтара слоў і музыкі Івана Раманчука. Ураджэнец Любаншчыны, педагог па адукацыі, ён больш дваццаці гадоў працаваў у сістэме адукацыі Беларусі. Быў дырэктарам Смілавіцкай школы-інтэрната для дзяцей з недахопамі равіцця, потым працаваў у Плешчаніцах, затым у Мінску ў школе для дзяцей з парушэннямі слыху, у дзіцячым аддзяленні памежных станаў 2-й дзіцячай бальніцы. У гэты час Іван Мікалаевіч пачаў займацца самадзейнасцю і неўзабаве стаў мастацкім кіраўніком народнага ансамбля песні і танца “Мінскі гармонік”. Аўтара слоў і музыкі гімна Іўю Івана Раманчука не стала ў кастрычніку 2018 года .
Мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Свята” Вячаслаў Статкевіч упэўнены што, адноўлены гімн прыйдзецца да спадобы іўяўчанам, а творчыя калектывы Іўеўшчыны з задавальненнем будуць выконваць твор падчас мерапрыемстваў.

«Маці Айчына» (гімн горада Іўе)
Муз. Івана Раманчука
Сл. Івана Раманчука і Вячаслава Статкевіча
Пасмы сівыя
Мілая іва
Звесіла чынна
Гасцінным шатром.
Роднае Іўе,
Любае Іўе –
Маці Айчына,
Светлы наш дом.
Іўе – зямля дароў,
Іўе – зямля сяброў,
Славутая на вякі,
Славутыя землякі.
Цэрквы, мячэці,
Пікі касцёлаў
Верай і праўдай
Яднаюць хаўрус.
Праз ліхалецці
Зорным суквеццем
Крочаць татарын,
Паляк, беларус.
Іўе – зямля дароў,
Іўе – зямля сяброў,
Славутая на вякі,
Славутыя землякі.
Горад узорны,
Край наш прасторны.
(Край памідорны,)
Дзе сустракаюць
Прыветна гасцей.
З кожнага сэрца
Музыка льецца.
Песні спяваюць.
Нам жыць весялей.
(новы куплет)
Іўе – зямля дароў,
Іўе – зямля сяброў,
Славутая на вякі,
Славутыя землякі.
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына БУТУРЛЯ.






