На хутары Брадоўка
Паміж хутарамі Кімейшаў і хутарамі Ліпніскія, пры лясной дарозе, стаяў адзіночны хутар, які меў афіцыйную назву Брадоўка. Да таго, як хутар быў уключаны ў склад вёскі Шчучы Бор, яго жыхарам у дакументах пісалі: месца нараджэння, або месца жыхарства – хутар Брадоўка.
Калісьці гэты багаты панскі хутар, дзе было шмат зямлі, уласны лес, сенажаць і вялікі драўляны дом з гаспадарчымі пабудовамі, купіў у мясцовага пана Аляксей Рыжэвіч, жыхар вёскі Бакшты. Ён ажаніўся з дзяўчынай з Бакштаў Марыяй і пераехаў жыць на хутар.
Сем’і раней былі вялікія. Дзеці раслі і з узростам станавіліся надзейнымі памочнікамі бацькоў па гаспадарцы. У Аляксея і Марыі было сямёра дзяцей – чатыры дачкі і тры сыны. Усе яны выраслі і пакінулі хутар, не ад’ехаўшы далёка ад бацькоўскай хаты. Старэйшая дачка выйшла замуж у вёску Астраўцы, Ганна – у Грабава, Вера – у Барсукі, Эмілія – у Баруцішкі.
Старэйшы сын Іван жыў з сям’ёй у суседняй вёсцы Гудзішкі. Малодшы Міхаіл – таксама ў Гудзішках. З бацькамі застаўся жыць сын Уладзімір, 1908 г.н. Пасля вяселля ён прывёз на хутар маладую жонку Лідзію Бараноўскую, 1914 г. н., з вёскі Рум, што на Валожыншчыне. Яе бацька Уладзімір быў паляўнічы, а маці Яўгенія была хатняй гаспадыняй і гадавала сямёра дзяцей.
Уладзімір Аляксеевіч і Лідзія Уладзіміраўна Рыжэвічы мелі трое дзяцей. Старэйшы сын Віктар рос у дзядулі і бабулі ў вёсцы Рум і там закончыў школу. Пасля набыў прафесію механіка ў тэхнікуме механізацыі і працаваў у калгасе імя Леніна ў Суражы механікам. Затым паехаў да радні Бараноўскіх ў горад Омск Расійскай Федэрацыі, закончыў ваеннае вучылішча і служыў афіцэрам у Омску.
Малодшы сын Уладзіміра і Лідзіі Міхаіл, 1947 г. н., на пенсіі, і па стану здароўя пражывае ў дачкі Марыны ў вёсцы Заберазь Бакштаўскага сельсавета.
Дачка Уладзіміра і Лідзіі Ніна, 1946 г. н., закончыла Даўнарскую сярэднюю школу. Пасля навучання ў Гродзенскім заатэхнікуме набыла прафесію заатэхніка. Тут пазнаёмілася з будучым мужам Пятром Пятніцай, з якім вучылася ў адной групе, па адной спецыяльнасці. Маладыя пажаніліся ў 1965 годзе і былі накіраваныя па размеркаванні ў калгас “Іскра” на Іўеўшчыну. Разам працавалі на малочнатаварнай ферме “Гудзішкі”.
Старшыня калгаса “Іскра” Пётр Іванавіч Асіпенка заўважыў дзелавыя і арганізатарскія здольнасці Ніны Уладзіміраўны Пятніцы і папрасіў яе ўзначаліць цэнтральную малочнатаварную ферму ў Даўнарах. Дойнае стада фермы налічвала 200 галоў, бычкоў і цялят на адкорме было 50 галоў, маладняка на дарошчванні – 50 галоў. Ферма трымала станоўчыя і стабільныя паказчыкі па надоях і прывагах. Але недасыпанняў і вымотвання нерваў загадчыцы фермы за 30 гадоў працы хапіла, як кажуць, пад завязку. Не ўсе работнікі фермы былі дысцыплінаваныя і адказныя. Бывалі выпадкі, калі Ніне Уладзіміраўне самой прыходзілася даіць кароў і пасвіць разам з галоўным заатэхнікам Ядвігай Канстанцінаўнай Лобач. Але усё гэта ўжо ў мінулым, тыя падзеі сталі гісторыяй.
За дасягнутыя поспехі ў галіне жывёлагадоўлі ў гаспадарцы, Ніна Уладзіміраўна Пятніца была адзначана нагрудным знакам “Ударнік камуністычнай працы” (1982 г.), медалём “За трудовое отличие” (1986 г.). Яе партрэт неаднаразова заносіўся на Дошку гонару перадавікоў раёна.

Муж Ніны Уладзіміраўны Пётр Фаміч працаваў загадчыкам фермы ў Гудзішках, а затым у будаўнічай брыгадзе калгаса.
Старэйшы іх сын Уладзімір працаваў шафёрам калгаса, а пасля далучэння калгаса “Іскра” да СУП “Лаздуны – Агра” працуе жывёлаводам на ферме “Даўнары”. Пражывае з сям’ёй у вёсцы Даўнары. Другі сын Сяргей таксама пражывае ў Даўнарах і працуе ў Бакштах токарам у ААТ “Мастадрэў”.
Сустрэчы, якія не забываюцца
На гэтым мы завяршаем віртуальнае падарожжа ў лясную вёску Шчучы Бор. Невялікая, але раскіданая хутарамі па лесе даўжыней 3 кіламетры, яна, дзякуючы цікавым жыццёвым лёсам і біяграфіям жыхароў, не згубілася на зямлі і ў часе, а, здаецца, раскінулася на тысячы кіламетраў туды, куды раз’ехаліся шчучаборцы і пакінулі свой адметны след, дзе засталіся жыць іх дзеці і ўнукі. І, як бачна, з гутарак і сустрэч з былымі жыхарамі вёскі, большасць іх былі і ёсць патрыётамі сваёй радзімы — Беларусі. І нават праз шмат гадоў вярнуліся на зямлю продкаў.

А з якім трапяткім пачуццём у сэрцах і любоўю прыязджаюць яны ў Шчучы Бор, на магілы дзядоў і бацькоў! Як адклікаюцца на званкі Валянціны Іванаўны Цыбульскай, якая ўжо двойчы арганізоўвала сустрэчы. Яны дружна прыехалі ў прызначаны дзень на сустрэчу сем’ямі з розных гарадоў і пасёлкаў Беларусі.
Першая такая сустрэча адбылася ў 2012 годзе за вёскай, на беразе рэчкі Бярэзіна, на скошаным, духмяным лузе. З’ехаліся больш 100 чалавек. На паляне былі імгненна пасланыя настольнікі, за якія селі госці. Частаваліся і напоямі, і дамашнімі стравамі. У той час яшчэ жылі некаторыя бацькі і прыйшлі на сустрэчу з дамашнімі дэлікатэсамі: каўбасамі, паляндвічкай, кумпячком, сваёй агароднінай і садавінай.
Гэта была цёплая сустрэча розных пакаленняў шчучаборцаў, дзе госці выступалі і падымалі тосты за вёску, за здароўе сваіх родных і блізкіх, успаміналі гады дзяцінства і юнацтва, родную пачатковую школу і настаўніка. Дзякавалі бацькоў за тое, што навучылі іх усяму, адправілі ў свет з вялікім багажом гаспадарскіх вясковых ведаў, навыкаў і працавітасці, мудрых парадаў. А потым разам спявалі песні, танцавалі.
Наступная сустрэча вяскоўцаў, на якую зноў сабралася больш 100 чалавек, адбылася ў 2022 годзе ў тым жа жывапісным месцы, на беразе Бярэзіны. Госці сядзелі за багатым сталом вялікім кругам. Зноў гучалі шчырыя тосты за вёску, словы ўдзячнасці дзядам і бацькам, якія перажылі цяжкія часы вайны, працавалі тут, на зямлі, і рабілі ўсё, каб забяспечыць лепшае жыццё сваім дзецям і ўнукам. На сустрэчы землякоў спявалі самадзейныя артысты з Лаздунаў і Бакштаў.


Хвалявала гасцей пытанне: што будзе далей з Шчучым Борам? Бо так хутка і бясследна знікаюць многія малыя палявыя вёскі, дзе няма лесу, рэчкі, возера. У гэтым плане Шчучаму Бору пашанцавала. Вядома, той вёскі, маладой і шматлюднай, з патрыярхальным укладам жыцця, ужо ніколі не будзе. Яе захаваюць новыя жыхары – дачнікі, якія любяць вясковую ідылію, адпачынак у цішы, сярод лесу, куды можна прыехаць на выхадныя ці водпуск з гарадоў і правесці тут сапраўдны адпачынак у паходах па грыбы і ягады, на рыбалку на раку Бярэзіна. І Шчучы Бор – выдатнае месца для такога адпачынку.

Тыя, хто адкупіў у Шчучым Бары хаты на дачы, будуюцца, вобразна кажучы, на вякі: рамантуюць дамы, будуюць бані, засаджваюць прысадамі і кветкамі двары, ставяць высокія агароджы ад лясных жывёл. І гэта сведчанне таго, што Шчучы Бор не знікне, як і іншыя прывабныя для адпачынку гараджан вёскі Іўеўшчыны.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.






