У рамках XXXII навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з навучэнцамі Іўеўскага каледжа сустрэліся беларускі паэт і журналіст Янка Лайкоў і беларускі гісторык, літаратар, публіцыст, літаратурны крытык Анатоль Трафімчык.

Госці каледжа расказалі вучням пра карані навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. На беларускай зямлі на працягу многіх стагоддзяў рэлігія і навука ішлі ў адзіным тандэме, абапіраючыся адна на адну. Пра гэта сведчыць і вывучэнне біяграфій Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Кірыла Тураўскага — усе яны ў сваей адукацыйнай дзейнасці заўсёды апіраліся на рэлігійныя творы.
У наш час традыцыі мінулага працягваюцца ўдзельнікамі экспедыцый “Дарога да святыняў”. Напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці прадстаўнікі культуры падзяліліся разважаннямі пра важнасць беларускай мовы, спадчыне нашых продкаў, якія не далі сцерці яе з гісторыі і перадалі сваім нашчадкам.
Прамоўцы адзначалі, што сучаснаму пакаленню неабходна развівацца не толькі фізічна, вылучаючыся сярод равеснікаў яркім адзеннем ці моднымі татуіроўкамі, але і інтэлектуальна і духоўна. Менавіта гэта вылучае чалавека на фоне іншых.

Янка Лайкоў і Анатоль Трафімчык прачыталі вершы беларускіх класікаў, а таксама падзяліліся з моладдзю ўласнымі творамі на беларускай мове.

— Мы з Янкам дзяржава і вы — дзяржава, мы ўсе – дзяржава. У нашых з вамі руках незалежнасць нашай краіны. Пішыце вершы. Пішыце прозу. Пішыце на беларускай мове і любіце родны край, — сказаў Анатоль Трафімчык .
Сустрэча была яркай і самабытнай, Янка Лайкоў і Анатоль Трафімчык пакінулі глыбокае ўражанне ў маладых людзей. Размова атрымалася лёгкай, з гумарам і выразнасцю. Выступаючыя знайшлі шлях да сэрцаў навучэнцаў.

У ходзе сустрэчы паэты падарылі бібліятэцы Іўеўскага каледжа цудоўныя кнігі, якія стануць выдатным дадаткам і памятным падарункам ад удзельнікаў навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая прайшла па дарогах Іўеўшчыны.

Вадзім Карповіч:

— Мне спадабалася выступленне беларускіх паэтаў. Мы не так часта бываем на такіх мерапрыемствах, і вершы на беларускай мове вельмі прыемна і лёгка гучаць, калі іх чытаюць прафесіяналы. У наш час мы ўсе часцей карыстаемся рускай мовай у зносінах, забываючыся пра тое, наколькі прыгожа можа гучаць беларуская мова. Асаблівае ўражанне на мяне зрабіў Анатоль Трафімчык, які з доляй гумару казаў пра важныя рэчы.
Саід Рызвановіч:

— Анатоль Трафімчык адзначыў важную рэч: навука і рэлігія ў гісторыі нашай краіны доўгі час былі звязаны. Беларускія асветнікі абапіраліся ў сваей працы на рэлігійныя тэксты, перакладалі іх у тым ліку і для беларускіх сялян, каб яны таксама маглі ўдзельнічаць у рэлігійных службах на родной мове. Сустрэча мела незвычайны характар, яе можна назваць неафіцыйнай. У мяне засталіся добрыя ўражанні.



Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Мацвей Шабановіч.






