Экономика

В проекте «Наша Победа! Моя история!» рассказываем о трагических страницах в истории юратишковской земли

Школьны музей у Юрацішкаўскай сярэдняй школе — гэта не проста сховішча экспанатаў. Гэта жывы арганізм, дзе кіпіць жыццё: праводзяць экскурсіі, даследаванні, па крупінках збіраюць інфармацыю аб родным краі і земляках.  І не дзіўна,  што крыху больш за год назад музею, адзінаму ў раёне, прысвоена званне народны. Між іншым, гэта дзякуючы вялікай працы па краязнаўству ў ваенны перыяд.

Кіраўнік народнага музея «Вытокі»  К. Кнутовіч праводзіць урокі па краязнаўству на падставе сабранага матэрыялу

Кіраўнік музея Кацярына Кнутовіч адзначае, што грунтавалася экспазіцыя на матэрыялах ваеннай тэматыкі. Самая вялікая экспазіцыя школьнага музея прысвечана гераічнаму подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай.

Вайна прыйшла на нашу зямлю 28 чэрвеня 1941 года. Вяліся жорсткія абарончыя баі 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіяй генерала К. М. Галіцкага, — распавядае Кацярына Кнутовіч. — На тэрыторыі раёна вялі барацьбу партызанскія брыгады “Наперад”, спецатрад “Слаўны”. Непасрэдна кіраўніком партызанскага руху ў Юрацішкаўскім раёне быў Баранавіцкі абкам партыі. У сакавіку 1944 года ў Юрацішкі прыбыў касцяк остмусульманскага палка — батальён у складзе 600 чалавек. Іх мясцовыя жыхары называлі “чорныя” не толькі з-за знешняга выгляду, але і з-за таго, што яны адносіліся да мясцовага насельніцтва з асаблівай жорсткасцю. 7 ліпеня 1944 года ў Юрацішкі каля 10 гадзін раніцы ўварваўся першы эскадрон 28-га кавалерыйскага палка 6-й гвардзейскай дывізіі кавалерыстаў, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза Я. Няўлюеў.

Ад страшных стогнаў людзі вар’яцелі…

Што ж расказваюць музейныя экспанаты і паліцы? 

Аб тым, што 29 чэрвеня 1941 года  на тэрыторыі пасёлка быў арганізаваны лагер для ваеннапалонных чыгуначнай дырэкцыі “Цэнтр” умяшчальнасцю 200 чалавек. За тры гады ў ім пабывала каля трох тысяч чалавек, галоўным чынам тутэйшых вяскоўцаў, ахвяраў гітлераўскага генацыду. 

Вось што ўспамінае 15-гадовы вязень таго лагера з вёскі Заберазь цяпер Эйгердаўскі с/с Віктар Сяргеевіч Кулеш, старэйшы з пяці дзяцей у бацькоў: 

“На досвітку 17 мая 1944 года карнікі правялі самую масавую аперацыю супраць мірнага насельніцтва. У ёй удзельнічала каля тысячы азвярэлых эсэсаўцаў з гарматамі, танкеткамі і 30 самалётамі з лідскага аэрадрома. 

Маю родную вёску акружылі “чорныя”, так звалі карнікаў з Сярэдняй Азіі. Не знайшоўшы партызанаў, сталі гвалтаваць жанчын. Затым усіх пагалоўна пагналі ў Юрацішкі. Ідучы па дарозе, мы бачылі наўкол чорныя клубы дыму. Гэта гарэлі Гірдушкі, Такарышкі, Кірвелі… Захопленых жыхароў катавалі страшэнна і расстрэльвалі. Калі нас прыгналі канваіры ў Юрацішкаўскі лагер, то там ужо былі многія сотні змучаных і маўклівых людзей, а новыя ўсё прыбывалі.

Як правіла, іх не трымалі больш як тры тыдні. За гэты час здольных працаваць адпраўлялі ў Германію. Выяўленых у сувязі з партызанамі амаль кожную ноч выводзілі на расстрэл. Трупы на месцы закопвалі. Найбольшыя ахвяры былі з Матыкаўшчыны, Крычнікаў, Куправіч, Даўнар, Такарышак, Кірвеляў, Папельнікаў, Баруцішак, Гудзенятаў. Допыты ішлі кожны дзень.

Нашай сям’і пашанцавала, бо мае бацькі, я і меншыя брат і сястрычкі стойка трымаліся на допытах, нікога не выдалі і не прызналіся ў сувязі з партызанамі. Праз  тры тыдні лагернага жыцця нас вызвалілі, і мы пайшлі да радні ў вёску Пунішчы, дзе дачакаліся 7 ліпеня 1944 года – дня вызвалення нашага раёна ад фашыстаў”.

Асобнае месца ў экспазіцыі належыць тым, хто вызваляў юрацішкаўскую зямлю

У лагеры давялося пабыць Пятру Філіпавічу Буклісу разам з сястрой і цёткай з вёскі Шчучы Бор. На той час яму было ўсяго 11 гадоў. Вось што ён успамінае: 

“Супраць нашага засека у засеку без дзвярэй стаялі прыкаваныя ланцугом да сцяны два партызаны, да якіх бесперапынна прыходзілі гестапаўцы.

Адзін з іх прыносіў з сабой чорную сумку з наборам інструментаў для катавання. Фашысты даставалі пласкагубцы, з дапамогай якіх вязням сціскалі рукі і ногі. Ад страшных стогнаў людзі вар’яцелі.

Было многа жанчын з малымі дзецьмі. Кожную раніцу вязняў вадзілі мыцца да ручая. Затым з’яўлялася сярод двара двухколавая павозка. Да яе выцягвалася чарга людзей з кацялкамі ад кансервавых банак, у якія налівалі кіпяток. Пасля раздачы вязні абавязаны былі вярнуцца ў гумно, дзе і выпівалі сваю порцыю. Днём на тэрыторыю двара прыязджала тая ж павозка, але ўжо з супам-баландой, якая варылася з сушанай бручкі і зерня жыта ці ячменю з аўсом, што было горшым варыянтам: пры ядзе шалупінне аўса ці ячменю засядала ў гартані, вызываючы ваніты, за што ахоўнік біў палкай па спіне. Але поліўка з’ядалася імгненна. Вечарам давалі хлеб, спечаны з прымессю драўляных  апілак. Дзяліць яго было складана — хлеб крышыўся.

 Над галоднымі ўчынялі здзекі. Выносілі і ставілі пасярэдзіне двара стол, накрыты белым абрусам. Ставілі стравы з нарэзанымі скібкамі белага хлеба, бляшанку з мяснымі кансервамі і, не спяшаючыся, пачыналі яе ўскрываць. Выгнаўшы на шпацыр вязняў, застаўлялі іх назіраць за трапезай, пры гэтым дзяцей падштурхоўвалі бліжзй да стала. І тады гестапаўцы відэльцамі даставалі кускі мяса з бляшанкі… Адзін хлопчык не ўтрымаўся, падбег да стала, схапіў лустачку хлеба. Ахоўнік не памяшаў занесці яму хлеб у натоўп. Але як толькі хлопчык аказаўся сярод галодных дзяцей, тыя з крыкамі сталі адбіраць у яго хлеб. Фашысты моцна рагаталі. Затым, збіваючы палкамі дарослых і дзяцей, загналі ў гумно”.

З успамінаў Яніны Міхайлаўны 

Кандратовіч:

“У 1944 годзе мяне і яшчэ 7 маладых юнакоў і дзяўчат забралі фашысты з вёскі Косці і перавялі ў Юрацішкі. Трымалі больш тыдня, хацелі вывезці ў Германію. Насупраць царквы стаяла гумно, там нас трымалі.

А маю сям’ю — маму, тату, брата Эдварда, сястру Гэлену і бабулю Марыю – спалілі жывымі. Не ведаю, чаму, але нас адпусцілі, напэўна, не паспелі здзейсніць сваіх планаў. Я пабегла дахаты, пра трагедыю яшчэ не ведала, не пераказаць той жах, які мяне ахапіў, як я ўбачыла папялішча. Двое сутак прасядзела на папялішчы. Было мне толькі 14 гадоў. Жыла па людзях.”

Завялі ў поле і расстралялі

Эсэсаўцы збеглі з Юрацішак 4 ліпеня 1944 года, баронячы сябе ад помсты з боку Чырвонай арміі, якая хутка наступала. Перад тым апошніх вязняў з многімі дзецьмі гітлераўскія паслугачы, не зважаючы на маленне і просьбы пакінуць ім жыццё, адвялі ў поле каля вёскі Косці і расстралялі…

Газета «Красноармеец» выдавалася амаль з першых дзён вайны на тэрыторыі Юрацішкаўскага раёна

З успамінаў 

Антаніны Рыгораўны Мірончык, 

жыхаркі вёскі Куправічы:

“Раніцай 5 мая 1944 года немцы ішлі ў бок вёскі Кірвелі. Шлях іх ляжаў праз вёску Матыкаўшчына. Фашысты пыталіся ў кожнай хаце пра партызанаў, але ніхто з вяскоўцаў нічога ім не сказаў. Праз некалькі кіламетраў фашысты натрапілі на партызанскія акопы. Пачаўся бой, у выніку якога немцы вымушаны былі адступаць. Фашысты вырашылі адпомсціць жыхарам вёскі Матыкаўшчына за тое, што яны не паведамілі пра партызан. 

Усіх вяскоўцаў выгналі з хат і заставілі ісці ў Юрацішкі. Людзі плакалі, прасіліся, але фашысты нікога не хацелі слухаць, крычалі і білі. У Кайрыс Соф’і было двое маленькіх дзяцей – Вася і Віця (5 год і 3-х гадкоў). Яны вельмі плакалі. А сама маці была вельмі хворай, што не магла несці свайго малодшага сынка. Дапамагала несці яе сястра, якая прыйшла наведаць Соф’ю з Куправіч. Ішлі праз вёску Верашчакі. Людзі выносілі дзецям хлеб, малако, хоць немцы не дазвалялі. Калі прайшлі Верашчакі, то заўважылі над лесам дым. Усе зразумелі, што гэта гарыць вёска Матыкаўшчына.

У Юрацішках людзей раздзялілі. Па аднаму чалавеку з сям’і пакінулі ў Юрацішках, а астатніх павялі ў Косці і сагналі ў гумно. Раніцай 6 мая мужчын заставілі капаць яму. А пасля пачалося неверагоднае. Ставілі людзей па чарзе да ямы і стралялі. Два хлапчукі вельмі прасіліся, каб іх не забівалі. Але адзін фашыст усё-такі забіў і малых хлапчукоў, за што яму павязалі чорны гальштук. 

Яма не змагла ўмясціць у сабе усіх забітых людзей. Атрымалася цэлая гара забітых і раненых. Так і прысыпалі зямлёй. Ніхто не мог нічым дапамагчы. Зямля шавялілася. Толькі, калі немцы пайшлі, жыхары вёскі Косці прысыпалі свежую магілу яшчэ больш зямлёй. Жывых там ужо не было…

Пасля вызвалення Юрацішак родныя шукалі ў магіле сваіх, пазнавалі па адзенні. Кожны год на свята Юр’я, 6 мая, збіраліся ля магілкі і плакалі. Толькі ў 1968 годзе на магіле ахвяр фашызму быў пастаўлены помнік у вёсцы Косці».

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Ірына Бутурля.

Станіслаў Зянкевіч (фота).