Экономика

Не кажы «гоц»… Жыццёвая прытча Галіны Нічыпаровіч

Грошай, мусіць, колькі б не было, а ўсё роўна, здаецца, мала, бо і тое, кроў з носу, трэба купіць, і на гэта патраціцца. Ды яшчэ ж і вока зайздроснае: шмат чаго хочацца на іншых гледзячы… Вось і круцяцца людзі, вось і  зарабляюць, хто як можа. Адны вяскоўцы плантацыю клубніц саджаюць, каб потым няньчыцца ўвесь час, бо трэба ж і паліць, і падкарміць, і ўратаваць ад птушак… А не ўпільнаваў, страціў ўраджай, – значыць, плакалі грошы…   

Другія на бульбачку спадзяюцца. Пасадзяць раннюю пад спанбонд, а потым калоцяцца: каб жа хутчэй узышла, каб замаразкі не ўдарылі, каб жукі не з′елі… А ўрэшце – каму б яе прадаць? Бо трэба ж, каб з выгадай.

Мая прыяцелька Зінка вырашыла ісці сваім шляхам. Што, маўляў, тыя клубніцы, ці бульба? Работы – з галавой, а грошай – так сабе, кот наплакаў… Куды больш надзейна будзе, ды і даход не параўнаць, — пусціць свінаматку. Глядзіш, праз пэўны час парасяткі з′явяцца, за іх потым грошы, ды якія! Будзе што ў кішэню пакласці, прычым – без вялікіх затрат: ну трохі лепш хаўронню пакарміць, часцей катух ачысціць… «Спраўлюся, – думала Зінка, – усё ў мяне атрымаецца».

І сапраўды, жнівень на двары, а ў хляве ў яе поўная ідылія. Гаспадыня не нарадуецца. Як па заказе дванаццаць парасятак: шэсць парсючкоў, шэсць свіначак – зручна прадаваць паркамі…

І свінаматка разумная-разумная (ну проста як сама гаспадыня!): лычом парасятак убок адсуне, нешта ім па-свойму, па-свінску «скажа», – яны і адбягуцца, чакаюць. А сама памаленьку ўкленчыць, азірнецца, каб каго з малых не прыціснуць, і тады толькі ляжа. Малыя ў радок пры ёй і давай жывіцца… Карціна маслам, як той казаў: глядзеў бы і глядзеў, каб іншых спраў не было ды не карцела пахваліцца. Сама сабе рахункуе. Шэсць парак, ды па дзвесце тысяч кожная, гэта ж больш за мільён (тады нашы грошы яшчэ з нулямі былі), а за яго ўжо…

На ўсе патрэбы ў Зінкі, можна сказаць, пальцаў не хапала: новую канапу хацела купіць, цэменту, каб у двары дарожку заліць, а то сцежка ў дождж раскісае, не прайсці,  дачцэ абяцала капейку падкінуць, (унучка ў горадзе вучыцца)… Рахунак зроблены, засталося чакаць… 

Але ж людзі праўду кажуць: хочаш пасмяшыць Бога, давер яму свае планы. У Зінкі так і атрымалася.

Тая раніца будзе да скону ў вачах стаяць: адчыніла дзверы хлява, а яе парасяткі – беленькія, як памытыя, радком ляжаць, выцягнуўшы ножкі і… не дыхаюць. Мёртвыя! Усе! І трэсла іх, і ў вушкі дзьмула… Глянула на свінку, а ў тае слёзы, як боб з вачэй, так і коцяцца, так і коцяцца.

Як не звар′яцела жанчына. Здавалася, вось яны, грошы, амаль што ў кішэні… былі.   

… З таго дня маўчыць: калі і мае нейкія планы, то пра іх ні-ні. Іншых таксама не слухае – на паўслове спыняе: маўляў, не смяшы Бога, не кажы «гоц», пакуль не пераскочыш.

Нехта скажа, што яна, гэта гісторыя, сумная. І сапраўды. Асабліва для маёй сяброўкі. На жаль, як ні дзіўна, нават у такой сітуацыі, некаторыя знаходзяць станоўчыя эмоцыі для сваёй душы. А чужая душа – поцемкі. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.