
Яшчэ з вечара імжыў дробны дождж, а бліжэй да світання падмарозіла. Антось апрануўся цяплей, узяў кашэль з вечкам і падаўся ў бок ракі, дзе надвячоркам закінуў шнуры. У той пасляваенны час рыба была добрай падмогай для іх вялікай сям′і.
Ідучы лугам, звярнуў увагу на купіну, якая… варушылася. Наблізіўшыся, Антось зразумеў: за купіну ён прыняў птушку.
Гэта была кнігаўка. Гняздо ў лажбінцы заліло за ноч дажджом. Птушка прымерзла да травы і не магла крануцца з месца. Пакінуць яе ў бядзе Антось не мог. Нічога не заставалася, як вярнуцца з ёй дамоў.
Агледзеўшы кнігаўку дома, зразумеў, што дапамога ў лячэнні не патрэбная. Адагрэўшыся ў цяпле, птушка запрасілася на волю, а калі яе адчула, узнялася ўвысь, зрабіўшы на развітанне некалькі кругоў над падвор′ем.
Пра гэты выпадак, мабыць, і забыліся б, але праз пэўны час здарылася штосьці неверагоднае.
Цёмная хмара насоўвалася на вёску. Сполахі маланкі рэзалі неба без перапынку. Раптам ад яе разраду ўспыхнула саламяная страха пабудовы за нейкіх дваццаць крокаў ад Антосевай хаты.
…І ў той мітусні людзі не адразу звярнулі ўвагу на птушку, якая з крыкам насілася то над Антосевай хатай, то кідалася ў бок полымя. Яе «кі-гі», «кі-гі» рвала паветра, наводзячы яшчэ большы жах. Зрабіўшы апошні круг, птушка знікла ў процілеглым напрамку ад Антосевай хаты. Узняўся шквалісты вецер, які павярнуў агонь у той бок, куды знікла кнігаўка, а на зямлю абрынуўся суцэльнай сцяной лівень, які дапамог затушыць агонь.
Містыка, але кожны, хто ў той момант знаходзіўся на пажары, быў упэўнены, што толькі дзякуючы птушцы, Антосевай сям′і ўдалося пазбегнуць страшэннай бяды.
Так гэта ці не, засталося загадкай.
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.






