Аб тым, як пачалася Вялікая Айчынная вайна на іўеўскай зямлі, расказвае галоўны захавальнік фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур Марына Пазняк.

— 22 чэрвеня 1941 года… На ўсё жыццё застаўся ў памяці тых, хто зведаў жах вайны.
Апоўдні над Іўем з’явілася некалькі нямецкіх самалётаў-разведчыкаў. Яны кружыліся, не звяртаючы ўвагі на агонь супрацьпаветранай артылерыі. Людзі ў паніцы пачалі пакідаць пасёлак. А на наступны дзень пачалося пекла. Удзень самалёты з кулямётаў абстрэльвалі пасёлак, а вечарам пасыпаліся бомбы. Гарэлі дамы, гінулі людзі. Медработнікі суткамі дзяжурылі ў шпіталі. Так пачалася вайна на нашай іўеўскай зямлі. Тады ніхто нават не мог уявіць сабе, што ўперадзе яшчэ 1104 доўгія дні жахлівай і жорсткай вайны, якая падзяліла жыццё на дзве часткі: “да” і “пасля”.
Якраз напярэдадні вайны ў Іўі пачалося фарміраванне 209-й мотастралковай дывізіі 17-га механізаванага корпуса. Размяшчалася яна ля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла. Аднак яе фарміраванне не было завершана, і яна вымушана была адступіць у напрамку г.п. Мір. Па пасёлку папоўз слых, што не сёння-заўтра прыйдуць фашысты.
У гэты ж самы дзень 24-я Самара-Ульянаўская Жалезная стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Кузьмы Мікітавіча Галіцкага, якая ўваходзіла ў склад 21-га стралковага корпуса 13-й арміі і дыслацыравалася ля Маладзечна, атрымала загад рушыць ў бок Ліды. Але, улічваючы абставіны, камандзір прымае рашэнне рушыць па маршруце Валожын – Букатна – Юрацішкі. У 7 гадзін раніцы 24 чэрвеня ўсе часці дывізіі былі ўжо ў сваіх раёнах. Штаб размясціўся ў лесе на ўсход ад Юрацішак.
З 25 да 29 чэрвеня воіны 24-й Самара-Ульянаўскай дывізіі на іўеўскай зямлі вялі жорсткія баі з пераўзыходзячымі сіламі 19-й нямецкай танкавай дывізіі. Асабліва ўпартыя баі ішлі каля вёсак Суботнікі, Трабы, Сурвілішкі. Савецкія воіны падбілі больш 100 танкаў, 8 самалётаў, знішчылі многа іншай варожай тэхнікі і жывой сілы праціўніка. Атрымаўшы загад, 24-я дывізія праз Налібокскую пушчу адышла на ўсход.
А вось як узгадваў аб пачатку вайны ў Іўі ўдзельнік Вялікай Айчыннай Міхаіл Аляксеевіч Сіманаў, чырвонаармеец 5-га аўтамабільнага батальёна 209-й мотастралковай дывізіі: “Ніколі не забуду 22 чэрвеня 1941 года. Мы жылі ў казарме. Раптам раніцай памяшканне ўскаланулася ад страшнага грукату. Нічога не разумеючы, мы выскачылі на вуліцу. У небе над Іўем кружылі некалькі самалётаў. Яны па чарзе пікіравалі на пасёлак і скідвалі бомбы на дамы. Па вуліцах у паніцы бегалі людзі, дзе-нідзе гарэлі дамы. Мы зразумелі, што гэта вайна.”

29 чэрвеня нямецкія войскі ўступілі ў Іўе і Юрацішкі. Тры гады акупацыі неслі з сабой зняволенне, рабаванне, здзек, голад і смерць. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму ўзмацняла нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падымала беларускі народ на барацьбу за свой дом, сваю сям’ю, сваю зямлю і за сваю волю.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






