
У мінулую суботу палацава-паркавы комплекс у Жамыслаўлі стаў засяроджаннем любові да гісторыі і культуры Іўеўшчыны і Беларусі ўвогуле. Тут прайшло знакавае свята для раёна — фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх».
Па добрай традыцыі віталі гасцей магнаты, якія ў свой час паўплывалі на лёс нашага краю на чале з гаспадарамі свята — Уладзіславам і Янінай Умястоўскімі. Далучыліся да ажыўшых герояў з гісторыі іўеўскага краю і паны зямель бердаўскіх — Аляксандр Дэмбавецкі з жонкай Марыяй.








Кранула сэрцы прысутных прывітальнае слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Філон. З хваляваннем і ўласцівай ёй шчырасцю Валянціна Станіславаўна звярнулася да гасцей мерапрыемства:

— Багатая і прыгожая наша зямля! Багатая яна не толькі краявідамі, але і людзьмі. На гэтай жамыслаўльскай зямлі жывуць людзі працавітыя, якія любяць родныя мясціны.
Усе мы глядзелі фільм “Доўгая дарога ў дзюнах”, дзе адзін з галоўных герояў казаў, што для поўнага шчасця чалавеку неабходны толькі дзве рэчы: каханне і Радзіма. Наша задача — прымножыць яе багацці. Выхоўваць дзяцей і ўнукаў патрыётамі, каб яны бераглі ўсё тое, што беражом і мы з вамі. Я жадаю вам радасці і прыгажосці, міру і дабрыні, утульнасці ў кожны дом, кожную сям’ю, кожнае сэрца…
Няхай заззяе зорка!
Старшыня Суботніцкага сельвыканкама Уладзімір Трафімчык расказаў гасцям брэндавага свята аб аднаўленні архітэктурнага ансамбля.

— Мне прыемна бачыць, што з кожным годам гэтае месца становіцца больш добраўпарадкаваным і прываблі-вае турыстаў з розных куткоў Беларусі, якія прыязджаюць, каб дакрануцца да гісторыі, звязанай з родам Умястоўскіх.
Людзі часта запытваюць, калі заззяе гэтая жамчужына? Адкажу: усё рухаецца наперад! Адзін з будынкаў аднаўляецца практычна з нуля, будуецца прыгожая гасцініца. Зацверджаны праект рэканструкцыі сядзібы. У нашу агульную мару ўладальнікам сядзібы ўкладзены вялікія грошы, а на поўнае аднаўленне комплексу неабходна больш за 5-6 млн. еўра. Наперадзе шмат работы. Але, будзем спадзявацца, у хуткім часе гэтая зорка — палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх — засвеціць для ўсіх нас!
Верыць у поспех рэалізацыі праекта па аднаўленні сядзібы Умястоўскіх і яе цяперашні ўладальнік Міхаіл Глінскі. Менавіта ён і займаецца аднаўленнем гэтага гіста-рычнага месца. Звяртаючыся да гасцей свята, ён сказаў такія словы:

— Фестываль існуе ўжо сем гадоў, і з кожным годам ён набірае моц, прыгажосць, сілу, прываблівае ўсё больш людзей. Гэта вельмі прыемна і вельмі абавязвае. Я не лічу сябе ўладальнікам сядзібы. Усе, хто працуюць над аднаўленнем комплексу, — давераныя асобы. Нам даверылі аднавіць гэтую прыгажосць. Не да ўсяго, што мы робім, сёння можна дакрануцца рукамі або ўбачыць на свае вочы. Але, насамрэч, мы займаемся шматлікімі важнымі справамі.

На жаль, нядаўна мы страцілі ўнікальны батанічны помнік прыроды – аўкубалістны пенсіль-ванскі ясень, вострапёрае лісце якога нагадвала аўкубу японскую. Дрэва 130 гадоў расло на тэрыторыі комплексу. Рэдкая для Беларусі форма ясеня была ўзята пад ахову дзяржавы яшчэ ў 1972 годзе. Помнік прыроды перажыў дзве сусветныя вайны, але не выстаяў перад ураганам у жніўні 2024 года.
Такі ясень ў Беларусі застаўся ў адзіным экзэмпляры — у батанічным садзе. Па словах Міхаіла Афанасьевіча, зараз спецыяльна для Жамыслаўскай сядзібы ў прабірцы вырошчваюць дрэва гэтай жа каштоўнай дэкаратыўнай пароды. Ён марыць, каб рэдкая расліна, зноў высаджаная тут, стала сімвалам адраджэння, новага шчаслівага пачатку для радавога гнязда Умястоўскіх, які будзе яшчэ адным яркім турыстычным аб’ектам Гродзеншчыны.

Калі ты дома…
Вялікі і магутны парк, прыгожы палац, неверагодная водная роўнядзь і глыбокая гісторыя даўжынёй у некалькі соцень гадоў — гэта тыя прычыны, якія прывабліваюць сюды турыстаў, нягледзячы на тое, што палац толькі пачынае аднаўляцца…
А зусім недалёка ад гэтага гістарычнага месца – рукой падаць – жывуць людзі. Яны не графы і не графіні, але гэта людзі, як сказала Валянціна Філон, багатыя, і гэта іх малая радзіма. Менавіта рукамі мясцовых сялян, іх продкаў, старанных, працавітых, сотні гадоў апрацоўваецца зямля, пячэцца хлеб, наводзіцца парадак.
З нагоды свята і Года добраўпарадкавання падзякавалі жыхарам, якія аддаюць свае сілы, здольнасці і намаганні на росквіт і дабрабыт жамыслаўльскага краю. За значны ўклад у добраўпарадкаванне аграгарадка старшыня Суботніцкага сельвыканкама Уладзімір Трафімчык уручыў падзякі Віктару Петрашэвічу, Юрыю Жульпа, Валерыю Клусу, Анатолю Жалтко, Алегу Перхальскаму, Васілю Кулікоўскаму, Анатолю Халупка.

Каб не згасла жыццё на зямлі і справы нашых продкаў жылі, гаспадары свята пасадзілі “Дрэва жыцця” – маладзенькі ясень.



Чорна-белыя крылы
Падчас мерапрыемства пашчасціла пазнаёміцца з дзяўчатамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да праекта па развіццю сядзібы Умястоўскіх як унікальнага турыстычнага аб’екта краіны.
— У гэтым годзе ў нас узнікла ідэя вырабіць фірмовы мерч. Прыгожыя выявы на сувенірах распрацавала мастачка Людміла Каюкова, — расказвае кіраўнік праекта па турызму Алеся Гурская. — У нас прадстаўлена шматлікая прадукцыя. Напрыклад, на адным з шопераў выяўлена кафля з сядзібы знакамітай фірмы “Вілеруа і Бох”. Мне здаецца, гэта выглядае вельмі густоўна.

Сусветна вядомая керамічная фабрыка “Вілеруа і Бох” была ўтворана як сямейнае прадпрыемства ў далёкім 1748 годзе. Дарэчы, яна працуе і сёння.
Акрамя шопераў, сярод прадукцыі таксама нататнікі і ручкі, паштоўкі, магніты, футболкі, кубкі, сцікеры.
Адзін з самых хадавых малюнкаў мерча — палац з бусламі. Гэтую выяву выбралі падпішчыкі афіцыйнага інстаграм-акаунта сядзібы Умястоўскіх.

Па словах мастачкі Людмілы Каюковай, такім яна ўпершыню ўбачыла палац — з бусламі, якія вольна блукалі па тэрыторыі. Менавіта гэты вобраз паслужыў натхненнем.
На тэррыторыі комлексу зараз даступны экскурсіі, квэст, рыбалка, фотасесіі і арганізацыя тэматычных вечарын. Можно пакатацца на катамаранах, катэры, сап-бордах. Прадэгусціравать ліпавую гарбату, мед, графскую юшку.

Мелодыі старажытнага парку
Не бывае святаў без хвалюючай сэрца музыкі!

Добрай традыцыяй фэста стала выкананне «Жамыслаўльскага вальса» — гімна жамыслаўльскай зямлі. Упрыгожыла фэст дэфіле ў народных касцюмах з саламянымі капялюшамі.
Святочны настрой гасцям стваралі таленавітыя іўеўскія артысты: вакальная група «Вікенд», народны вакальны квартэт «Вакаліз», салісты і калектывы ўстаноў культуры раёна.




Запрошанымі артыстамі сёлета сталі фальклорны ансамбль песні «Уладары» з Ваўкавыска, а таксама сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі-калыскі” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.



І маленькім, і дарослым гасцям Жамыслаўля быў занятак. Працавалі атракцыёны, гандлёвыя палаткі. Можна было даведацца гісторыю свята, разгледзець прадметы творчасці народных майстроў, набыць сувенірную прадукцыю, прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі.
У кожнага была магчымасць адведаць духмяную юшку, а таксама набыць графскі пірог па старынным рэцэпце Умястоўскіх, які аднавілі Андрэй і Таццяна Мястоўскія, а прыгатавала Іна Лобач, гаспадыня пякарні “Сапраўдны смак”.



Завяршыўся фэст святочным феерверкам, пад якім заззяла непаўторная жамчужына зямлі іўеўскай — палац Умястоўскіх.
Прывіды сядзібы
Калі вывучаеш фамільнае дрэва Умястоўскіх, нібы чытаеш цікавы гістарычны раман. Па-сапраўднаму захоплівае дух! Здаецца, сярод дрэў, якія выгадавалі дзясяткі жыццёвых кольцаў, паказваюцца ледзь прыкметныя цені людзей, якія калісьці тут жылі.
Умястоўскія — гэта працавітасць, майстэрства, творчасць, глыбокае каханне і, на жаль, трагічныя павароты лёсу. Пачуцці і падзеі, поспех і роспач…
Больш падрабязна аб гэтым чытайце ў наступным выпуску турыстычнага праекта.








Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Рыта Рэй.
Фота Мацвея Шабановіча.






