Экономика

Салдат вайны Міхаіл Уладзіміравіч Аўдзевіч у праекце “Родны герой”

Ужо зусім хутка мы адсвяткуем васьмідзесяцігоддзе Перамогі над фашызмам. У жывых засталіся лічаныя, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля таго, каб сёння было чыстым неба, каб мы, пасляваенныя пакаленні, не адчулі жудаснага страху ваеннага ліхалецця. Тыя, што прайшлі дарогамі вайны,  не любілі гаварыць пра гэта, бо балюча было  за сяброў, якія навечна засталіся на палях баёў. Цяпер, з вышыні пражытых мною гадоў, я вельмі шкадую, што была не настойлівай у размовах з татам на гэтую тэму.

Мой тата Міхаіл Уладзіміравіч Аўдзевіч нарадзіўся ў 1916 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Шасцёра дзяцей, сям’я не заможная і, каб пракарміцца, трэба было многа працаваць. Нават у лес за грыбамі і ягадамі хадзілі баючыся. На гэта павінен быў быць дазвол. Выручала рэчка Бярэзіна, якая працякала побач з вёскай Бакунова, дзе нарадзіўся тата. Часам  рыба была і на абед, і на вячэру. Тата ўсё жыццё любіў рыбачыць.

Час ляцеў. Мяняўся ўклад жыцця. Службу тата праходзіў у польскай арміі. З мамай пажаніліся на пачатку вайны. Сямейнае жыццё ладзілі ў вёсцы Грабава, адкуль родам была мама.

Тры гады давялося жыць на акупіраванай тэрыторыі.  Часта ў Грабава наведваліся немцы, але людзі чым маглі дапамагалі партызанам. Перадавалі ежу і адзенне, асцерагаючыся пры гэтым  немцаў, а яшчэ горш — паліцаяў, бо за сувязь з партызанамі каралі жорстка, а ў сям′і падрасталі два сыны. У адзін з дзён тата паехаў праведаць свайго брата Васіля, а да яго на адпачынак заехалі партызаны. Завялі коней у хлеў, а самі селі паесці на другой палове хаты, за перагародкай. Каля іх круціліся і дзеці дзядзькі. І трэба ж было так атрымацца, што менавіта ў гэты час у хату зайшлі немцы (непадалёку быў гарнізон). Цётка Ганна стаяла каля печы. Можна толькі здагадацца, што перажыла ў тую хвіліну жанчына. За перагародкай партызаны і яе сям′я, а побач ─ немцы. Але ўсё абышлося. Забраўшы са стала бохан хлеба, гяргечучы паміж сабой, немцы пайшлі з хаты. Ад смерці аддзяляла ўсяго толькі тонкая перагародка…

Толькі ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, тата трапіў на фронт, але на яго долю выпала столькі выпрабаванняў, што некаторым не давялося пазнаць за ўсю вайну. Разам з родным братам Васілём яны ваявалі ў адной кулямётнай роце 75-й гвардзейскай двойчы Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі 1-га Беларускага фронту. Нават ляжалі за адным кулямётам пры наступленнях і пераправе на рацэ Вісла.  

Удзельнічаў тата ў баях пры вызваленні Варшавы, Скерневіце, Ловічэ, Лабішына, Бромберга, Крэйца, іншых гарадоў і населеных пунктаў, за што быў узнагароджаны медалём «За освобождение Варшавы». Калі ж у адным з баёў снарад трапіў у кулямёт, то раскіданыя ў бакі, прысыпаныя зямлёй, але жывыя, браты вырашылі больш не выпрабоўваць лёс, раздзяліцца, бо другога такога “шчаслівага” выпадку магло і не здарыцца.

На фотаздымку чатыры браты злева направа: Аляксей, тата (Міхаіл), Сяргей, Васіль.

19 лютага 1945 года каля польскай вёскі Зелянцін тату цяжка параніла. Мясцовасць прастрэльвалася немцамі. Медсястрычка перавязала яго і паказала,  у якім напрамку паўзці да санчасці, калі яшчэ ёсць сілы. Каб застацца ў жывых і не трапіць у палон, тата як шчытом прыкрыўся мёртвым фрыцам, узваліўшы яго сабе на плечы. Так і поўз з перадышкамі. Была аперацыя, адзін за другім мяняліся шпіталі. Набліжаўся канец вайны. Да  апошніх дзён жыцця таты  напамінам пра той бой была пакалечаная нага.

 8 мая 1945 года пры пераправе цераз раку Одэр сустрэліся з саюзнікамі і даведаліся аб  заканчэнні вайны. Толькі разам з добрай весткай, з пісьма, якое тата атрымаў з дому, прыйшла і горкая навіна – памёр  маленькі сын. Горыч страты душыла слязамі бывалага салдата. На вайне паміж баямі тата вёў кароценькія запісы ў блакноце,  і калі я іх чытаю, то мурашкі бягуць па скуры, і я разумею, чаму ўспаміны аб вайне прычынялі яму  боль, наганялі сум.

 Яшчэ тата быў узнагароджаны медалямі «За отвагу», «За взятие Берлина», «За Победу над Германией», падзякамі за выдатныя баявыя дзеянні. 14 сакавіка 1985 года узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені.

У пасляваенныя гады сплаўляў лес, а пасля ўладкаваўся лесніком у Іўеўскім лясніцтве, дзе і працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. За выдатную працу быў узнагароджаны граматамі і падзякамі. 

Мы, дзеці, унукі, праўнукі, а цяпер ужо і прапраўнукі ўдзячныя кожнаму салдату за мірнае квітнеючае жыццё, нізка кланяемся жывым сведкам вайны, помнім тых, каго ўжо няма з намі, і помнім кожнага трэцяга, з тых, што палеглі на полі бітвы. Пакуль мы помнім, яны жывыя.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ,

Уздзенскі раён.