
Фіналам праекта “Зямля і людзі”, дзякуючы якому мы аб’ехалі ўсе дзесяць сельсаветаў раёна, стала бакштаўская зямля з яе людзьмі – працавітымі, аптымістычнымі, кемлівымі, бязмерна ганарлівымі тым, што менавіта іх аднавяскоўцы, іх продкі не скарыліся ворагу падчас Вялікай Айчыннай вайны, мужна і самааддана абаранялі сваю малую радзіму ад фашысцкіх акупантаў. Бакштаўская зямля, напэўна, як ніводная іншая мясціна ў раёне, так не пацярпела ад варожай напасці, столькі не страціла мужных і самаадданых сваіх сыноў.

Край з гераічным мінулым
НАПЯРЭДАДНІ 80-годдзя Вялікай Перамогі немагчыма не ўспомніць імя і прозвішча першага дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, нашай зямлячкі, жыхаркі в. Белы Бераг Марыі Мікалаеўны Чэрнік, якая разам са сваім старэйшым сынам Мікалаем за актыўную дзейнасць у перадваенны час, дэпутатскую работу пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй была жорстка расстраляна фашысцкімі акупантамі.
Немагчыма і не сказаць аб трагедыі вёсак Юраўскія і Кавалёвы, якія так і не адрадзіліся пасля карнай аперацыі нацыстаў. У бягучым годзе намаганнямі раённай улады на месцы трагедыі ўстаноўлены памятныя знакі.
У межах Бакштаўскага сельсавета фашысцкімі нелюдзямі былі знішчаны 50 яўрэяў, якія хаваліся ў балотах Налібоцкай пушчы. Гэты акт генацыду над мірнымі жыхарамі ўчынілі вайскоўцы 118-га карнага паліцэйскага батальёна, які быў задзейнічаны ў знішчэнні Хатыні.

Заслугоўвае ўвагі дзейнасць спецатрада «Слаўны», брыгады асаблівага прызначэння «Няўлоўныя», які быў накіраваны з тылу на акупаваную тэрыторыю. Ён быў сфармірваны ў Маскве з лепшых спартсменаў таго часу. Камандзірам атрада прызначылі капітана (былога маёра) Анатоля Шастакова. У ліку іншых байцоў у атрадзе знаходзіліся такія праслаўленыя ў той час майстры спорту, як штангіст Мікалай Шатаў, бегуны-стаеры Рыгор Ермалаеў, Майсей Іванковіч, вясляр Аляксандр Далгушын, дыскаболы Леанід Мітрапольскі і Алі Ісаеў, веласіпедыст Віктар Зайпальд, гімнаст Сяргей Каржуеў, акрабаты Міхаіл Сямёнаў і Фёдар Бухман, плывец Конрат Мадэй. На рахунку «Слаўнага» — больш за 20 разгромленых варожых гарнізонаў, дзясяткі здзейсненых дыверсій на чыгунках і шашэйных дарогах, сотні забітых нямецкіх салдат і афіцэраў, знішчаная баявая тэхніка ворага. І што немалаважна, атрымлівалі і перадавалі разведвальную інфармацыю. Аб байцах атрада і камандзіры казалі, што яны наводзяць жах на немцаў. Фашысты лічылі, што гэта дзейнічае цэлая дывізія. Акупанты абяцалі за дастаўленага ўладам жывога партызана 40 араў зямельных угоддзяў, за дастаўленага забітага партызана — 25, а за ўказанне месца, дзе размешчаны партызаны, — 15 араў зямлі. За забойства партызанскага камандзіра належыла ўзнагарода ў 7 тысяч марак, а за дастаўку яго жывым акрамя гэтых грошай быў абяцаны маёнтак і Жалезны крыж. Персанальна Шастакова акупанты «ацанілі» у 40 тысяч марак, не лічачы зямлі і лясных угоддзяў.
1 красавіка 1944 года атрад «Слаўны» быў накіраваны да новага месца дыслакацыі — у Налібоцкую пушчу. Неўзабаве штаб атрада размясціўся ў вёсцы Ягадзень Бакштаўскага сельсавета. Пасля трагічнай гібелі Анатоля Шастакова камандаваў «Слаўным» яго намеснік — малодшы лейтэнант Конрат Мадэй. Пад яго кіраўніцтвам атрад працягваў граміць варожыя гарнізоны яшчэ цягам месяца. Пры гэтым было ўзята ў палон каля 400 салдат і афіцэраў, якіх затым перадалі часцям Чырвонай арміі.
У 2023 годзе ў в. Ягадзень з’явіўся помнік спецатраду “Слаўны”, а годам пазней, на хутары Сябрынь, – інтэрактыўны партызанскі лагер, які дазваляе кожнаму турысту адчуць, якім коштам кавалася Вялікая Перамога.
З людзьмі і дзеля людзей
СТАРШЫНЯ Бакштаўскага сельсавета дэпутатаў Аляксандр Буляк узначальвае мясцовую ўладу больш трынаццаці гадоў. Калісьці ўраджэнец Карэліччыны быў размеркаваны на працу на Бакштаўскі лесапункт ОАО “Мастоўдрэў”. Працаваў спачатку майстрам, затым узначальваў прадпрыемства. Мае вялікі вопыт працы з людзьмі. За амаль 44 гады жыцця на бакштаўскай зямлі прырос да яе моцнымі каранямі. Тут нарадзіліся і выраслі дзеці Аляксандра Уладзіміравіча. Тут яго сапраўдная радзіма.

Аляксандра Буляка лічаць сваім недарэмна. Ён з той кагорты кіраўнікоў, да якіх не патрэбна падбіраць слоў, каб звярнуцца, а можна проста падыйсці і па-свойску распавесці пра сваю праблему. Просты ў гутарцы, добры і спагадлівы ў справе. Зрэшты, у размове пра жыццё-быццё у кіраўніка мясцовай улады то там, то сям мільгатне сум аб савецкіх Бакштах, калі ў вёсцы жыхароў было ўдвая, а можа і ў трая больш, чым цяпер, калі населены пункт быў цэнтральнай калгаснай сядзібай. Калі крамаў было столькі, што ехаць нават за мэбляй не патрэбна было ў горад. Аднак урбанізацыя ў большасці сваёй зрабіла, напэўна, самы важкі ўнёсак у тое, што вёска змяльчала. Аднак яе здатнае месцаразмяшчэнне не дазволіла пусцець дамам, марнець без гаспадароў. Гараджане займелі тут дачы, іншыя – добраўпарадкавалі бацькоўскія сядзібы. Як у той вядомай песні: “сюды вяртаюсь я зноў і зноў, тут адчуваю, як сэрца б’ецца”.
Увогуле Бакштаўскі сельсавет – гэта 44 населеных пункты: 22 вёскі і 22 хутары, у якіх пражывае 1012 чалавек. Самы неабходны пералік аб’ектаў сацкульт-быту тут маецца. Гэта амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, паштовае аддзяленне, школа. Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць 3 крамы – 2 прыватныя, 1 – Лідскага філіяла аблспажыўтаварыства, а таксама аўталаўкі. На тэрыторыі працуюць два лясніцтвы Іўеўскага лясгаса, лесанарыхтоўчы ўчастак ОАО “Мастоўдрэў”, дзве фермерскія гаспадаркі.

Тут актыўна развіваецца аграэкатурызм. І гэта не дзіўна – месцы тут жывапісныя, прыгожыя, адно толькі ўзбярэжжа ракі Заходная Бярэзіна што значыць. Таму едуць сюды сталічныя жыхары, каб адпачнуць пасля шумнага горада і наталіцца водарам дзівоснай прыроды. А ёсць і тыя, хто аднойчы пакінуў свае гарадскія выгоды. У выніку больш 10 гадоў таму ў Бакштаўскім сельсавеце з’явіўся конны двор «У Мястоўскіх». Гэта быў закінуты хутар Сматра за Даўнарамі. А цяпер маладыя гаспадары Таццяна і Андрэй зай-маюцца конегадоўляй.
У в. Ягадзень размяшчаецца цэлы комплекс для адпачынку – дамы “Клевер”.
Тут можна не толькі папарыцца ў лазні, прагрэцца ў купелі, а яшчэ і пракаціцца на квадрацык-лах па наваколлях. Тутэйшыя месцы дзіўнай выявай пазбеглі разбуральнай дзейнасці чалавека, так што гэтую тэрыторыю адрознівае прырода ў яе першародным выглядзе.
Між іншым, пазнаёміўшыся з агульнай карцінай бакштаўскага рэгіёну, пераходзім да людзей, якія тут жывуць і працуюць.

Што ты на свеце не адзін…
СВЯТЛАНА Мядэйка, інспектар па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Іўеўскага раёна, належыць да той часткі людзей, пра якіх кажуць: “Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся”. Невялічкая вёска Барысаўка, якая мяжуе з Бакштамі, яе малая і вялікая радзіма. Усё жыццё ёй прысвечана, усе думкі, усе надзеі. Паколькі Святлана Уладзіміраўна стараста населенага пункта, клопат пра сваю вёску заўсёды падвоены.

– Зараз Год добраўпарадкавання, – разважае жанчына. – Прыемна, што многія людзі прыслухаліся да звароту кіраўніка нашай дзяржавы, да мясцовых уладаў і наводзяць парадак на зямлі. Добра, што ў вёсцы адсутнічаюць пустуючыя і разбураныя дамы. Усё, што калісьці пуставала, цяпер уласнасць дачнікаў.
Святалана Мядэйка па роду сваёй дзейнасці ведае кожнага жыхара сельсавета. Калісьці сваю працоўную біяграфію пачынала сацыяльным работнікам. Абслугоўвала пажылых нямоглых людзей 19 гадоў. А затым стала інспектарам і пачала кантраляваць работу сваіх падначаленых. Сцвярджае, што калі сам асабіста пройдзеш усе ступенькі, то лягчэй ідзе справа на больш высокай пасадзе.
Сёння зона адказнасці інспектара Мядэйка – 145 пажылых людзей, якія пражываюць на тэрыторыі Бакштаўскага, Лелюкінскага і Эйгердаўскага сельсаветаў. Іх абслугоўваюць 17 сацработнікаў. У Беларусі спрадвеку прынята ставіцца да пажылых людзей з асаблівай павагай і клопатам. Дзяржава клапоціцца аб тым, каб зрабіць залаты ўзрост больш камфортным.
Ніхто не застаецца адзін на адзін са сваімі хваробамі і праблемамі, расказвае Святлана Уладзіміраўна. Сацыяльнае абслугоўванне на даму з’яўляецца адной з важных і запатрабаваных форм сацыяльнай абароны пажылых людзей, якая дае ім магчымасць, як мага даўжэй заставацца паўнацэннымі членамі грамадства, пражываць у хатніх умовах, карыстаючыся неабходнымі сацыяльнымі паслугамі.
— Адзінокаму пажылому чалавеку вельмі важна разумець, што ён на свеце не адзін, што ёсць побач людзі, якія дапамогуць, на якіх можна разлічваць, – гаворыць жанчына. Сацыяльны работнік — аддушына, сябар і памочнік для адзінокіх пенсіянераў, якім вельмі не хапае чалавечых зносін і ўвагі.

Пакупнік заўсёды мае рацыю
Другая цудоўная жанчына сустракала нас у краме “Родны кут”. Алена Галавенка працуе ў сістэме гандлю больш 30 гадоў. Яе бацькі, ураджэнцы Гомельшчыны, прыехалі ў Бакшты ў 1986 годзе пасля вядомых падзей – аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Якраз сёння з таго часу спаўняецца 39 гадоў.

Выбраць месцам жыхарства менавіта гэты населены пункт бацьку падказаў знаёмы. Тады Алене было толькі дзесяць гадоў. Мама знайшла сабе працу ў мясцовай краме, бацька працаваў у калгасе. Пасля заканчэння школы яна выбрала прафесію бухгалтара. Хутка вышла замуж. Будучы муж прыязджаў у Бакшты да сваёй сястры, так і пазнаёміліся.
Алена Васільеўна сваю справу любіць. Спакойная, разважлівая, ветлівая. Да кожанага пакупніка знойдзе падыход, растлумачыць усе тонкасці, параіць. Сцвярджае, што працаваць з людзьмі – задача нялёгкая, але цікавая. Вялікі вопыт работы дазваляе бачыць людзей, што называецца, наскрозь.

– Асабліва людна ў нашых мясцінах у летнія часы, – расказвае жанчына.– Акрамя сваіх, мясцовых людзей, вельмі шмат гараджан, дачнікаў. Мясціны ж у нас амаль курортныя. Толькі паспяваем таварам напаўняць паліцы.
Сапраўды, тавара ў краме вялікі асартымент. Набыць можна ўсё, што душа жадае ад малака і да экзатычных фруктаў.
Вельмі пільны кантроль работнікі крамы ажыццяўляюць у адносінах да тэрміну годнасці прадуктаў, сочаць, каб навокал была адмысловая чысціня і парадак. І патрэбна сказаць – гэта атрымоўваецца на ўсе сто працэнтаў. Бо з таго часу, як быў зроблены рамонт, прайшло больш пяці гадоў, а такое ўражанне, што вось толькі нядаўна пэндзаль кранаўся паверхні сцяны ці столі.

Захоўваць аптымізм у любой сітуацыі
Амаль сорак гадоў на адной пасадзе, на адным месцы працуе Зоя Венцэвіч. Яна – бухгалтар Бакштаўскага лясніцтва. Жыве ў в. Пацавічы, якая знаходзіцца ў пары кіламетраў ад месца працы. У свой час яна змяніла на сваёй пасадзе Веру Герасімаўну Казерскую, якая таксама ўсё сваё жыццё працавала ў лясніцтве. Жанчына сабралася ісці на пенсію, аднак замены ёй не знаходзілся. Даведаліся, што ў суседняй вёсцы маладая жанчына – дыпламаваны бухгалтар – знаходзіцца ў дыкрэтным водпуску. Маці адпусціла дачку на працу і згадзілся дапамагаць гадаваць сына. І атрымоўваецца, што за гады існавання лясніцтва тут было толькі два бухгалтары.

Працаваць жанчына пачынала на драўляных лічыльніках (яшчэ іх называлі костачкі). Пазней з’явіліся калькулятары, а затым камп’ютары і спецыяльныя бухгалтарскія праграмы. Зоя Бернардаўна іх, вядома, асвоіла. Жартуе, што не было другога выйсця. А на самой справе яе мэтанакіраванасць, адказнасць, а дзесьці і ўпартасць дазваляюць пераадольваць любыя цяжкасці, не траціць аптымізму. А іх на долю жанчыны прыйшлося нямала: і страта сына, і бацькоў…
У свой час Зоя Бернардаўна неаднаразова была перможцам і прызёрам спаборніцтваў па лыжных гонках. Дастойна адстойвала гонар Іўеўскага лясгаса. Жанчына з вялікай любоўю захоўвае гісторыю Бакштаўскага лясніцтва. Цяпер яго ўзначальвае Аляксей Ракоўскі, памочнікам працуе Наталля Дземчанка. Увогуле, тут працуе 22 чалавекі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).






