Іван Карэнда, паэт, Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна:

— У абедзвюх нашых краінах свята адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе быў падпісаны Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, а праз год, 5 сакавіка, – Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 8 снежня 1999 года беларуска-расійскія інтэграцыйныя сувязі замацаваны Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Гісторыя брацкай повязі народаў Беларусі і Расіі налічвае не адно стагоддзе. Яе векапомнай старонкай стала наша агульная гераічная перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, 80-годдзе якой мы ўрачыста адзначым 9 мая. Сучасныя беларуска-расійскія інтэграцыйныя працэсы – гэта працяг агульнага гістарычнага лёсу, традыцый братэрства і дружбы нашых народаў.
Мне пашчасціла быць удзельнікам і арганізатарам шматлікіх інтэграцыйных мерапрыемстваў на самым пачатку саюзнага будаўніцтва.
Уліку першых прадстаўнікоў Беларусі летам 1996 года мяне накіравалі ў Маскву для працы ў толькі што створаным рабочым інтэграцыйным органе. У апараце так званага саюзнага ўрада мне было даручана, з улікам вопыту папярэдняй працы ў дзяржаўных органах Рэспублікі Беларусь, узначаліць структурнае падраздзяленне, якое займалася сацыяльна-культурнай палітыкай, а таксама распрацоўкай і рэалізацыяй саюзнай праграмы па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Праца пачыналася, як кажуць, з чыстага аркуша. І ўжо на першым этапе інтэграцыі былі прыняты важныя рашэнні, накіраваныя на забеспячэнне роўных правоў беларусаў і расіян на працаўладкаванне і аплату працы, аказанне медыцынскай дапамогі, атрыманне адукацыі. Гэтыя рашэнні былі напоўнены канкрэтнымі, узаемавыгаднымі справамі, сярод якіх, напрыклад, будаўніцтва завода медпрэпаратаў у Скідзелі і Гомельскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера, стварэнне ў Мінску філіяла Расійскага сацыяльнага ўніверсітэта, рэстаўрацыя аб’ектаў Брэсцкай крэпасці-героя.
Мною было ініцыявана заснаванне Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, якая дзейнічае і сёння. Уладальнікаў гэтай ганаровай прэміі вызначаюць раз у два гады. Лаўрэтамі прэміі Саюзнай дзяржавы сталі вядомыя майстры слова і дзеячы мастацтва Беларусі і Расіі (з беларускага боку – пісьменнікі Іван Шамякін, Аляксей Дудараў, мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў і Георгій Паплаўскі, скульптар Іван Міско, спявак Анатоль Ярмоленка, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, артысты сцэны і кіно Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Гасцюхін, стваральнікі музея ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” Віктар Скробат, Андрэй Пяткевіч, Аляксандр Храмой і іншыя).
У 2018 годзе заснавана яшчэ адна Прэмія Саюзнай дзяржавы – у галіне навукі і тэхнікі, за выдатныя вынікі сумесных навуковых даследаванняў і распрацоўку новай тэхнікі і прагрэсіўных тэхналогій.
Беларусь і Расія праводзяць узгодненую палітыку на міжнароднай арэне, сумеснымі намаганнямі забяспечваюць абароназдольнасць Саюзнай дзяржавы. Пашыраецца дыялог культур, больш цеснымі сталі стасункі на спартыўных пляцоўках, у іншых сферах. Ідзе працэс гарманізацыі заканадаўства. З 1 сакавіка адменены роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй.
Галоўным напрамкам саюзнага ўзаемадзеяння была і застаецца эканоміка, якая найперш уплывае на дабрабыт, якасць жыцця людзей. У апошнія гады рэалізавана 28 саюзных праграм, дзякуючы якім адбылося аб’яднанне патэнцыялу дзвюх краін для вырашэння найбольш складаных задач сучаснага развіцця. Сёння на першы план інтэграцыі выйшлі праблемы інавацыйнага прарыву, тэхналагічнага суверэнітэту, пошуку найбольш эфектыўных шляхоў і механізмаў дынамічнага руху наперад. Рэгулярна праходзяць Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія сталі важнай дыялогавай пляцоўкай для ўмацавання і пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Інтэграцыя Беларусі і Расіі паспяхова працягваецца. На гэтым шляху будзе яшчэ нямала цяжкасцей і перашкод, але яе станоўчыя вынікі на карысць народаў абедзвюх краін з кожным годам будуць усё больш відавочнымі і пераканаўчымі. Гарантыяй плёну інтэграцыйнага ўзаемадзеяння з’яўляецца непарушная дружба нашых народаў, імкненне беларусаў і расіян будаваць сваё жыццё на моцным падмурку шматвяковага братэрства, разам ісці ў будучыню дарогай міру і сумеснай стваральнай працы.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






