
Лелюкінскі регіён мае багатую гісторыю. У цяперашні час праз населеныя пункты сельсавета пралягае турыстычны маршрут “Дарогамі дзвюх войн”, распрацаваны мясцовым настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, краязнаўцам Андрэем Ваўчком.
Здзейсніўшы экскурсію па маршруце Лелюкі – Мікалаева – Барава – Чэрневічы – Вялікая Чапунь – Козевічы – Песевічы, можно даведацца аб падзеях Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн, якія разгарнуліся на тэрыторыі Іўеўшчыны.

Мясціны з гераічным мінулым
Баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Іўеўскага раёна пачаліся ў канцы верасня 1915 года і былі звязаны з наступленнем нямецкіх войск, праследаваўшых рускія войскі. Нямымі сведкамі тых трагічных падзей на тэрыторыі Лелюкінскага сельсавета сталі воінскія пахаванні. І цяпер стаяць крыжы і памятнікі на мясцовых могілках і ў лесе, як напамін пра крывавыя падзеі пачатку мінулага стагоддзя на нашай зямлі…
Адно з буйных пахаванняў нямецкіх салдат знаходзіцца ў в. Козевічы. Звесткі аб прозвішчах і імёнах адсутнічаюць. Па словах мясцовых жыхароў, раней да помніка з задняга боку быў прыслонены вялікі дубовы крыж. Такім чынам, магчыма зрабіць выснову, што помнік быў усталяваны ў больш позні перыяд, а спачатку замест яго знаходзіўся гэты самы крыж.
Вялікая гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне адкрываецца пры наведванні такіх трагічных мясцін, як в. Чэрневічы, дзе фашысцкія акупанты жорстка расправіліся з двумя сем’ямі — Кіслых і Семяняшы, якія не паспелі разам з астатнімі жыхарамі вёскі схавацца ў лесе.
Расправа была кароткай. Карнікі зачынілі людзей ў дамах, а затым аблілі збудаванні бензінам і падпалілі. Толькі вечарам, калі нацысты паехалі, мясцовыя жыхары вярнуліся ў вёску. Жудаснае відовішча паўстала перад іх вачыма: ад двух вясковых хатаў засталіся толькі чорныя сцены і раскіданыя галавешкі на папялішчы… Побач з гэтым месцам жыхары вёскі паставілі высокі крыж і помнік.
Успомніць пра гэта, будучы ў Лелюкінскім сельсавеце напярэдадні 80-годдя Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, немагчыма, як і пра партызана Антона Вярцінскага, які пахаваны на могілках у в. Козевічы. Ураджэнец Мінскай вобласці ваяваў у складзе партызанскага атрада “Сібірак”. 10 мая 1944 года, знаходзячыся на заданні, быў схоплены немцамі і па-зверску замучаны. У 1967 г. на магіле быў устаноўлены помнік.

Як і пра помнік воінам-землякам у в. Мікалаева, загінуўшым ад рук фашысцкіх акупантаў пры разгроме нямецкага гарнізона ў в. Лугамавічы. Помнік размешчаны на тэрыторыі царквы Святога Покрыва. Страты немцаў склалі 247 чалавек забітымі і 174 параненымі, былі знішчаны 3 склады з маёмасцю і харчаваннем, разбураны абарончыя збудаванні ворага, партызаны захапілі 2 склады з боепрыпасамі, зброяй і харчаваннем.

У 1969 годзе ў в. Мікалаева праходзілі здымкі аднаго з эпізодаў кінастужкі “Сыновья уходят в бой”. Тэкст некалькіх песень да фільма напісаў Уладзімір Высоцкі, які разам са сваёй жонкай Марынай Владзі прыязджаў у Мікалаева падчас здымкаў кінастужкі.
Вядома, расповяд аб гераічным мінулым Лелюкінскага регіёна можна працягваць і надалей. Аднак, спадзяюся, наш цікаўны чытач працягне гэта самастойна. Таму што мэтай матэрыялу з’яўляецца ў большасці сваёй знаёмства з сучаснасцю сельсавета, з яго знакамітымі і нераўнадушнымі да лёсу сваёй малой радзімы людзьмі.
Гутарку са старшынёй Лелюкінскага сельвыканкама Станіславам Алешчыкам якраз і распачалі пра тых, хто шчыруе на карысць роднага краю, хто стварае яго гісторыю сёння.

Усяму прычынай іскрыстая саломка
Немагчыма, гаворачы пра Лелюкі, не сказаць пра Веру Чурэйна. Гэта творчая асоба неаднаразова была гераіняй публікацый у раёнцы. Журналісты, кожны па-свойму, прыгожа і цёпла расказвалі пра поспехі жанчыны ў саломапляценні, пра яе вялікую дзейнасць па папулярызацыі народнай творчасці, пра яе творчую і тонкую натуру. Народны майстар Беларусі Вера Чурэйна сёння для мяне адкрылася зусім з іншага боку. У гутарцы пра яе захапленне саломкай, якое стала пуцяводнай зоркай ва ўсім жыцці, мы крануліся асабістых тэмаў, фактаў з жыцця, з далёкага дзяцінства. Пагаварылі пра тое, за што наша гераіня ўсім сваім сэрцам любіць і паважае нашага Прэзідэнта, якому ў 2018 годзе, падчас Дажынак падаравала саламяны капялюш.

– Калі даведалася, што мне даручана такая адказная справа – сплесці саламяны капялюш самому Аляксандру Лукашэнка, — вельмі хвалявалася, – расказвае майстар. – Увогуле, раблю капялюш прыкладна за 24 гадзіны. А тут нічога не атрымліваецца. Дзень спрабавала, другі. Аніяк. Тады пайшла да бацюшкі і папрасіла ў яго благаслаўлення. І ведаеце, справа пайшла як па маслу! Капялюш атрымаўся прыгожы, якасны. Вельмі хвалююча было. Такую сустрэчу з Аляксандрам Рыгоравічам ніколі не забуду.
Вера Паўлаўна, не хаваючы эмоцый, распавядае, за што паважае нашага кіраўніка дзяржавы.
— Па-першае, за тое, што дзеці-сіроты маюць вялікую падтрымку ад дзяржавы. Гэта і льготы пры набыцці прафесіі, і матэрыяльныя выплаты, і забеспячэнне жыллём. А яшчэ за тое, што абавязаў маці-зязюль выплочваць аліменты на сваіх дзяцей, – разважае жанчына.
Між іншым, усё сказанае вышэй мае непасрэднае дачыненне да нашай гераіні. У дзясяцігадовым узросце яна застался без бацькоў, выхоўвалася ў дзіцячым доме. Ураджэнка Магілёўшчыны выпадкова трапіла ў Іўеўскі раён. Пасля заканчэння ў 1976 годзе Мінскага палітэхнічнага тэхнікума ёй заставаўся месяц да выхаду на працу. Дзявацца было няма куды. За душой ні капейкі. Добра, што сяброўка, якая была родам з Лелюкоў, прапанавала паехаць да яе ў госці. Так яна аказалася на Іўеўшчыне, якая стала для жанчыны сапраўднай малой радзімай. Тут выйшла замуж, стварыла сям’ю, знайшла справу ўсяго свайго жыцця.

— Сёння рэдкія людзі могуць сказаць, што ідуць на працу з задавальненнем. А у мяне гэтак, – прызнаецца жанчына. – Люблю сваю справу ўсёй душой. Менавіта дзякуючы ёй, я даведалася, што такое шчасце. Я ўдзячна лёсу, што калісьці у далёкім 1993 годзе я паехала ў Гродна на курсы па саломапляценні. Тады нават і не марыла, што ў мяне штосьці атрымаецца. Прыехала домоў, нарыхтавала 5 снапоў саломы і пачала плесці. Цяпер, каб вы разумелі, нарыхтоўваю 100 такіх снапоў.
Майстар па саломапляценні Вера Чурэйна спецыялізуецца (калі гэта слова прымянімае для творчасці) на вырабе капелюшоў – мужчынскіх, жаночых, дзіцячых, картузоў і ўсяго, што звязана з галаўнымі ўборамі. Нездарма выставы майстра мелі назву “Уся справа ў капелюшы”.
Капелюшы ад лелюкінскага майстра разляцеліся па ўсім белым свеце. І гэта без перабольшвання. Напэўна, прасцей пералічыць тыя краіны ў Еўропе і Бліжнім Усходзе, у якіх саламяных вырабаў нашай зямлячкі няма.

… У невялічкім пакоі Веры Чурэйна сонечна і светла не толькі ад шматлікіх саламяных вырабаў, якімі штодзённа запаўняе свабодныя на паліцах месцы народны майстар, а найперш ад святла яе душы. Душы шчырай, простай, чалавечнай. Душы ўдзячнай за ўсё тое, што ёй выпала перажыць, адчуць, убачыць.
А ўсяму прычынай іскрыстая саломка…
“Са сваіх Вільчашоў я нікуды”
Увогуле, у Лелюкінскім сельсавеце, які налічвае 28 населеных пунктаў, пражывае крыху менш тысячы чалавек. Старшыня мясцовага сельвыканкама Станіслаў Алешчык зазначае, што з кожным годам колькасць сельскага насельніцтва скарачаецца.
Напрыклад, у такіх вёсках, як Юрковічы, Паддуны наогул не жыве ніхто, у в. Круплі пражывае адзін чалавек, у в. Чэрневічы – 2. Добра, расказвае кіраўнік мясцовай улады, што ў такія населеныя пункты як Мікалаева і Барава другое жыццё ўдыхнулі дачнікі, якія ў сезон спяшаюцца з пыльных і душных гарадоў на экалагічна чыстае ўлонне прыроды.
У тым, што вёскі пусцеюць, урбанізацыя іграе самую непасрэдную ролю. Моладзь імкнецца ў вялікія гарады, дзе больш развіта інфраструктура. Аднак ёсць такія людзі, якія сваю вёску не прамяняюць ні на якія гарадскія выгоды.
Да іх ліку належыць жыхарка в. Вільчашы Валянціна Горбач, якая нарадзілася і ўсё сваё жыццё тут пражыла. Актыўная жыццёвая пазіцыя і нераўнадушша да праблем вяскоўцаў сталі прычынай таго, што яе абралі старастай вёскі. Жанчына ўсёй душой “хварэе” за свае родныя мясціны.

– Са сваіх Вільчашоў я нікуды, – гаворыць суразмоўца. – Хаця ў мужа ёсць дом у райцэнтры, аднак ехаць з роднай хаты нікуды не хачу. Моцна прырасла да гэтых мясцін.
Ад цэнтральнай сядзібы – аг. Лелюкі – да в. Вільчашы крыху менш чым 2 км. Стараста вёскі ўвесь час клапоціцца, каб дарога была ў належным стане. Звярталася з прапановай заасфальтаваць участак дарогі да страшыні райвыканкама. З гонарам паведамляе, што ў наступным годзе дарогу паабяцалі адрамантаваць.
Любая просьба вяскоўцаў, большая частка з якіх людзі сталага ўзросту, не застаецца без увагі клапатлівага старасты. Камусьці патрэбна купіць лекі ў аптэцы, каму штосьці ў краме набыць.
Зрэшты, расказвае Валянціна Генадзеўна, цяпер з гандлёвым абслугоўваннем у яе аднавяскоўцаў праблем няма. Два разы на тыдзень вёску наведвае аўталаўка, яшчэ адзін – прыватная крама на калёсах.
Цяпер разам са старшынёй сельвыканкама абмяркоўваюць пытанні добраўпарадкавання вёскі.
— Усе мы ведаем, што бягучы год кіраўнік нашай краіны аб’явіў Годам добраўпарадкавання. З прыходам вясны людзі ўжо пачалі наводзіць парадак у сваіх дварах. Будзем размаўляць, тлумачыць, што трэба клапаціцца і пра грамадскія тэрыторыі ўсім разам, – гаворыць жанчына.
Валянціна Горбач трынаццаць гадоў працуе тэхработнікам ў мясцовай школе. Да гэтага вялікі прамежак часу працавала ў культуры. Увесь час была на відавоку, заслужыла аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Цяпер гэты самы аўтарытэт працуе на яе.

Тры сыночкі і лапачка дачка
Святлана і Мікалай Шыбайла – шматдзетныя бацькі, якія гадуюць чацвёра дзяцей. Яны – актыўныя ўдзельнікі грамадскіх спраў сельсавета і раёна ўвогуле.

Двойчы ўдзельнічалі ў раённым этапе “Уладар сяла”. Прадстаўлялі Іўеўшчыну на аналагічным абласным мерапрыемстве. Заўсёды з вялікім задавальненнем удзельнічаюць ў свяце “Іўеўскі памідор”, дзе спаборнічаюць у конкурсе “Лепшая памідорная сям’я”.
Абое працуюць у СУП “Лаздуны-Агра”. Святлана – брыгадзірам у вытворчай брыгадзе ў раслінаводстве, Мікалай – вадзіцелем. Двое іх дзяцей: дзесяцігадовы Арцём і шасцігадовы Дзіма наведваюць школу, малодшыя — чатырохгадовы Максім і трохгадовая Надзея – дзіцячы сад.
Святлана разважае, што заўсёды хацела вялікую сям’ю. Яе марай было мець хаця б адну дзяўчынку. Калі трэцім нарадзіўся хлопчык, вырашыла на гэтым паставіць кропку. Аднак праз тры месяцы даведалася, што цяжарная. Тады мільганула думка, што цяпер абавязкова павінна быць дзяўчынка. Так і здарылася. Бацькі невыпадкова назвалі дачку Надзеяй. Бо гэту самую надзею вельмі доўга выношвалі ў сабе.

Дзесяць гадоў назад адбылося знаёмства мужа і жонкі. Ураджэнец Гомельшчыны Мікалай Шыбайла будаваў аўтадарогу М-6 і разам з брыгадай кватараваўся ў Лелюках. Жанчына жартуе: “Будаваў дарогу і пабудаваў сям’ю”. Праз пяць гадоў маладой сям’і гаспадарка выдзеліла добраўпарадкаванае жыллё. Сядзець, склаўшы рукі, руплівыя гаспадары не прывыклі. Трымаюць хатнюю птушку, вырошчваюць агародніну. Да працы прывучаюць дзяцей.

Не горш, чым ў горадзе
Старшыня Лелюкінскага сельвыканкама Станіслаў Алешчык, распавядаючы пра сацыяльную сферу рэгіёна, заўважае, што жыхары забяспечаны базавымі патрэбнасцямі. На азначанай тэрыторыі функцыянуюць два ФАПы. На Лежневіцкім у мінулым годзе быў зроблены рамонт. Лелюкінскі ФАП размяшчаецца ў будынку мясцовай школы.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва таксама ажыццяўляецца на годным узроўні. Маланаселеныя пункты наведвае аўталаўка Лідскага філіяла аблспажыўтаварыства. У буйных – ёсць стацыянарныя гандлёвыя кропкі. Найбольш эфектыўна працуе крама “Родны кут” у аграгарадку. З яе работнікамі мы пазнаёміліся бліжэй.
Больш пятнаццаці гадоў у сферы гандлю працуе загадчыца крамы Святлана Календа. Больш пяці гадоў узначальвае калектыў гандлёвага аб’екта. Разам з ёй працуюць Ірына Іваноўская, Марына Кучынская і Валянціна Грыкень.

Пра сваіх падначаленых кіраўнік адклікаецца толькі станоўча. Гаворыць, што ўсе прадаўцы зацікаўлены ў выніках сваёй працы, таму стараюцца забяспечыць самы поўны асартымент тавараў.
Асаблівай папулярнасцю карыстаецца крама ў летні перыяд, калі аграгарадок і блізляжачыя вёскі напаўняюцца гараджанамі.
— У першыя дні тыдня актыўна запаўняем таварамі краму і склад, праз дзён некалькі зноў прыходзіцца гэта рабіць, – расказвае загадчыца. – Мінчанам вельмі падабаюцца прадукты гродзенскіх вытворцаў: Лідскага малочна-кансервавага камбіната, “Малочнага міра” і іншых. Мы рады, калі ля касы ўтвараецца чарга. Значыць, нездарма стараемся.
Святлана Чаславаўна зазначае, што для работы ў сістэме гандлю патрэбны такія якасці як цярпенне, ветлівасць і адказнасць. Без іх наяўнасці працаваць з людзьмі немагчыма. Выраз “Пакупнік заўсёды мае рацыю” нельга спісваць з уліку. Таму і сама, і сваіх падначаленых заўсёды арыентуе на добразычлівасць у адносінах да людзей.
Сапраўды, у лелюкінскай краме можна набыць ўсё. Тут вялікі асартымент калбасных і мясных вырабаў, малочных прадуктаў, бакалеі. Ёсць свежая агародніна і садавіна. Вочы разбягаюцца… Не кожны гарадскі аб’ект гандлю пахваліцца такім асартыментам тавараў.
– Працуем дзеля людзей, – гаворыць загадчыца крамы. – Хочацца, каб вясковыя жыхары мелі магчымасць набыць усё, што пажадаецца. Калі людзі задаволены, то задаволены і мы самі. У гэтым і заключаецца сэнс нашай працы.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына БУТУРЛЯ.
Станіслаў ЗЯНКЕВІЧ (фота).






