Беларуская зямля. Спакутаваная, стомленая войнамі, гордая і няскораная. Боль яе гучыць званамі Хатыні. У кожным раёне былі знішчаныя вёскі. Гэта асаблівасць нашай краіны. Нідзе больш немцы так масава не спальвалі людзей. Былі выпадкі ў Польшчы, у Літве, у Расіі, ва Украіне. Але так шмат — толькі ў Беларусі.

На «Могільніку вёсак” у мемарыяльным комплексе “Хатынь” увекавечана памяць 186 населеных пунктаў, якія назаўсёды зніклі з карты Беларусі ў жудасныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх вёскі Юраўскія і Кавалёвы Іўеўскага раёна. На галінах “Сімвалічных дрэў жыцця” назвы 433 вёсак, спаленых нацыстамі разам з жыхарамі, будынкі якіх змаглі паўстаць з попелу толькі ў пасляваенны час. На апошняй галінцы – вёска Ятаўтавічы.
Званы Хатыні нагадваюць нам пра трагедыю 619 сельскіх населеных пунктаў. На сённяшні дзень, паводле афіцыйных звестак, цалкам ці часткова нацысты знішчылі 9258, з іх 5295 з усім насельніцтвам ці часткай.
У 1966-1969 гадах мясцовымі органамі ўлады па заданню Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі быў праведзены ўлік населеных пунктаў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тады па Іўеўскім раёне ў спіс трапіла толькі 4 вёскі:

вёска Кавалёвы (спалена цалкам (4 дамы), расстраляны 8 жыхароў з 22);
вёска Юраўскія (спалены ўсе 7 двароў, расстраляна 19 жыхароў з 25);
вёска Ятаўтавічы (спалена цалкам (34 дамы), спалена 96 жыхароў са 186);
вёска Верашчакі (спалена 12 дамоў з 14, звестак аб забітых няма).
Чаму толькі чатыры? Невядома. Яшчэ ў 1945 годзе Маладзечанская абласная камісія па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас сваёй працы выявіла, што на тэрыторыі Іўеўскага раёна за 3 гады акупацыі 17 населеных пунктаў было разбурана і спалена цалкам, 6 на 40-60%, 11 на 20 — 40%. На тэрыторыі Юрацішкаўскага раёна – 25 населеных пунктаў было знішчана на 100%, 26 – на 80-100%, 9 – на 60-80%, 4 – на 40-60%, 7 – 20-40%, 11 – 10-20%.

З 1985 па 2005 гг. паводле пастановы ўрада БССР рэалізоўваўся праект па выданню серыі кніг “Памяць”. Для падрыхтоўкі рукапісаў былі створаны раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Цэнтральнае месца ў выданні прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Кніга “Памяць. Іўеўскі раён” выдадзена ў 2002 годзе. На адной са старонак змешчаны спіс вёсак, спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі. Да раней названых дабаўлены толькі дзве – Бакшты і Матыкаўшчына.
І толькі ў электроннай базе дадзеных «Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», створанай да 70-годдзя Хатынскай трагедыі, колькасць вёсак-пакутніц на тэрыторыі сучаснага Іўеўскага раёна павялічылася да 43.
Значная частка вёсак знішчана падчас карнай аперацыі “Герман”, якая праводзілася фашыстамі з 1 ліпеня па 4 жніўня 1943 года на тэрыторыі былых Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудскага і Юрацішкаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці. Было спалена 150 вёсак, забіта 4 280 чалавек, схоплена 20 944 жыхароў для вывазу ў Нямеччыну, цалкам рэквізавана хатняя жывёла. У час гэтай аперацыі былі спалены вёскі Белы Бераг, Бакшты, засценак Завоі, Каменная Слабада, Кавалёвы (другая назва Петрусь-гара), Юраўскія, Сябрынь 1, Сябрынь 2, Расолішкі, Навусць. Забіта каля 100 чалавек. 300 чалавек толькі з Бакштаў было вывезена ў рабства.
Але асабліва лютавалі немцы ў 1944 годзе перад самым вызваленнем Іўеўскага раёна, адчуваючы свой блізкі канец. Знішчана было 28 вёсак. Так, 31 мая 1944 года нямецка-фашысцкія гарнізоны Юрацішак, Іўя, Лаздун і полк СС з в. Косці пры падтрымцы 4 танкаў, бронемашын, 9 самалётаў спалілі 15 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі ў в.Забелаўцы, 17 дамоў у в. Зубавічы, тут расстралялі Стэфанію Мікутэль і Ямілію Ясіноўскую, 16 хат у в. Гудзяняты, 52 дамы ў в. Дзевергі, 7 хат у в.Янцэвічы, 5 — у в. Новомягавічы. А праз 8 дзён гэтыя ж гарнізоны спалілі 60 дамоў у в. Даўнары, забралі з сабой 17 жанчын і дзяцей; 10 дамоў у в. Шчучы Бор, забілі мясцовую 20-гадовую дзяўчыну Марыю Лапуць, знішчылі 6 дамоў у в. Чарнэлі, 20 дамоў у в. Гуцішкі 1 і 2, 21 дом у в. Жыдзевічы, 6 у в. Баруцішкі, 3 у в.Асігіры. 5 мая 1944 года 5 нямецка-фашысцкіх самалётаў з Ліды бамбілі в. Круплі, было спалена 17 дамоў.
5 чэрвеня 1944 года пасля бою з партызанамі атрада “Бальшавік” немцы ў складзе гарнізонаў з Лаздун, Іўя, Дудаў, Пятровічаў колькасцю 800 чалавек, на 90% спалілі вёску Новая Бярэзіна, на 60% в. Чэрневічы.
Гэта было пекла на зямлі. Тое, што перажылі жыхары гэтых вёсак, сёння немагчыма нават уявіць. І тыя, каму пашчасціла выжыць у вогненных вёсках, усё жыццё узгадвалі перажытае са слязамі на вачах…
Усё далей і далей адыходзяць ў мінулае тыя страшныя падзеі. Зацягнуліся раны на беларускай зямлі. На месцы не адрадзіўшыхся вёсак растуць магутныя дрэвы. Але па-ранейшаму звіняць званы Хатыні. Толькі звон іх з кожным годам становіцца больш гучным. Ён прымушае нас памятаць пра мінулае, ведаць імёны не толькі герояў, але і ахвяр мінулай вайны.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Марына Пазняк.






